Перамогі складваюцца з залатых зярнятак

вульковский рассвет 03

Сонца пераваліла далёка за поўдзень, а на адным з палёў     СВК “Вулькаўскі  світанак” яшчэ гарачэй: ідзе галоўная пара года – хлебная!

Штогод раённая арганізацыя ГА “Белая Русь” сумесна з аўтаклубам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама выязджаюць у сельгасарганізацыі для ўшанавання лепшых работнікаў.

Падзячнымі лістамі і падарункамі за дасягненне высокіх вынікаў у ходзе ўборкі ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур узнагароджаны камбайнеры Аляксей Захарчук і Анатоль Яраховіч.

Упершыню апынулася на такім неабсяжным прасторы каласовага поля. Раз, два, тры… колькі камбайнаў тут? На гадзінніку – час абеду, але механізатары, мабыць, нават не думаюць пра ежу. “Вось бы пракаціцца”, – падумала я. Пакуль міжлескія самадзейнікі рыхтаваліся да святочнай праграммы, няспынна назірала за веліччу камбайнаў. Гляджу на залатое “мора” – і сэрца перапаўняе пачуццё гонару: за нашу зямлю, за працавітыя рукі вяскоўцаў… Ды вось, дарэчы, і самі віноўнікі ўрачыстасці! На сваіх шумных, гарачых машынах яны прыгожай калонай рухаюцца насустрач. Тэхніка павольна прытарможвае,  ёсць некалькі хвілін пагаварыць з механізатарамі.

– З якім настроем прыступілі да ўборачнай? – пытаюся ў старшага камбайнера Аляксея Захарчука.

– З выдатным! Спадзяемся, што надвор’е дазволіць прыбраць вырашчаны ўраджай і больш не будзе такіх навальніц. А мы, у сваю чаргу, зробім усё, што ад нас залежыць, каб мінімізаваць страты.

– Зараз моладзь стараецца з’ехаць у горад, а вы вось засталіся працаваць у сельгаскааператыве, прычым, выбралі адну з самых нялёгкіх прафесій – хлебароб. Не шкадуеце?

– А навошта шукаць іншае месца, калі тут я нарадзіўся і вырас? Тут мае карані, ёсць на каго раўняцца. Ды і людзі цэняць нашу працу.

– Даўно кіруеце гэтым “волатам”?

– Дзявяты сезон збіраю ўраджай. У 2002 годзе закончыў сельгаскаледж па спецыяльнасці трактарыст-машыніст, слесар-рамонтнік. У 2007-ым ўладкаваўся ў «Вулькаўскі світанак». Спачатку працаваў на трактары, потым прапанавалі перайсці на збожжаўборачны  камбайн. Згадзіўся. У дзяцінстве з захапленнем назіраў за гэтымі волатамі ў полі, ды і чаго хаваць, матэрыяльны бок таксама ўнёс сваю “лепту”.

– А колькі ўжо сабралі? Ці ёсць свае рэкорды?

– Пакуль што каля 400 тон, а лепшы мой вынік – каля 1200. Ёсць да чаго імкнуцца.

– Не цяжка? Сонцапёк, пыл, ненармаваны графік.

– Мне падабаецца: свежае паветра, прырода – рамантыка. Камбайнам кіраваць зручна, у кабіне – кандыцыянер, герметычна зачыненыя вокны і дзверы. Пыл не пранікае. Адно задавальненне! А калі сур’ёзна, то ўборка збожжавых  – гэта адначасова цяжкая праца і вялікая радасць.

– Ёсць шмат прыкладаў, калі жаночыя каханне, дабрыня і адданасць здольны стаць надзейнай падмогай моцнаму полу. Асабліва гэта важна для хлебаробаў, якія з раніцы да позняга вечара працуюць у полі. А вас хто чакае дома?

– Жонка Галіна і двое дзяцей. Праўда, бачымся летам рэдка. Часта вяртаюся дадому бліжэй да поўначы. Вядома, хацелася б больш праводзіць часу з роднымі. Але яны ў мяне малайчынкі, разумеюць, што падчас “бітвы за ўраджай” многае залежыць ад камбайнераў і не па чутках ведаюць сапраўдную цану хлеба. А я адчуваю, што ўся сям’я забяспечвае мне надзейны «тыл».

– А што робіце зімой?

– Працую грузчыкам на “Амкадоры” ці ў сховішчы, рамантую тэхніку. Ёсць чым заняцца заўсёды.
Размову спыняе канцэрт. Падымаць баявы дух дапамагае вакальны калектыў «Вясёлкі» Міжлескага СДК. Забаўляльныя песні і жарты выклікалі ўсмешкі на тварах нават, з выгляду, самых суровых камбайнераў. Хтосьці з мужчын прамовіў: “Дамы запрашаюць кавалераў!”. Пра сябе падумала: прыемна, што не страчваюць гумар. Я вось, напрыклад, зараз бы прысела і плакала ад спёкі.

І вось ён – прыемны, урачысты момант:

– Кожны з вас – прафесіянал з вялікай літары. Бачна, што вы і любіце, і ведаеце сваю працу. Хочацца выказаць вам словы шчырай падзякі не толькі ад сябе асабіста, але і ад імя ўсіх жыхароў нашага раёна. Спадзяемся, што і далей будзеце радаваць новымі поспехамі і намалотамі, – звярнулася да працаўнікоў старшыня раённай арганізацыі ГА «Белая Русь» Людміла Казадаева.

Кіраўнік СВК “Вулькаўскі світанак” Уладзімір Соц выказаў цёплыя словы, падзякаваў за працу, самааддачу ўсіх занятых на жніве людзей, яшчэ раз падкрэсліўшы, якая гэта важная і высакародная справа.

Як толькі закончыліся віншаванні, Аляксей Захарчук і Анатоль Яраховіч са словамі: “Не той хлеб, што ў полі, а той, што ў свірнах”, паспяшаліся заняць свае працоўныя месцы.

Зноў загулі маторы, і велізарныя машыны, прабіваючыся скрозь суцэльную сцяну збожжа, пачалі свой шлях, нібы паказваючы ўсім сваім выглядам, хто ў полі гаспадар.

вульковский рассвет 02 вульковский рассвет 01

Add Comment

Войти с помощью: