Улада на месцы

“Калі людзі не ідуць з праблемамі да прыезжых чыноўнікаў, значыць, улада, улада на Лунінеччыне — на месцы…” Такую выснову зрабіў першы намеснік Старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь Іван Рамановіч пасля прамой тэлефоннай лініі і асабістага прыёму грамадзян, якія прайшлі пасля пасяджэння райвыканкама і асаблівай актыўнасцю лунінчан не вызначаліся.

Тым не менш, за дапамогай да Івана Пятровіча звярнуўся адзін з жыхароў в. Дварэц. Больш як 25 год ад-працаваў ён у калгасе. Нягледзячы на тое, што на заслужаны адпачынак давялося пайсці з іншай арганізацыі, былы калгаснік не разумее, чаму яго і такіх, як ён, пазбаўляюць звычных для членаў сельгаскааператыва прэферэнцый і льгот. Давялося яму звярнуцца з просьбай выпісаць рулон саломы для насцёлу, дык прапанавалі яе па цане, ледзь не ўдвая большай за тую, па якой прадаюць калгасным пенсіянерам.

Крыўда старога чалавека зразумелая. І дапамагчы яму можна. Па закону. Для гэтага яму варта з адпаведнай заявай звярнуцца на агульны сход ці сход упаўнаважаных гаспадаркі. “Вядома, канчатковую кропку паставяць людзі, але, на маю думку, варта было б зрабіць выключэнне для тых, хто адпрацаваў у гаспадарцы больш як 20 год”, – сказаў І.П. Рамановіч.

Пытанне льгот не адзінае, з якім да прадстаўніка Камітэта дзяржкантролю звярнуўся вясковец. Прывяла яго на прыём яшчэ адна праблема. Больш як 40 год таму атрымаў ён жыллё ў 8-кватэрным калгасным доме. Колькі год таму разам з іншымі вырашыў кватэру прыватызаваць. Паколькі дом стары і за гэты час капітальна не рамантаваўся, у 2011 годзе  на агульным сходзе было прынята рашэнне перадаць жыллё ў бязвыплатнае пажыццёвае карыстанне. І тут нечакана ўзнікла праблема з дакументамі на будынак. Пакуль іх аднаўлялі, прайшоў час. Дом заставаўся на балансе гаспадаркі. Па настойлівых просьбах  жыхароў у ім адрамантавалі дах, памяняўшы плоскі на сучасны двухскатны. Паколькі сельгаскааператыў выдаткаваў на рамонт немалую суму грошай, ранейшае рашэнне аб бязвыплатнай перадачы кватэр жыльцам адмянілі, прапанаваўшы кватэраздымшчыкам кампенсаваць панесеныя гаспадаркай затраты. Прыватызацыя нечакана зацягнулася…

Сёння працэс ускладняе цяжкае фінансавае становішча “Дварэцкага”: рахункі заблакіраваны, накладзены арышт на маёмасць. Паколькі ў справе закранаюцца рэальныя інтарэсы людзей, якім пагражае перспектыва займець замест уласнага арэнднае жыллё, І.П. Рамановіч параіў праз гаспадарчы суд паспрабаваць зняць арышт з гэтага дома, абавязкова ўзаконіць яго ў архітэктуры, а патэнцыяльным уладальнікам ва ўстаноўленым законам парадку зарэгістраваць свае кватэры.

Пра тое, што жыллё дастанецца ім бясплатна, думаць няварта. Будзе праведзена ацэнка кожнага памяшкання. Прычым рабіць гэта трэба не адкладваючы справу ў доўгую скрынку: уласнае жыллё, якое б яно не было, усё-такі лепш, за камерцыйнае.

 

Add Comment