“Гродзеншчына для мяне — жонка, а Брэстчына — маці…”

sergej-talataj

Ёсць людзі, захопленыя сваёй справай, а ёсць – апантаныя. Яны прысвячаюць сябе прафесіі аднойчы  і назаўсёды, не пакідаючы шляхоў для адступлення і не даючы душы самазаспакоіцца. З такіх – палкоўнік міліцыі, начальнік упраўлення Дзяржаўтаінспекцыі УУС Брэсцкага аблвыканкама Сяргей ТАЛАТАЙ. На мінулым тыдні Сяргей Валер’евіч быў госцем “Лунінецкіх навін”.  Зразумела, што размова з чалавекам, які ўзначальвае службу, адказваючую за бяспеку на дарогах вобласці, датычыла, перш за ўсё, сітуацыі на аўтамабільных артэрыях Брэстчыны.

– Самая вялікая памылка – лічыць, што за дарогі ў нас адказвае Дзяржаўтаінспекцыя. Асмелюся запэўніць, што менавіта такія погляды ўскосным чынам уплываюць на тое, што захоўваць бяспеку дарожнага руху і па-сёння застаецца справай дастаткова складанай.  Як пераламіць сітуацыю? Што трэба зрабіць, каб кожны з удзельнікаў дарожнага руху адчуў уласнае дачыненне да гэтай без перабольшвання  вострай праблемы? А ў яе значнасці сумнявацца не даводзіцца, асабліва калі ўлічыць, што сёння яна выведзена на дзяржаўны ўзровень. З дапамогай заканадаўства, якое стала больш жорсткім да тых, хто грэбуе Правіламі дарожнага руху, ідзе ломка стэрэатыпаў, а ў некаторых выпадках – змена прывычак цэлага пакалення. Наводзім парадак з дапамогай сродкаў пераканання, прымусу і адукацыі. І першыя станоўчыя зрухі ўжо ёсць. Яшчэ 10 год таму на Брэстчыне на дарогах у сярэднім за год гінула больш як 300 чалавек, летась гэтая лічба зменшылася больш, чым утрая – да 79-ці. У разліку на 100 тысяч жыхароў – 5,8 загінуўшых, па краіне –  8,2. У гэтым сэнсе наша вобласць утрымлівае статус самай бяспечнай. Памалу выпраўляецца становішча на Лунінеччыне, хаця адносна вялікая колькасць ДТЗ тут тлумачыцца і дастаткова вялікай колькасцю транспарту. Раён па гэтай пазіцыі займае адно з лідзіруючых месцаў пасля такіх буйных гарадоў, як Брэст і Баранавічы.

– Заканадаўства і насамрэч стала больш жорсткім да злачынцаў на дарогах. Чаго каштуе толькі пагроза канфіскацыі аўтамабіляў у злосных выпівох, рызыкуючых у такім стане паўторна на працягу года сесці за руль…

– Такая мера, вядома ж, вельмі строгая, але вымушаная і ўсё-такі дзейсная. Памятаю, як у 2002 го-дзе мы “адпрацоўвалі” Лунінецкі раён на прадмет выяўлення п’яных вадзіцеляў. За пару дзён 12 экіпажаў затрымалі больш як паўсотні чалавек, якія кіравалі транспартам у стане алкагольнага ап’янення. Сёння столькі затрымліваем на тэрыторыі вобласці за тыдзень. Гэта значыць, што псіхалогія людзей памянялася, негатыў зломлены. Аднак праблема заяўляе пра сябе дагэтуль. І будзе заяўляць, пакуль у вольным продажы і свабодным доступе знаходзіцца алкаголь. У першую чаргу – на аўтазаправачных станцыях. Хіба мала ў нас трагедый паблізу гэтых аб’ектаў і прыдарожных кафэ, куды выпівохі звычна ідуць сярод ночы за спіртным, нярэдка трапляючы пад колы праязджаючага міма транспарту? У Лунінецкім раёне такім аварыйна-небяспечным месцам з’яўляецца перакрыжаванне ў Дварцы, галоўным атрыбутам якога з’яўляецца кафэ “Спадарожнік”.

– А якія яшчэ праблемы, на ваш погляд, характэрны для нашага рэгіёна?

– Для Лунінца – адсутнасць парадку ў дарожнай разметцы. Менавіта таму ў гэты свой візіт прывёз спецыялістаў, якія вывучылі практычна ўсе значымыя перакрыжаванні райцэнтра. Будуць распрацаваны рэкамендацыі і схемы, якія пажадана ператварыць у жыццё. Вядома, гэта запатрабуе некаторых фінансавых сродкаў. Ведаю, што бюджэт раёна не такі багаты, таму заклікаю стаць фундатарамі заможных землякоў, якім неабыякава бяспека на вуліцах іх роднага горада. Будзем удзячны за любую дапамогу. Не памылюся, калі скажу, што нямала нязручнасцей прыносяць удзельнікам дарожнага руху на Лунінеччыне веласіпедысты,якія рухаюцца пераважна па праезнай частцы, што, вядома ж, няправільна. Не мог не заўважыць і тое, што некаторыя вадзіцелі ў Лунінцы не карыстаюцца рамянямі бяспекі. Гэта парушэнне, якое часта каштуе жыцця. Увогуле, аналіз прычын трагедый на дарогах сведчыць, што п’янка за рулём, перавышэнне хуткасці, грэбаванне рамянямі бяспекі – зярняты, якія даюць, вобразна кажучы, “усходы д’ябла”. Чалавек – істота дзіўная. Адзін раз парушыў правілы – прайшло, другі раз – таксама. На трэці нараджаецца прывычка, губляецца адчуванне небяспекі, а само парушэнне становіцца будзённым. А вось шлях назад куды больш складаны. Псіхолагі заўважылі, што прывучыць сябе карыстацца рамянём бяспекі чалавек можа толькі на працягу чатырох месяцаў пастаяннага прымянення гэтай маніпуляцыі. Устойлівая прывычка выпрацоўваецца прыкладна праз 1,5 года, і толькі праз 2 гады прыходзіць усведамленне абавязковасці і неабходнасці засцерагчы сябе такім чынам ад магчымых непрыемнасцей. Такая вось “арыфметыка”.

– Прозвішча Талатай у асяродку праваахоўнікаў нярэдка асацыіруецца з імкненнем да нечага новага, нязвычнага…

– …што не заўсёды з разуменнем успрымаецца калегамі. Дарэмна. Вось, напрыклад, дыскусіі наконт мадэрнізацыі службы ДАІ. Зараз ажыўлена абмяркоўваецца магчымасць аб’яднання адпаведных службаў асобных рэгіёнаў, шляхам далучэння больш дробных да буйных. Перакананы, што такім чынам каэфіцыент карыснага дзеяння дзяржаўтаінспектараў стане прыкметна большым. У вашым выпадку разглядаецца магчымасць аб’яднання Лунінецкага і Ганца-віцкага аддзяленняў. Упэўнены, што дзяржаўтаінспектары з Лунінца больш прынцыповымі будуць у Ганцавічах, дзе практычна не ведаюць вадзіцеляў, і наадварот. А ўвогуле ад падначаленых патрабую толькі аднаго – дакладнага выканання службовага абавязку, строгага захавання законнасці, быць не жорсткімі, а справядлівымі. І памятаць, што ў справе бяспекі дарожнага руху дробязей не бывае. Вельмі дарагую цану за гэтыя дробязі іншы раз даводзіцца плаціць.

– Ці задаволены вы кадравым патэнцыялам Дзяржаўтаінспекцыі і тэхнічным аснашчэннем нашага аддзялення?

– Ведаеце, як ні дзіўна, ніводная з вышэйшых навучальных устаноў у Беларусі не рыхтуе кадры для нашай службы. Знакамітая акадэмія Міністэрства ўнутраных спраў выпускае кваліфікаваных юрыстаў. А нам жа патрэбна, каб інспектар не толькі ведаў законы, але і арыентаваўся ў тэхнічных аспектах арганізацыі дарожнага руху і тым, як абавязкова захаваць яго бяспеку. Асобны факультэт ці аддзяленне ў акадэміі, дзе б навучалі спецыялістаў для дарожна-патрульнай службы, вельмі патрэбен. І ўсё ж у Дзяржаўтаінспекцыі, у тым ліку і Лунінецкай, працуе нямала вопытных і разумных людзей. Прыходзяць на службу таленавітыя, адукаваныя і дапытлівыя юнакі. Праўда, не кожны здольны вытрымаць цяжкасці няпростай работы. Менавіта таму, усім, хто выбраў для сябе клопат пра бяспеку на дарогах справай жыцця, удзячны за цярплівасць і разуменне. Што датычыць тэхнічнай аснашчанасці ДАІ ў Лунінцы, то яна нядрэнная. Хаця больш сучасным бачыцца прыбор вымярэння хуткасці руху. Абавязковым атрыбутам павінны  стаць рэгістратары, якія дысцыплінуюць абодва бакі, абараняючы ад неабгрунтаваных нападак падчас разбіральніцтваў. Даўно ўжо не лічыцца раскошай прыстасаванне “свабодныя рукі”, якое дазваляе за рулём размаўляць па мабільніку. У Лунінецкім раёне пра многае з гэтага дзяржаўтаінспектары пакуль толькі мараць.

– Сяргей Валер’евіч, ведаю, што да Брэстчыны ў вас стаўленне асаблівае. Чым яно выклікана?

– Нарадзіўся ў Драгічынскім раёне, тут прайшлі дзяцінства і юнацтва. Хаця прафесійнае станаўленне ў многім адбылося на Гродзеншчыне, дзе да пераводу ў Брэст таксама ўзначальваў абласную Дзяржаўтаінспекцыю, прайшоўшы да гэтага ўсе прыступкі кар’ернага росту. Нярэдка жартую, што Брэстчына для мяне – маці, а Гродзеншчына – жонка. Абедзьвюх люблю аднолькава моцна і аддана. Але  так сталася, што на сённяшнім этапе я больш патрэбен матулі-Брэстчыне, якая чакае ад мяне дапамогі. Пастараюся яе спадзяванні апраўдаць.

Add Comment

Войти с помощью: