На зімовыя кватэры

Райисполком

Гатоўнасць сельскагаспадарчых арганізацый Лунінеччыны да зімова-стойлавага ўтрымання жывёлы была разгледжана на вераснёўскім пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, якое правёў яго старшыня Аляксандр Пачко.

Нягледзячы на тое, што раён прыкметна плюсуе па малаку (на 13,2 працэнта больш за мінулагодні ўзровень), яго таварнасці і рэалізацыі, в.а. начальніка райсельгасхарчу Аляксандр Савіна канстатаваў, што асобныя гаспадаркі застаюцца “аўтсайдарамі”. У іх ліку – дзяржаўнае прадпрыемства “Дзятлавіцкі” і СВК “Новае Палессе”, дзе па папярэдніх разліках па выніках года не атрымаюць запланаваныя 3500 кілаграмаў малака на карову.

Ніжэйшымі, чым у сярэднім па вобласці, застаюцца ў раёне сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы на адкорме і дарошчванні. “Рыхтуючыся да зімоўкі, мы не павінны забываць аб паточна-цэхавай тэхналогіі ўтрымання жывёлы”, – нагадаў Аляксандр Савіна. Адначасова ён прывёў вынікі маніторынгу падрыхтоўкі малочнатаварных фермаў да зімы. Своечасова справіліся з гэтай работай у філіяле “Лобчанскае” ААТ Лунінецкі малочны завод”, а таксама на дзяржаўных прадпрыемствах “Гарадоцкі”, “Хваецкае”, “Сінкевіцкі”. Запазніліся з падрыхтоўчымі і рамонтнымі работамі ў СВК “Велута”, на Палескай станцыі, КУП “Міжлескае” і некаторых іншых.

Агульнавядома, што зімоўка толькі тады будзе спрыяльнай, калі жывёла ў поўным аб’ёме забяспечана пажыўнымі кармамі. Сёлета ўдосталь назапашана сена і сенажу. У сярэднім па раёне на ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана амаль 22 цэнтнеры кармавых адзінак, што на 6,26 цэнтнера больш, чым летась. Аднак якасць корму дзе-нідзе кульгае. Так, 7 працэнтаў з правераных проб сена аднесены да трэцяга класа, а 4 працэнты праверанага сенажу ўвогуле прызнаны негатунковым.

У чарговы раз была звернута ўвага на грэбаванне перазалужэннем. З наяўных 21,8 тысячы гектараў палепшаных лугапашавых угоддзяў за апошнія 5 год перазалужэнне праведзена прыкладна на палове пазначанай плошчы. Каб выправіць сітуацыю, вырашана павялічыць надзелы пад насеннікамі траў, якіх сёлета закладзена 821 гектар.

На хібы ў рабоце агра-прамысловага комплексу раёна звярнуў увагу і першы намеснік Старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь Іван Рамановіч, які браў удзел у рабоце пасяджэння. Недабралі сёлета на Лунінеччыне зерня, ніжэйшымі за сярэднеабласныя застаюцца многія паказчыкі ў жывёлагадоўлі. “Складваецца ўражанне, што кіраўнікі прадастаўлены самі сабе”, – канстатаваў І.П.Рамановіч. З гэтай высновай не пагадзіўся А.М.Пачко, які нагадаў, што за мінулы год у гаспадарках раёна заменены 7 кіраўнікоў з 16-ці. Справы ў аграпраме знаходзяцца пад пастаяннай увагай і кантролем. І гэта дае станоўчыя зрухі. У апошні час Лунінеччына ў агульнарэспубліканскай зводцы па выніках работы жывёлагадоўчай галіны ўзнялася з 93-яй на 73-юю пазіцыю. Разам з тым, Аляксандр Мікалаевіч згадзіўся, што наяўныя рэзервы для развіцця сельскай гаспадаркі выкарыстоўваюцца пакуль не поўнасцю. Больш мэтанакіравана трэба працаваць з тукамі і арганікай, а ў нарыхтоўцы кармоў асаблівую ўвагу звяртаць на якасць назапашаных сена, сенажу і сіласу.  “Мы бачым і ведаем свае памылкі, будзем працаваць над іх выпраўленнем”, – сказаў Аляксандр Пачко.

Справаздачу на пасяджэнні трымалі намеснік начальніка райсельгасхарчу Алег Багук, галоўны аграном Барыс Абравец, а таксама кіраўнікі “Дзятлавіцкага”, “Велуты”, Палескай станцыі, у чый адрас паступіла найбольш нараканняў.

Add Comment