Доктар з Палесся

grigorij-xarkevich

Ці проста быць урачом? Тым больш – хірургам. Валодаць не толькі самымі дасканалымі ведамі ў анатоміі, але і ўмець прадбачыць будучы вынік, выключыць усялякую рызыку негатыўных наступстваў. Трымаць скальпель настолькі ўпэўнена, каб не закрануць ім здаровыя органы і тканкі чалавечага цела.

Такія пытанні хацелася задаць былому жыхару Сасноўкі, а цяперашняму мінчаніну Рыгору Харкевічу, які часта наведваецца на малую радзіму. Тут жывуць родныя, якія заўсёды рады сустрэчы. Тут столькі ўспамінаў авалодваюць сэрцам, што можна бясконца пражываць наноў кожны дзень з далёкага дзяцінства…

Нарадзіўся Рыгор Васільевіч у пасляваенны час. Пад вечар, 6 сту-дзеня 1949 года, калі ўвесь праваслаўны люд рыхтаваўся да Ражства Хрыстова. Мама ў клуні таўкла ў ступе проса. Тут жа, на сене, і паявіўся на свет будучы доктар. Было холадна, дзіцятка хуценька аднеслі ў хату і напрарочылі яму ўсё жыццё верыць у Бога, быць добрым і заўсёды клапаціцца пра людзей.

Так і сталася. Хлопчык рос адказным, старанным. Спачатку навучаўся ў роднай вёсцы, затым школьную праграму асвойваў у СШ №1 г. Лунінца. Штодзённа праходзіў вялікую адлегласць ад дому да горада. Калі пратоптваў першы след у глыбокім снезе, калі падлетка збівала з ног ад моцнага ветру. Ды ніколі не вяртаўся назад, імкнучыся самастойна  пераадольваць цяжкасці.

Цяпер з яго настаўнікаў амаль нікога не засталося ў жывых. Вользе Дзянісаўне Сокал былы вучань праз многія дзесяцігоддзі пасылае шчырую ўдзячнасць і пажаданні моцнага здароўя. Толькі ў памяці Міхаіл Аляксеевіч Зуй, што ў арыгінальнай форме прывіваў любоў да французскай мовы, якая вельмі спатрэбілася ў жыцці.

Калі Рыгор некалі праходзіў міма настаўніцкага дома, то штодзённа чуў у свой адрас пытанні, якія з цяжкасцю разумеў. А каб адказаць на замежнай, патрабава-ліся яшчэ большыя веды. Зацікаўлены такім незвычайным дыялогам, хлапчук штудзіраваў падручнік з новай сілай, зайздросціў настаўніку, які доўга жыў у Францыі, вучыўся ва ўніверсітэце ў Сарбоне.

Прафесію Рыгор выбраў самую гуманную – паступіў у Віцебскі медыцынскі інстытут і закончыў яго ў якасці хірурга. Два гады адслужыў у арміі, пасля ардынатуры стаў урачом “хуткай дапамогі” ў Мінску. Добрае веданне замежнай мовы паспрыяла таму, што ў 1979-ым накіравалі з дэлегацыяй у Алжыр. Там больш як тры гады лячыў людзей і навучаў будучых урачоў тонкасцям хірургіі. Паехалі разам з жонкай, якая працавала гінеколагам. Ад наведвання далёкай краіны з іншай культурай і побытам засталіся незабыўныя ўражанні. Усё ўспрымалася востра, невялікія нечаканасці падсцерагалі ў любы момант.
Пабываў і ў іншых далёкіх мясцінах, дзе медыцына развівалася марудна, часам хворыя былі пазбаўлены элементарнай дапамогі, з-за чаго лёгка маглі загінуць. Часта даводзілася сутыкацца з пакутамі дзяцей, з-за позняга звяртання да ўрачоў іх не заўсёды атрымлівалася вылечыць. Дарослыя займаліся самалячэннем пакуль не даходзіла да заражэнняў. Не хапала адпаведнай апаратуры для дыягностыкі, сітуацыя часта была безнадзейнай.

Усё гэта болем аддавалася ў сэрцы чалавека, які даваў клятву Гіпакрата. Імкнуўся дапамагаць, ратаваць, але ўсё атрымлівалася не ў тых маштабах, як хацелася. Калі вярнуўся назад, зноў прыступіў да работы ў Мінску, з часам перайшоў у чацвёртае галоўнае лечупраўленне. Дагэтуль застаецца ў страі, бо багаты вопыт доктарскай справы запатрабаваны заўсёды. Веданне замежнай мовы і праблем з медабслугоўваннем у далёкім замежжы паспрыяла таму, што перыядычна ўдзельнічаў у якасці эксперта па лініі “Врачи без границ”.

У сям’і, дзе тата і мама – дактары, цётка, многія стрыечныя браты і сёстры таксама прысвяцілі сябе выратаванню людзей, адзіная дачка Ірына не доўга сумнявалася з выбарам прафесіі. Вырашыла ісці па слядах матулі, атрымала спецыяльнасць гінеколага і стала дапамагаць жанчынам. Яшчэ больш адчула сябе патрэбнай людзям пасля ўладкавання на работу ў Цэнтр рэпрадукцыйнай медыцыны “ЭКО”. Калі ў бацькоў заканчваюцца праблемы, і яны шчаслівыя і задаволеныя трымаюць на руках нованароджанага сына ці дачушку, радасць перапаўняе і дактароў, што паспрыялі гэтаму.

Але не ўсё падуладна чалавеку. Здавалася б, сям’я Рыгора Васільевіча, дзе кожны з іх – вопытны медык, ніколі не сутыкнецца з праблемамі са здароўем у асабістым жыцці. Але даводзіцца зноў упэўнівацца, што ўсё знаходзіцца толькі ў руках Божых, і ніхто не ў сілах супрацьстаяць наканаванаму лёсу. Бяда напаткала ў 2009-ым – ад невылечнай хваробы памерла жонка Галіна Фёдараўна…

Прыезд на Лунінеччыну разам з дачкой і зяцем – гэта магчымасць ненадоўга вярнуцца ў маленства, з цяжкасцю, але знайсці былыя сцяжынкі, па якіх смела ішлося да сталення. Паказаць маладым, адкуль цягнецца радаслоўная, расказаць ім гісторыі, што так часта ўсплываюць у памяці. Балюча, што час няўмольны і даводзіцца назаўсёды развітвацца з дарагімі людзьмі – настаўнікамі, суседзямі, блізкімі.
Моцна супакойвае ўсведамленне, што ў Беларусі пануюць мір і спакой, тут даражаць адваяванай цішынёй, шануюць ветэранаў. Бо пасля даўно ўбачанага за мяжой, як цяжка давалася простым лю-дзям пераадоленне ўзброеных канфліктаў, колькі дарэмна губілася маладых жыццяў, вельмі не хацелася б, каб на роднай зямлі здарылася нешта падобнае.

Рыгор Васільевіч усё жыццё насіў у сэрцы веру ў Бога. Калі ў юнацтве ў час ганення забаранялі наведваць царкву, ганьбілі яе, па нядзелях прабіраўся туды, не баючыся пакарання ў школе. Ніколі не саступаў з выбранага шляху і будучы дарослым. Жаданне дапамагаць людзям, ратаваць іх ад болю, стала галоўнай мэтай, якой аддаваў усе сілы і час.

Цяпер, азіраючыся з вышыні пройдзенага на зробленае, можна з упэўненасцю сказаць, што наш зямляк прыйшоў у гэты свет недарэмна. Прыемна ўсведамляць, што недзе ў далёкім Алжыры дагэтуль моляцца за яго здароўе выратаваныя жанчыны і мужчыны, дзеці, якія даўно сталі дарослымі. Няхай сабе і на незразумелай нам мове. Яны не ведаюць пра Лунінеччыну, але адчулі на сабе дабрыню і здольнасці доктара з Беларусі, што рос і навучаўся лепшаму ў маленькай вёсачцы на Палессі.

Add Comment

Войти с помощью: