Прынцыповая размова

Прынцыповая размова адбылася на жнівеньскім пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, якое правёў яго старшыня Аляксандр Пачко.

Набліжэнне знакавай даты – 1 верасня – стала перадумовай уключэння ў парадак дня пасяджэння аналізу работы аддзела адукацыі, спорту і турызму па падрыхтоўцы падведамасных устаноў да новага навучальнага года. Па словах в.а. начальніка аддзела Наталлі Цяльпук, на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы школ і дзіцячых садоў у мясцовым бюджэце было прадугледжана 130 тысяч рублёў.  Яшчэ прыкладна столькі ж паступіла з пазабюджэтных крыніц. Зроблена вялікая работа, каб дзетвара адчувала сябе не толькі ўтульна і камфортна, але і мела ўсё неабходнае для плённага засваення ведаў па шматлікіх прадметах.
Аднак увага ў ходзе пасяджэння, перш за ўсё, звярталася на тое, што па аб’ектыўных ці суб’ектыўных прычынах не было выканана. Так, у Вулькаўскай 1 і Лахвенскай школах, а таксама ў гарадской гімназіі на мінулым тыдні яшчэ працягваліся рамонтныя работы. Да пачатку навучальнага года яны, вядома ж, будуць завершаны, але дырэктарам давялося трымаць справаздачу аб прычынах прамаруджвання.
На жаль, дэмаграфічная сітуацыя на Лунінеччыне пакідае жадаць лепшага, таму ў некаторых вясковых навучальных установах колькасць дзетвары год ад года змяншаецца. Перыядычна школы, дзе застаецца менш як 50 вучняў, закрываюцца. На Лунінеччыне сёлета, на шчасце, такіх непапулярных рашэнняў прымаць не давялося, але ў перспектыве ў разрад прэтэндуючых на закрыццё трапілі Дубаўская СШ і Азярніцкая БШ. Звяртаючы ўвагу на гэтую праблему, Аляксандр Пачко запатрабаваў загадзя прадумаць варыянты разумнага выкарыстання вызваляемых будынкаў. Адначасова прапанаваў вярнуцца да лёсу памяшканняў раней закрытых школ, якія пакуль не знайшлі сваіх гаспадароў.

У ходзе абмеркавання старшыня райсавета Віктар Рафаловіч пацікавіўся гатоўнасцю харчблокаў і забяспечанасцю навучальных устаноў кадрамі. Як запэўніла Наталля Цяльпук, падстаў для трывогі тут няма. Па графіку ідуць і выплаты дзяржаўных дапамог мнагадзетным сем’ям да новага навучальнага года. Адказваючы на адпаведнае пытанне намесніка старшыні райвыканкама Анатоля Захаркевіча, Наталля Аляксандраўна сказала, што да 26 жніўня гэтая работа будзе поўнасцю завершана. А вось праблема з устаноўкай сучасных асвятляльнікаў на пешаходных пераходах паблізу навучальных устаноў, пра што нагадаў намеснік старшыні райвыканкама Руслан Хоміч, пакуль у стадыі вырашэння. Абсталяваць іх мяркуецца за кошт пазабюджэтных сродкаў устаноў адукацыі. Улічваючы тое, што зараз усе грошы пайшлі на рамонтныя работы, зрабіць больш зручнымі і бяспечнымі для дзетвары пераходы  мяркуецца да 1 кастрычніка гэтага года.

У прынятым рашэнні адзначаны станоўчы вопыт лунінецкіх СШ №№ 2 і  4, ясляў-сада №11, Сінкевіцкай і Вялікачучавіцкай школ, а таксама Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі ў справе прыцягнення спонсарскіх сродкаў для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы названых устаноў. Адначасова дырэктарам Дубаўскай, Бастынскай, Вялуцкай СШ і Любачынскага ясляў-сада ўказана на хібы ў падрыхтоўцы да новага навучальнага года, Дварэцкай яслі-сад-сярэдняй школы і Бродніцкай базавай – на нізкую напаўняльнасць класаў.

Не менш зацікаўленым было і абмеркаванне праблемы замацавання маладых спецыялістаў у сельскагаспадарчай галіне раёна. Штогод на Лунінеччыну прыязджаюць выпускнікі ВНУ і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў сельскагаспадарчага профілю. Зараз такіх 92 чалавекі. Маючы дыпломы аграномаў, інжынераў, заатэхнікаў, ветурачоў, яны ўладкоўваюцца ў гаспадаркі, дзе, у сваю чаргу, на іх ускладваюць вялікія спадзяванні. Аднак спраўдзіцца надзеям нярэдка проста не суджана. Адпрацаваўшы належныя два гады, большасць маладых спецыялістаў накіроўваюцца шукаць іншае месца работы. Застаюцца на Лунінеччыне толькі прыкладна 35 працэнтаў ад першапачатковай колькасці. У асноўным – выхадцы з нашага раёна, якія свядома вырашылі звязаць свой лёс з малой радзімай.

Гэтая акалічнасць дала падставу старшыні райвыканкама зрабіць вывад аб адсутнасці сістэмы ў прафарыентацыйнай рабоце. Як высветлілася, кіраўнікі гаспадарак – нячастыя госці ў школах, а вучні выпускных класаў практычна не бываюць з экскурсіямі на мехдварах і фермах, хаця паказаць там, насамрэч, ёсць што. Нямногія з гаспадарнікаў рызыкуюць вучыць патрэбных спецыялістаў за свой кошт, а дзяржаўныя прадпрыемствы “Азярніца”, “Дзятлавічы”, “Новае Палессе”, Палеская станцыя, філіял “Лобчанскае” ААТ “Лунінецкі малочны завод” за апошнія гады ўвогуле па мэтавых накіраваннях не падрыхтавалі ніводнага спецыяліста.

Адсутнічае ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і банк дадзеных на выхадцаў з раёна, якія вучацца ў ВНУ і ССНУ аграрнага профілю. “Трэба працаваць з кадрамі выверана, па так званай “кропкавай” схеме, – упэўнены Аляксандр Пачко. – Ніхто з іншых раёнаў да нас на працу не паедзе, таму ветурачоў, заатэхнікаў, аграномаў трэба “гадаваць” самім. А для гэтага варта бываць у школах не толькі па святах, а намнога часцей. Заваяваць давер педкалектываў і вучняў шэфскай дапамогай, каб дырэктары таксама імкнуліся падтрымаць гаспадаркі прафарыентацыйнай работай і ў будучым – адданымі справе маладымі дыпламаванымі аграрыямі”.

На заканчэнне ўдзельнікі пасяджэння абмеркавалі вынікі планавых праверак аб’ектаў аграпрама, пра якія расказаў галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Віталь Дзегцяроў. Пад увагу трапілі мехдвары гаспадарак. Адносны парадак панаваў толькі на трох – у дзяржаўным прадпрыемстве “Гарадоцкі”, а таксама СВК  “Лунінскі” і “Вулькаўскі світанак”. На астатніх выяўлены шматлікія парушэнні: ад дзіравых дахаў і выбітых вокнаў – да адсутнасці вентыляцыі і належных санітарна-бытавых умоў. Вынікам праверак сталі прадпісанні, якія належыць выканаць у дастаткова сціслы тэрмін – да 15 верасня 2016 года.
У бліжэйшы час правяраючыя пабываюць на фермах гаспадарак.

Add Comment