«Земскі доктар»

elena-dubina-dvoreckij-vrach

Сёння ўчарашнія студэнты – маладыя спецыялісты. Няварта шкадаваць пра тое, што студэнцкую маладосць не вярнуць. З першым рабочым месцам жыццё толькі пачынаецца!

Аднак хваляванне перад пачаткам працоўнага шляху ўласціва кожнаму. Не даюць спакою шматлікія пытанні. Як прымуць? Ці складуцца адносіны з калектывам, кіраўніцтвам? Ці будзе побач чалавек, які своечасова падкажа, калі ўзнікнуць цяжкасці, і дапаможа разабрацца ў тонкасцях выбранай прафесіі? А зарплата? Якой чакаць? А калі траплю ў сельскую мясцовасць, у якіх умовах прыйдзецца жыць? Гэтыя пытанні турбавалі і Алену Дубіна, якая сёлета заняла пасаду загадчыцы Дварэцкай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі.

Дастаткова некалькі хвілін назірання за тым, як паводзіць сябе малады ўрач са сваімі калегамі, дае даручэнні, адказвае на тэлефонныя званкі, гутарыць з пацыентамі, каб заўважыць добразычлівасць, кампетэнтнасць, упэўненасць і зрабіць выснову: перад намі – добры доктар, якому можна даверыць самае дарагое – сваё здароўе.

У яе сям’і не было медыкаў, але дзяўчына з дзяцінства марыла стаць урачом. Нарадзілася і вырасла ў Лунінцы. Пасля школы паступіла ў Віцебскі медыцынскі ўніверсітэт. Ужо на пачатку вучобы захапілася шырокім тэрапеўтычным профілем. Як сама яна прызнаецца, захацела паглядзець, як выглядае медыцына ў цэлым.

Неўзабаве Алену размеркавалі на малую радзіму. Дома, як кажуць, і сцены дапамагаюць. Побач – падтрымка родных, у цяжкую хвіліну заўсёды ёсць надзейнае плячо. Інтэрнатуру прахо-дзіла ў раённай бальніцы, а працаўладкавацца прапанавалі ў аграгарадку. Так з прыроджанай гараджанкі яна стала сельскім доктарам. «Да гэтага ў вёсцы я практычна не была, – дзеліцца Алена, – таму хвалявалася, што прыйдзецца ехаць у невядомую мясцовасць. Хацела адмовіцца, баялася, што пасаду загадчыцы не пацягну, аднак ужо за першы месяц работы погляды змяніліся карэнным чынам. І праца, і людзі, і прырода – усё нават у параўнанне з горадам не ідзе! Тым больш, што ад Лунінца недалёка».

Дзяўчыне прапанавалі здымаць кватэру, ад арганізацыі давалі б надбаўку да зарплаты. Але малады ўрач адмовілася: дабіраецца да месца работы на сваім аўтамабілі.

За амбулаторыяй замацаваны 2 населеныя пункты – Дварэц і Вічын, дзе жывуць 2500 чалавек, з якіх каля 500 – дзеці. У будні да абеду Алена вядзе прыём, пасля выязджае па выкліках. Па аўторках працуе на ФАПе ў Вічыне.

– Да нас звяртаюцца пацыенты з рознымі захворваннямі тэрапеўтычнага, неўралагічнага, кардыялагічнага, эндакрыннага профіляў, з траўмамі і вострымі станамі, – распавядае доктар. – Мы аказваем першую дапамогу і пры неабходнасці накіроўваем да вузкіх спецыялістаў.

Заўсёды шчодрая на добрае слова, разам з рэцэптам на лекі не праміне адзначыць: “Жаданне выздаравець – палова выздараўлення”. Для сябе ж дзяўчына выявіла простую аксіёму: як бы ні было цяжка працаваць, неабходна заўсёды памятаць, што выбраная прафесія – гэта лад жыцця, у якім трэба аддаваць сябе цалкам здароўю пацыентаў, а значыць – шчасцю чалавека.

Add Comment

Войти с помощью: