Ключавыя паказчыкі выкананы

Па выніках работы за першае паўгоддзе індэкс фізічнага аб’ёму прамысловай вытворчасці перавысіў узровень мінулага года і склаў 113,5 працэнта пры прагнозе 100,1. Па гэтым паказчыку сярод рэгіёнаў вобласці Лунінеччына знаходзіцца ў ліку лідараў і займае другі радок услед за Кобрынскім раёнам. Аб выкананні ключавых паказчыкаў эфектыўнасці работы расказвае начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Андрэй ГУЛЕК:

– Прамысловымі прадпрыемствамі раёна за 6 месяцаў выраблена прадукцыі з улікам даваль-ніцкай сыравіны на суму 131 мільён 320 тысяч рублёў (тут і далей – у новых грашовых адзінках – рэд.), што складае 129,8 працэнта ў дзеючых цэнах да мінулагодняга ўзроўню. Аб’ём прамысловай прадукцыі горназдабываючай галіны павялічыўся да 117,5 працэнта, перапрацоўшчыкі спыніліся на адзнацы ў 106,6 працэнтаў. Калі па выніках паўгоддзя зніжэнне адзначалася на ААТ “Лунінецлес” і “Палессеэлектрамаш”, то ў ліпені машынабудаўнікі спрацавалі са станоўчай дынамікай і выйшлі на 101,2 працэнта.

Выручка ад рэалізацыі прадукцыі вырасла на 18,1 працэнта і склала 139 мільёнаў 200 тысяч рублёў, пры гэтым прыбытак павялічыўся ў 2 разы, што ў грашовым эквіваленце – 20 мільёнаў 20 тысяч. Рэнтабельнасць продажу павялічылася на 6,2 і склала 14,4 працэнта. Калі летась прадпрыемствы прамысловасці атрымалі 220 тысяч чыстага прыбытку, то сёлета – 6 мільёнаў 210 тысяч рублёў. Разам з тым, застаюцца ў раёне арганізацыі, якія працуюць стратна. Гэта ААТ “Палессеэлектрамаш”, “Лунінецлес” і КВУП “Лунінецкі РМЗ”.

– Даволі складана ўявіць сучасную эканоміку без інвестыцый. Менавіта яны ў немалой ступені забяспечваюць эканамічны рост і фінансавы дабрабыт. Якая работа ў гэтым напрамку вядзецца ў нашым раёне?

– Інвестыцыі з’яўляюцца неабходнай умовай стабільнага функ-цыянавання і развіцця суб’ектаў гаспадарання, галін эканомікі, асобных рэгіёнаў, і наш не з’яўляецца выключэннем. Толькі ў першым квартале прыцягнута 368,7 тысяч долараў ЗША прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове пры заданні 300 тысяч. Паказчык забяспечаны дзейнасцю прадпрыемстваў малога бізнесу з прыватным капіталам – ЗААТ “БелАрганіка”, ПУП “Спартыўны клуб “Юна”, СААТ “ДарПінЛес” і іншыя. Зараз ГУП “Санта Рытэйл” рэалізуе два інвестыцыйныя праекты па будаўніцтву гандлёвых аб’ектаў, на што праду-гледжана выдзеліць 2 мільёны 300 тысяч рублёў. На ААТ “Спецжалезабетон” з запланаваных на інвестыцыйныя мэты 1 мільён 200 тысяч рублёў асвоена 900 тысяч. Сродкі зрасходаваны на ўстаноўку абсталявання для ўпакоўкі гатовых вырабаў на тэхналагічнай лініі SV-40 па вытворчасці элементаў добраўпарадкавання. У гэтым квартале яно павінна выйсці на праектную магутнасць. На ААТ “Лунінецкі малочны завод” сёлета плануюць прыступіць да мадэрнізацыі лініі па вытворчасці масла. РУВП “Граніт” працягвае будаўніцтва Сітніцкага горнаабагачальнага камбіната і мадэрнізацыю дзеючай вытворчасці. На гэтыя мэты прадугледжана накіраваць больш як 10 мільёнаў рублёў.

– Сёлета прадукцыя мясцовых вытворцаў экспарціравалася ў 15 краін свету. Гэта больш, чым летась. Што мы пастаўляем за мяжу?

– За першае паўгоддзе экспарт склаў без малога 32,6 мільёна долараў ЗША або 147,9 працэнта да ўзроўню мінулага года, імпарт – 5,8 мільёна. Склалася станоўчае сальда знешнеэканаміч-нага гандлю ў памеры 26,8 мільёна долараў ЗША. Большая частка тавараў накіроўваецца ў Расійскую Федэрацыю. Аднак і з краінамі Еўрасаюза працягваецца супрацоўніцтва. У Бельгію, Нідэрланды, Данію экспарціравалі па-ліўную драўніну, Францыю – колатыя дровы, Літву – шчэбень, Арменію – пліты, плёнку з пластмасы, Венгрыю – бульбу, Малдову – агародніну, Украіну – сухое абястлушчанае малако, агародніну, электрарухавікі і генератары. Але гэта не поўны спіс краін і тавараў. Акрамя прамыслоўцаў экспартныя пастаўкі ажыццяўляюць 16 фермерскіх гаспадарак. Аднак сёлета назіраецца зніжэнне аб’ёмаў, што, у першую чаргу, звязана са зніжэннем сярэдняй цаны на бульбу, моркву і капусту.

Экспарт паслуг па раёне склаў 3,4 мільёна долараў пры тэмпах росту 179,3 працэнта.

Add Comment