«Каму адрасаваць КРЫК ДУШЫ?»

beloe-ozero

Гэта пытанне пачула першай ад настаўніцы замежных моў гімназіі г. Лунінца Ірыны Грушэўскай, якая на Белым возеры ўзначальвала міжраённы злёт праваслаўнай моладзі. І на маю просьбу спачатку падзяліцца ўражаннямі, адказала пытаннем:

– Каму адрасаваць крык душы? Нельга маўчаць, калі бачыш, як нядбайна адносімся да прыроднага багацця. Пры ўсёй разнастайнасці гісторыі раёна, у нас няма больш значнага аб’екта, чым лабелія Дортмана. Нездарма ж гэтая рэліктавая расліна стала галоўным элементам герба Лунінца! Яе ўнікальнасць цэняць не толькі ў Беларусі, але і ў Еўрапейскім Саюзе, дзе яна з’яўляецца прыродаахоўнай. Усведамляючы гэта, трэба як зрэнку вока берагчы жамчужыну Палесся, адносіцца да запаветнага куточка з павагай і клопатам.

Але здзек над прыродай, які даводзілася назіраць на працягу трох дзён на ўзбярэжжы, не дае права маўчаць. Быццам і ўзведзена агароджа, абмяжоўваючая доступ да домікаў на тэрыторыі былога піянерскага лагера “Бярозка”. Дарэчы, цудоўна, што для гэтай мэты выбралі металічную сетку, амаль не бачную сярод дрэў, – гэта стварае ўражанне некранутасці і бязмежнасці сасновага бору. На варотах умацаваны кодавы замок, сакрэт якога вядомы, здаецца, кожнаму. Ва ўсялякім разе, для яго высвятлення ніхто не турбуе сябе наборам нумару тэлефона, што ўказаны на аб’яве, – адразу набіраюць код. І крутыя “тачкі” разганяюць хуткасць, каб спыніцца літаральна каля вады.

Хіба нельга побач абсталяваць стаянку, каб аўтамабілі, што заедуць за агароджу разгрузіцца, адразу ж пакінулі зону адпачынку? Урэшце, не такую вялікую адлегласць да домікаў трэба пераадольваць тым, хто жадае спыніцца тут на адзін ці некалькі дзён, мэтазгодна было б наогул забараніць уезд.

Асобная размова – аб матацыклах, дакладней, аб іх кіроўцах. Не зважаючы на перашкоды, яны “улятаюць” прама да вады. Для матацыклістаў няма розніцы ў часе. Далёка за поўнач мы не маглі заняць гарызантальнае становішча ў палатках, а выглядалі з іх. Роў “жалезнага каня” бяздумнага аматара хуткасці ўсё роўна не даваў заснуць, а калі і спрабавалі схіліцца да спальніка, тут жа імгненна ўскоквалі, таму што, здавалася, кола матацыкла праедзе прама па тваёй галаве.

Аказалася, што таксама шмат у нас і “меламанаў”. З адкрытых дзверак аўтамабіляў навакольных аглушалі такія “рыкі” музыкі, што  вымушаны былі звяртацца з заўвагамі да гаспадароў магнітол. Тыя рабілі выгляд, што не чуюць. Што было і не дзіўным…

А я яшчэ марыла, што становішча змогуць выратаваць дзеці, аб’яднаныя ў так званы “зялёны патруль”! Мы, дарослыя, не паў-плывалі на паводзіны навакольных. У адной з палатак размяшчалася група юнакоў, якія нават гулялі ў валейбол з удзельнікамі злёту. Калі ж яны завяршылі адпачынак, засталася такая гурба смецця…. Калі праводзілі “экалагічны дэсант”, не хапала гумавых пальчатак, каб вычысціць узбярэжжа ад, скажам так, рэшткаў чалавечай жыццядзейнасці, хаця зона адпачынку абсталявана туалетамі.
Так і не зразумела, навошта большасць дарослых прыязджае на Белае возера? У сваёй кватэры яны таксама могуць аглушаць сябе любімымі дэцыбеламі, смажыць каўбасу, курыць і піць гарэлку. Ні на адным свяце (жыву ў Лунінцы на плошчы Леніна) не бачыла столькі п’яных на адзін квадратны метр, як у гэтыя тры дні на беразе нашай жамчужыны.

Бацькі ўдзельнікаў злёту, слесар ЦЭЦ Руслан Пятрэнка і настаў-ніца СШ в. Вулька 1 Іна Калянковіч добраахвотна ўзялі на сябе абавязкі начных вартаўнікоў. Ці нармальна, што на тэрыторыі дзяржаўнага заказніка мы не маглі адчуваць сябе ў бяспецы? Былі ўдзячны супрацоўнікам выратавальнай службы і праваахоўных органаў, якія правялі цікавыя і змястоўныя гутаркі з нашымі падапечнымі, але, на мой погляд, іх увага (разам з леснікамі і эколагамі) да прыроднай каштоўнасці павінна быць больш істотнай.

Самы просты, але дзейсны прыклад. Майго суседа аштрафавалі за тое, што пакінуў аўтамабіль у лясным гушчары. Цяпер ён едзіць на Белае возера на веласіпедзе. Дык чаму нельга праводзіць рэйды кожныя выхадныя? Тут жа безліч патэнцыяльных штрафнікоў! Заслужанае матэрыяльнае пакаранне і іх бы паступова прымусіла “перавыхавацца”, і папоўніла б бюджэт.

Быццам папярэджаныя Небам, мы своечасова пакінулі чароўны куток прыроды. Ідучы з рукзаком па лясной сцяжынцы на дарогу, дзе чакаў мікрааўтобус, думала аб тым, што зберагчы зялёную планету ўсё ж змогуць толькі дзеці. Калі вывучаць з імі правілы экалагічных паводзін, часцей даваць ім такія практычныя ўрокі на мясцовасці. Калі падрабязней знаёміць з жывёльным і раслінным светам, як гэта робяць лепшыя з настаўнікаў (дарэчы, не толькі біёлагі: выдатную экалагічную інтэрактыўную гульню “Палескія рабінзоны” на нашым злёце падрыхтавала гісторык СШ №2 г. Лунінца Дзіяна Сладзінская). Веру ў тое, што члены навуковага таварыства вучняў “Зямляне”, якое ўзначальваю, вырастуць сапраўднымі грамадзянамі Зямлі і многаму навучаць нават сваіх бацькоў, не кажучы ўжо аб малодшых браціках і сястрычках.

Пры ўсіх перажываннях, нервовай адказнасці і фізічнай нагрузцы, не шкадую аб тым, што ўсклала злёт на свае плечы. Наадварот – шкадую тых, хто не заўважыў прыгажосці нашага Белага возера,  не захапіўся празрыстасцю (пакуль яшчэ) яго вады. Чые вочы не адпачывалі на свежасці верхавін стромкіх соснаў. Хто наогул абыякавы да Храма Прыроды…

А яшчэ я атрымала падарунак, які застанецца заўсёдным святам душы. Ніколі не бачыла такіх ясных буйных сузор’яў у акружэнні мірыядаў дробных зорачак на чорным аксаміце начнога неба! Спа-дзяюся, гэты цуд заўважылі і адчулі многія ўдзельнікі злёту. І таксама задаліся пытаннем аб сэнсе жыцця, што звычайна выклікае позірк у зорную бездань. Няхай гэта імгненне шчасця ўмацуе нашу ўпэўненасць у тым, што агульнымі намаганнямі неабыякавых людзей здолеем зберагчы прыродную каштоўнасць, якую захавалі для нас продкі, і перадаць яе наступным пакаленням лунінчан.

Add Comment