Павысіць прафесійныя навыкі

Людмила Германович
Людміла Германовіч

На базе дзяржаўнага прадпрыемства «Гарадоцкі” прайшоў раённы конкурс тэхнікаў-асемянатараў. Удзел у ім прынялі амаль 50 спецыялістаў з 15-ці сельгаспрадпрыемстваў Лунінеччыны.

Сваіх прадстаўнікоў не накіравала толькі дзяржаўнае прадпрыемства “Дзятлавіцкі”. А шкада. Журы ў складзе прадстаўнікоў племстанцыі, райсельгасхарчу і ветслужбы раёна  ацэньвала не толькі ўменне спецыялістаў працаваць з мікраскопам і іх тэарэтычныя веды, але адначасова  падказвала, як дзейнічаць у той ці іншай сітуацыі.

Па хваляванню канкурсантаў было бачна, што яны вельмі сур’ёзна аднесліся да выпрабаванняў. А вытрымаўшы іх, збіраліся групамі, абмяркоўвалі  прафесійныя праблемы. Нягледзячы на тое, што ўсе яны працуюць у сельгаспрадпрыемствах Лунінеччыны,  умовы работы і аплата працы ў кожным з іх адрозніваліся. Нехта па-добраму зайздросціў калегам, нехта ціхенька задумваўся: маўляў, а чаму ў нас не так высока цэніцца праца, якая з’яўляецца асновай для развіцця жывёлагадоўлі?

Гэта ў сваім выступленні  падкрэсліў і дырэктар “Гарадоцкага” Аляксандр Епішка, які вітаў гасцей пасля конкурсных выпрабаванняў. Аляксандр Мікалаевіч адзначыў, што галоўны напрамак дзейнасці – жывёлагадоўля.  “Маючы службу моцных тэхнікаў-асемянатараў, будуць цяляты, а значыць – малако, выручка і зарплата. Тое, што конкурс праходзіць на базе прадпрыемства, заслуга нашых спецыялістаў, якія ўмеюць працаваць эфектыўна. Упэўнены, спаборніцтва дапаможа кожнаму  зразумець, дзе вашы промахі і як знайсці найбольш правільны шлях да станоўчых вынікаў”.

Перш, чым назваць пераможцаў, дырэктар племстанцыі Вольга Збанчук звярнула ўвагу на санітарны стан пунктаў па асемяненню, заўважыўшы пры гэтым, што толькі адзінкі з іх маюць дагледжаны выгляд. Ёсць прэтэнзіі і да рабочых журналаў. Нядрэнна ён вядзецца ў СВК “Вулькаўскі світанак”, дзе працуе  тэхнік-селекцыянер Таццяна Бахмат.

Ацэньваючы ўзровень ведаў канкурсантаў, галоўны ўрач раёна Кацярына Максімовіч заўважыла, што лепш спраўляліся з заданнямі тыя спецыялісты, што паказваюць добрыя вынікі. Яна прапанавала перагледзець графікі работы, сачыць за своечасовым запускам кароў, прафілактыкай і апрацоўкамі. Без увагі асемянатараў не павінны заставацца і ўмовы, у якіх расцельваюцца каровы і цялушкі. Прыкладам старанных адносін  з’яўляецца работа  Людмілы Германовіч з “Гарадоцкага”, якая сёлета за 6 месяцаў ад 100 кароў  атрымала 63 цяляці. Гэта лепшы вынік у раёне. А прыкладам добраўпарадкавання – МТФ № 5 гэтай жа гаспадаркі, якая сёлета была ўдастоена другога месца ў абласным аглядзе-конкурсе.

Самае прыемнае – ушанаванне лепшых. Ганаровую грамату за першае месца прымала Людміла Германовіч, за другое месца – Галіна Гаргун з “Вулькаўскага світанка”, трэцяе – Канстанцін Яроцкі з “Хваецкага”. Асобных прэмій былі ўдастоены маладыя спецыялісты – Павел Шабалаў з “Багданаўкі”, Людмі-ла Ярмоліч і Галіна Горбат з “Сінкевіцкага”, Таццяна Бахмат з “Вулькаўскага світанка”, спецыялісты звяна па ўзнаўленню статка Алена Лушчык, Дзмітрый Аляшкевіч, Андрэй Шапель. Не засталіся без прэмій і тэхнікі-асемянатары, якія паказалі высокія вынікі работы ў мінулым годзе – Уладзімір Каўтуненка з “Лобчанскага” і Сяргей Рафаловіч з Палескай станцыі. Спецыяльных прэмій ад райкама прафсаюза работнікаў АПК былі ўдастоены тэхнікі-асемянатары, якія адпрацавалі ў гэтай сферы больш як 20 год, – Ніна Якубовіч з дзяржаўнага прадпрыемства “Велута”, Аляксандр Зышчык з “Дварэцкага”, Святлана Марза з “Чучавіч” і Наталля Раковіч з “Міжлескага”. Усе ўдзельнікі конкурсу атрымалі заахвочвальныя прэміі, прадугледжаныя дырэкцыяй племстанцыі.

Add Comment

Войти с помощью: