Бульбяныя клопаты

vulka-1-bulba

Здаецца, нядаўна земляробы дамалацілі апошні хлебны клін, звезлі салому і ўздыхнулі з палёгкай, а ўжо на змену прыйшлі новыя важныя клопаты. Восень прымушае не расслабляцца, бо ў разгары ідзе ўборка бульбы.

Надвор’е сёлета зноў выпрабоўвала аграрыяў на трываласць – хапала і веснавых замаразкаў, і засушлівых спякотных дзён, што адмоўна адбівалася на ўраджайнасці “другога хлеба”. У СВК “Вулькаўскі світанак” яна вагаецца на адзнацы 180 цэнтнераў з гектара. Нават на адным участку не аднолькавая – узгоркі з-за недахопу вільгаці маюць куды меншую аддачу, але парадавалі асушаныя тарфянікі. Пад бульбяны клін гатункаў “Брыз”, “Уладар” і “Вектар” тут адведзена 170 гектараў, з якіх убрана больш за палову.

Прыемна назіраць за цяжкай сялянскай справай, якую зараз умела і якасна выконвае тэхніка. Здзівіла адладжанасць розных звенняў. Першым на доўгія барозны выходзіць трактар са спецыяльным прыстасаваннем для ўборкі бацвіння. Ім кіруе Іван ВАЛАСЕВІЧ, які ўладкаваўся ў гаспадарку сёлета. Умовамі працы задаволены, астатняе залежыць ад асабістай адказнасці і стараннасці.

vulka-1-vladimir-pavlovich
Уладзімір Паўловіч

Далей на ніве паяўляюцца два бульбаўборачныя камбайны. Экіпаж Анатоля Ермаковіча і Уладзіміра Яраховіча быў на другім канцы  поля, а Уладзімір Паўловіч і Васіль Соц якраз пад’ехалі для развароту. Абодва маюць багаты вопыт, бо аддалі роднаму сельгаспрадпрыемству не адно дзесяцігоддзе. Зладжанасць у такой няпростай справе – галоўная складаемая поспеху. Разам працаўнікі ўжо не першы сезон, таму разумеюць адзін аднаго амаль без слоў.

Пасля некалькіх хвілін, адведзеных для размовы, механізатар спяшаецца ў кабіну, націскае на рычаг, і раптам усе вузлы складанага камбайна пачынаюць рухацца, выконваючы неабходныя функцыі. І праз імгненне акуратна выкапаныя клубні новага ўраджаю з грукатам сыплюцца ў бункер. Як толькі ён напаўняецца, своечасова пад’язджае тэхніка для адвозкі.

vulka-1-aleksandr-mokejchik
Аляксандр Макейчык

На ёй задзейнічаны чатыры адзінкі. Два аўтамабілі  вопытных вадзіцеляў Андрэя Гарагляда і Мікалая Евіча, і два трактары, на якіх працуюць Віктар Яраховіч і Аляксандр Макейчык. Апошні якраз рыхтаваўся запоўніць свежавыкапанай бульбай размешчаныя на прычэпе чатыры драўляныя кантэйнеры, умяшчальнасцю больш за тону кожны. Як расказвае галоўны аграном Валерый Паўловіч, такі метад дазваляе пазбегнуць пашкоджанняў пры разгрузцы і больш зручны для высыпання на сартавальную ўстаноўку.

Увесь ураджай звозіцца ў новае бульбасховішча, якое ўведзена ў эксплуатацыю ў мінулым годзе. Па словах старшыні Уладзіміра Соца, уся прадукцыя цяпер знаходзіцца пад уздзеяннем аднолькавай тэмпературы і вільготнасці, добра захоўваецца. Распарадзіцца ўраджаем можна ў любую пару года і без страт. А людзям не трэба гнуцца пад адкрытым небам на ветры і холадзе ў буртах, укрываць іх ад марозу і дажджу. Аплата працы ў гаспадарцы залежыць ад зробленага, таму кожны можа дасягнуць жаданага выніку, сваёй стараннасцю папоўніць сямейны бюджэт.

vulka-1-olga-pavlovich
Вольга Паўловіч

Перш чым заняць месца ў сховішчы, клубні праходзяць якаснае сартаванне. Устаноўка знаходзіцца таксама ў памяшканні, на ёй бульба дзеліцца на тры разрады – харчовая і насенная, кармавыя адходы. За работай агрэгата пільна сочаць паляводы Наталля Яраховіч, Вольга Паўловіч, Іван Шчатко і Таццяна Прыбаровіч. Каб пазбегнуць прастояў, рабочы працэс  часам арганізоўваецца ў дзве змены. Своечасова падвозіць пустыя і адвозіць поўныя кантэйнеры на спецыяльным прыстасаванні Мікалай Верас.

vulka-1-nikolaj-veres
Мікалай Верас

Як і спрадвеку, сялянская праца не выконваецца па гадзінніках, тут больш увагі надаецца надвор’ю. Нягледзячы, што на календары быў выхадны, у гаспадарцы з раніцы і да змяркання вялося капанне бульбы і закладка сіласу. Бо кожны восеньскі дзень набліжае земляроба да зімы. Імкнучыся сабраць вырашчанае, дагледзець палі, людзі не стамляюцца шчыраваць кожны на сваім участку. А дзякуючы добрай арганізацыі працы, усё атрымліваецца своечасова.

У цэлым па раёне, акрамя “Вулькаўскага світанка”, уборку бульбы вядуць у “Гарадоцкім”, на Палескай станцыі і “Азярніцы”, таксама займаюцца бульбаводствам фермерскія гаспадаркі “Навіцкіх” і “Юліян”. Сярэдняя ўраджайнасць складае 263 цэнтнеры з гектара. Ужо выкапана больш як палова плошчаў.

 

Add Comment

Войти с помощью: