Вучыць дзяцей — і праца, і адказнасць

Августовское 001

Пленарная жнівеньская нарада педагагічных работнікаў раёна сёлета была прысвечана ўдаскана-
ленню механізмаў кіравання якасцю адукацыі. На гэты раз месцам яе правядзення была выбрана Дзятлавіцкая СШ. Пачалося мерапрыемства з экскурсіі па школе. Старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко разам са сваім намеснікам Анатолем Захаркевічам, в.а. начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Наталляй Цяльпук і дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянцінай Верас (на верхнім здымку) пабывалі ў кабінетах і класах, адзначыўшы добрую падрыхтоўку ўстановы да новага навучальнага года. Яе дырэктар Аляксандр Баўкуновіч расказаў, што асноўныя работы выкананы гаспадарчым спосабам за кошт сродкаў фундатараў і бацькоў. Больш таго, удалося абнавіць начынне некаторых кабінетаў. Так, за кошт спонсарскіх сродкаў набыты мультымедыйная ўстаноўка і некаторыя іншыя патрэбныя рэчы для самых маленькіх вучняў школы.

Сама пленарная нарада прайшла ў памяшканні сельскага Дома культуры, да якога вяла маляўнічая “алея” з кветкавых кампазіцый, пры стварэнні якой вяршыні фантазіі, таленту і майстэрства  прадэманстравалі педагогі школ раёна. Адкрыла нараду в.а. начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Наталля Цяльпук. Дастаткова разнастайнымі і змястоўнымі былі выступленні педагогаў. Загадчыца ясляў-сада №11 г. Лунінца Тамара Майсак падзялілася вопытам укаранення здароўезберагаючых тэхналогій. Дырэктар Лунінецкай гімназіі Аляксандр Грушэўскі пастараўся пераканаць прысутных, што менавіта адзінства і калегіяльнасць дапамагаюць паспяхова кіраваць сучаснай установай адукацыі. Багатым на прыклады з уласнага педагагічнага вопыту было выступленне дырэктара Кажан-Гарадоцкай СШ Сяргея Бірылы, які раскрыў ролю дапрофільнага і профільнага навучання ў прафесіянальным самавызначэнні старшакласнікаў.

У тым, што менавіта прафесіянальнае майстэрства настаўніка адыгрывае ключавую ролю ў выхаванні канкурэнтаздольнай асобы, упэўнена настаўніца СШ №2 г. Лунінца Алена Канапацкая. А вось намеснік дырэктара Мікашэвіцкай гімназіі імя У.І. Нядзведскага  Святлана Макарэвіч падзялілася сакрэтамі работы з бацькамі. Дырэктар дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы па плаванню “Дэльфін” Аксана Кулакевіч цвёрда верыць, што толькі здаровы лад жыцця дапамагае дасягаць у жыцці самых значных вяршынь.
Нягледзячы на знешні святочны антураж, нарада, тым не менш, мела яскрава адлюстраваны дзелавы напрамак. Старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко разам з віншаваннямі, канстатацыяй таго, што педагогам раёна ёсць чым ганарыцца і абяцаннем пастаяннай і дзейснай падтрымкі, асновай якой з’яўляецца эфектыўная работа народнагаспадарчага комплексу раёна, выказаў нямала крытычных заўваг. Запатрабаваўшы ад педагогаў “даць якасныя веды кожнаму дзіцяці, а не толькі выбраным”, Аляксандр Мікалаевіч звярнуў увагу на нізкія веды нашых вучняў па гісторыі Беларусі, англійскай мове і біялогіі: сярэднія балы па гэтых прадметах прыкметна ніжэйшыя за абласныя. Як вынік – сярэднераённы паказчык паступлення ў ВНУ на 9 пунктаў саступае сярэднеабласному: 47 супраць 56. А яшчэ гаварыў кіраўнік раёна пра плённае ўзаемадзеянне школы і сям’і, неабходнасць трымаць пад пільным кантролем дзетвару, схільную да асацыяльных паводзін і, у сувязі з гэтым, – узрастаючую ролю ў выхаванні падлеткаў класных кіраўнікоў.

Пра тое, што раённыя ўлады не пакідаюць без увагі праблемы адукацыі і цесна звязаныя з імі праблемы сям’і, сведчыць многае. І, перш за ўсё, правядзенне шматлікіх акцый, якія дапамагаюць школе стаць гарантам сацыяльнай справядлівасці. У дадатак да праводзімай грамадскімі аб’яднаннямі акцыі “Збяры дзіця ў школу” раённым бюджэтам выдаткавана каля 65 тысяч дэнамінаваных рублёў, якія пайшлі на падрыхтоўку да новага навучальнага года хлопчыкаў і дзяўчынак з мнагадзетных сем’яў.

Адзначыў Аляксандр Пачко і значнасць прафесіянальнай арыентацыі моладзі, у чым таксама немалаважную ролю павінна адыгрываць школа. А жарт пра тое, што маладому пакаленню абавязкова трэба ведаць, “кім нарадзіцца, з кім ажаніцца і ў каго вучыцца”, выклікала шчырыя ўсмешкі ў настаўнікаў, для якіх 1 верасня ў новай ролі педагогаў абяцае стаць самым значным у жыцці.

Сёлета сфера адукацыі нашага раёна прыняла 17 маладых спецыялістаў. Па традыцыі ім была прысвечана асобная старонка мерапрыемства з абавязковымі віншаваннямі, цёплым наказам на дарогу з вуснаў патэнцыяльных вучняў, кветкамі і падарункамі. Не забыліся і пра тых, хто стараннай працай здабыў сабе аўтарытэт як сярод калег, так і сярод выхаванцаў. Шматлікім прадстаўнікам школ былі ўручаны Ганаровыя граматы райвыканкама і райсавета, аддзела адукацыі, спорту і турызму, а таксама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

З віншаваннямі да настаўніцтва звярнуліся дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянціна Верас і галоўны рэдактар “Лунінецкіх навін” Таццяна Вайцяхоўская.
Заключнай часткай мерапрыемства стаў справаздачны канцэрт, падрыхтаваны вучнямі і настаўнікамі Дзятлавіцкай СШ.

Августовское 002 Августовское 003 Августовское 004 Августовское 005 Августовское 006 Августовское 007

Add Comment