За агрэхі спытае зіма

Таццяна КАЦУБА
Таццяна КАЦУБА

Жоўтыя палеткі пожні і свежапераараныя надзелы, дзе нядаўна красаваліся зерневыя, сведчаць, што асноўныя работы аграрыяў засталіся ў мінулым. Але пачатак восені – таксама гарачая пара для сельгасвытворцаў. Набліжэнне зімы прымушае дакладна падлічыць нарыхтаваныя кармы. Пры неабходнасці – прыкласці ўсе сілы, і ў хуткіх тэмпах давесці іх колькасць да неабходнай нормы. Гэта пытанне першачарговай важнасці для тых гаспадарак, дзе да атрымання запланаваных тон яшчэ трэба нямала і старанна папрацаваць.

У КУП “Міжлескае” сёлета добрыя паказчыкі па нарыхтоўцы сенажу. Недабралі яшчэ неабходную колькасць сена, а сіласу пакуль маецца менш як палова ад патрэбнага. Работы па закладцы яго ў чарговую траншэю тут якраз у самым разгары. Па словах намесніка дырэктара Анатоля Кіндрука, для гэтых мэтаў выкарыстоўваюць пасевы кукурузы, якія даюць спадзяванне сабраць недастаючыя кармавыя адзінкі.

Міхаіл БЯРОЗКА
Міхаіл БЯРОЗКА

У панядзелак з самага ранку пяць трактароў і аўтамабіляў займаліся адвозкай зялёнай масы ад “Ягуара”, якім кіраваў Міхаіл БЯРОЗКА. Плаўны рух вялікага агрэгата па бязмежнай ніве сведчыў, што вопыту ў яго дастаткова. Як аказалася – восьмы сезон. А да гэтага пастаянна працаваў трактарыстам, пачынаючы з 1985 года. Жонка Галіна Андрэеўна ўвесь час была аператарам машыннага даення. Маюць трох сыноў. Любоў да тэхнікі ад бацькі перадалася Віталю, якому ў гаспадарцы даверылі МТЗ. Другі сын Андрэй праходзіць тэрміновую службу ў пагранічных войсках. Восенню дэмабілізуецца і, магчыма, працягне дынастыю.

Манатонны гул тэхнікі чуўся каля траншэі, куды звозіцца і трамбуецца будучы сакавіты корм для жывёлы. Невялікі перапынак для размовы парушыў адладжаны графік, прымусіўшы працаўнікоў спыніцца і перавесці дух. Папрасілі не затрымліваць надоўга, бо цудоўнае надвор’е і спраўнасць тэхнікі спрыяюць дасягненню добрага выніку. А гэта – павышэнне агульных паказчыкаў па гаспадарцы, якое станоўча адаб’ецца на заробках. Яны ў вяскоўцаў не заўсёды высокія.

Віктар БЯРОЗКА
Віктар БЯРОЗКА

Віктар БЯРОЗКА у “Міжлескім” працуе каля 10 год. Цяпер заняты трамбоўкай, а толькі нядаўна выпусціў з рук штурвал камбайна. У яго разам з Сяргеем Грэбенем – лепшы паказчык па гаспадарцы на ўборцы зерневых. Нягледзячы на задаволенасць ад зробленага, вясковец разумее, што расслабляцца няма часу. Зараз варта ўсю ўвагу надаць корманарыхтоўцы. Стараннасць і любоў да зямлі перадалася ў спадчыну – побач падвозіць зялёную масу бацька Рыгор Ільіч. Дома стомленага працаўніка кожны вечар з радасцю сустракаюць жонка Валянціна і маленькія дачушкі – Мілана і Аліна.

Як бы спраўна ні працавала магутная тэхніка, не абысціся без дапамогі рабочых рук. Абавязкі ў палявода Таццяны КАЦУБА, здаецца, даволі простыя – трэба месцамі папраўляць здробненую масу, раўняць яе. Але калі не заўважыць агрэхі, і не ліквідаваць доступ паветра, можна сапсаваць прадукт і звесці да нуля стараннасць многіх людзей. Яна падзялілася прыемнай навіной – 60-гадовы юбілей якраз адзначае муж Васіль Іванавіч. Сына Пятра чакаюць з арміі. Родам жанчына з Азярніцы, у Міжлессі жывуць 21 год. Час праляцеў так непрыкметна…

Сапраўды, гадзіннік імчыцца з вялікай хуткасцю. Вясна змяняецца летам, за ім наступае восень. У бясконцым кругазвароце нельга спыняцца, нельга пакінуць незакончанымі любыя справы. А ў сельскай гаспадарцы гэта бачна самым няўзброеным вокам. Даводзіцца ў напружаным рытме выконваць нялёгкія абавязкі, а ўпушчанае нельга навярстаць. Недаатрыманыя кармы выльюцца змяншэннем прываг і надояў, бо доўгая зіма строга спытае з кожнага.

Add Comment