Праменьчык святла

Павел Бирило

Многія з нас скардзяцца, што на вуліцах ці ў транспарце даводзіцца бачыць людзей з сумнымі тварамі. Заклапочанымі, незадаволенымі, нават злоснымі. І робяць выснову, што такімі яны становяцца з-за цяжкай працы, высокіх цэн на тавары, агульнай грубасці і нявыхаванасці. Але як жа мы будзем іншымі, калі ніхто з тых скаржнікаў не пачынае першым паказваць станоўчы прыклад паводзін, а чакае, што ўсё зробіць нехта ці яно вырашыцца само сабой.

Згодна, жыццё не заўсёды забяспечанае і радаснае. Але ў любой сітуацыі важна заставацца аптымістам. У гэтым дапамог упэўніцца лунінчанін Павел БІРЫЛА, знаёмства з якім стала павучальным. Юнак сустрэў з такой шчырай усмешкай на твары, што на імгненне засумнявалася, ці трапіла ў патрэбную кватэру.
Але бакавінкі інваліднай каляскі, у якой сядзеў хлопец, цяжка пераблытаць са звычайным крэслам. Ён прапанаваў сесці, пазіраў прама і адкрыта. Размова атрымалася лёгкай, хаця тэмы закраналіся вельмі балючыя. За кожным словам – кароткія эпізоды жыцця, напоўненага горыччу ад праблем са здароўем, якога яму так не хапае ў 24 гады…

У Наталлі і Сямёна Бірылаў з Дрэбска нарадзіўся здаровы хлопчык. Пасля Чарнобыльскай катастрофы бацькі пабойваліся за магчымыя наступствы ад радыяцыі, але глыбока ў душы спадзяваліся, што дрэннае іх не закране. Спачатку так і было. Ды калі малому споўнілася 6 год, пачаліся праблемы – урачы выявілі пухліну коснага мозгу. Зрабілі аперацыю, якая выратавала жыццё, але прывяла да новых нечаканасцей – дзіця перастала адчуваць ногі. Ні лячэнне, ні рэабілітацыя не палепшылі стан. Хірургі і неўролагі вынеслі горкі вердыкт, што лячэнне пачалося позна…

Той рашаючы тыдзень – адзін з 1250 падобных, пражытых юнаком, – перайначыў існаванне і светапогляды ўсёй сям’і. Дарослыя на самым пачатку выбралі правільную пазіцыю і дапамаглі сыну пераадолець маральны аспект свайго асаблівага стану, замацавалі асэнсаванне таго, што ён – не безнадзейны інвалід. Павел – адукаваны, выхаваны, добры. Проста мае некаторыя абмежаванні, якія замінаюць рухам, але не перашкаджаюць думаць, размаўляць, рабіць штосьці сваімі рукамі. Родныя з ім раяцца па надзённых пытаннях, равеснікі давяраюць сакрэты і шукаюць парады.

Школьную праграму асвойваў на даму, але меў многа сяброў. Яны і бацькі ўспрымалі Паўла роўным сабе, часта накіроўваліся ў невялікія падарожжы па наваколлю, наведвалі дыскатэкі. Дружба захавалася і цяпер, калі ўсе сталі дарослымі. Многія хлопцы адслужылі ў арміі, ствараюць сем’і. Нядаўна павіншавалі са шлюбам дзяўчыну з іх кампаніі. Стасункі становяцца хоць і радзейшымі, але больш цікавымі і разнастайнымі.

Павел імкнецца не адставаць ад прагрэсу. Шмат часу бавіць у інтэрнэце, шукаючы карысную для сябе інфармацыю. Нядаўна вырашыў атрымаць пасведчанне вадзіцеля аўтамабіля з ручным кіраваннем. Па тэорыі займаецца ў звычайнай групе, ваджэнню будзе вучыцца ў спецыялізаванай аўташколе ў іншым горадзе. Здзівіў сваім жаданнем і майстроў, і медкамісію, бо ў Лунінцы такіх аўтааматараў не рыхтавалі даўно.

На заняткі ездзіць аўтобусам з Залесся, дзе апошнія тры гады пражывае ў новай кватэры. Сацыяльнае жыллё выдзеліла дзяржава. Першы паверх і зручны пад’езд даюць магчымасць бываць на вуліцы, не заседжвацца ў чатырох сценах. Бытавыя справы дапамагае вырашаць мама, якая засталася ў вёсцы, але штодзённа наведваецца да сына. Яна ж суправаджае па горадзе, бо часам узнікаюць цяжкасці ўзняцца на прыступкі ці адчыніць дзверы. Дзякуючы такім паездкам, юнак упэўніўся, што ў нас многа добрых людзей. Зусім незнаёмыя, моцна спяшаюцца па сваіх справах, але, заўважыўшы яго перад нейкай перашкодай, хуценька аказваюць дапамогу.

У Паўла шмат любімых кінафільмаў, лепшым з якіх лічыць стужку “Дастукацца да нябёсаў”. З кніжак захапляецца раманамі з цікавым сюжэтам. А ў песнях – сапраўдны меламан. Але якімі б разнастайнымі не былі штодзённыя захапленні, станоўчымі – адносіны да жыцця, цудоўным – настрой, здалося, што ва ўтульнай кватэры нечага не хапае. Правакацыйнае пытанне юнак адразу паправіў: “Нечага” ці “некага”?
– Калі вы пра сям’ю, то яшчэ ранавата. Навука не стаіць на месцы. Магчыма, прагрэс у медыцыне ўзнімецца да новых вяршынь, дапаможа пераадолець маю хваробу.

Надзея праменьчыкам бліснула ў вачах Паўла. І толькі зараз адчулася, што горыч  схавана за вялікай мужнасцю. Праз імгненне юнак зноў быў вясёлым, расказваў пра цікавае. І хацелася паверыць, што праблема са здароўем – часовая і ніяк не паўплывае на далейшы лёс. Развітваючыся, Павел за-прасіў заходзіць яшчэ. Паабяцала і пажадала, каб у наступны раз у пакоі было цёпла не толькі ад юначай, але і дзявочай усмешкі.

Заставалася пад уражаннямі ад сустрэчы з мужным юнаком, як у аўтобусе стала сведкай размовы паміж маладымі жанчынамі. Іх праблемы з дрэнна арганізаваным адпачынкам на замежным курорце, няякаснымі запчасткамі да дорагакаштуючага сынавага аўтамабіля і малахуткасным інтэрнэтам на рабоце здаліся настолькі дробязнымі, што захацелася паўшчуваць іх, быццам непаслухмяных школьніц. Шкада, але кожны бачыць толькі сваю няўладкаванасць, і не задумваецца, што побач некаму горш, цяжэй, але ён трымаецца і даражыць кожным светлым імгненнем.

Add Comment

Войти с помощью: