Бульба, буракі, капуста — і ў засеках стала густа!

img_8848

Спадзяванні арганізатараў чарговага сельскагаспадарчага кірмашу, які прайшоў у мінулую нядзелю ў Лунінцы, наконт спрыяльнага надвор’я не апраўдаліся. Хаця пранізлівы вецер і імжысты дождж, што раз-пораз змяняўся моцным ліўнем, не перашкодзілі землякам запасціся вітаміннай прадукцыяй на зіму.

Ужо ў 8 гадзін раніцы каля гандлёвых радоў на Савецкай мітусіліся пакупнікі – хто з веласіпедам, хто з тачкай, хто заязджаў сюды прама на аўтамабілях з прычэпамі. Праўда, за бяспекай усіх удзельнікаў дарожнага руху старанна сачылі работнікі Дзяржаўтаінспекцыі РАУС. Аб шырокім асартыменце тавараў паклапаціліся сельгасарганізацыі, фермерскія гаспадаркі, індывідуальныя прадпрымальнікі і асобныя жыхары райцэнтра. Сапраўднае задавальненне адчулі садаводы, увазе якіх былі прадстаўлены дзясяткі саджанцаў пладовых дрэў. Многа зацікаўленых пакупнікоў падыходзіла да гандлёвай палаткі Марыі Сядляр са Столінскага раёна. Жанчына сама вяжа прыгожыя рэчы. Упэўнена, ніякі мароз не падасца моцным у яе рукавіцах, паланцінах, хусцінах і бярэтах. Не змяншалася вялікая чарга з жадаючых каля машыны фермерскай гаспадаркі “Зямля Надзеі”. Яе прадстаўнікі рэалізоўвалі бульбу і капусту па 15 капеек за кілаграм, моркву – па 25, буракі – па 20, цыбулю – па 32, чорную рэдзьку – па 30 капеек. Побач размясцілася легкавушка, з багажніка якой выглядалі металічныя сеткі. Падышоўшы бліжэй, заўважаю жывы тавар – маленькіх і вялікіх трусоў. Пра сваіх гадаванцаў лунінчане Надзея Бондарава і Іван Лушчык могуць расказваць доўга. “Нямецкі баран” – так называецца парода гэтых трусоў-веліканаў. З пэўнай самавітасцю “Дон Карлеонэ” пазіраваў на нашу фотакамеру. А вось расповядамі пра карысць мёду, асабліва майскага і летняга, падзяліўся Уладзімір Луд з Лунінца. Мужчына 25 год займаецца пчалярствам, мае 50 пчоласем’яў. Зялёная і аранжавая “аранжарэя” выглядала яркай плямай на фоне мокрага шэрага асфальта. Саджанцы каля 30 відаў туі, буякоў і барбарысу прывёз з Іванава Аляксандр Дарагакупец. Вялікія сакавітыя яблыкі куплялі землякі ў дзяўчат з Альшан. З грузавых машын гандлявалі садавінай, агароднінай, зернем работнікі філіяла “НВК “Палессе” райспажыўтаварыства, Палескай станцыі, дзяржаўных прадпрыемстваў “Азярніца”, “Новае Палессе”, СВК “Дварэцкі”, “Вулькаўскі світанак”, ПВУП “Рэдзігерава-Агра”, КУП “Міжлескае” і інш.

Шэры дым з асаблівым пахам шашлыкоў адразу выдаваў месца “дыслакацыі” філіялаў райспажыўтаварыства і ОРСа. Гарачыя і апетытныя, шампуры ляжалі на падносах у чаканні галодных едакоў. І ахвотнікі былі! А тыя, хто ўжо зрабіў запасы на зіму, і пачаставаўся, прыходзілі на плошчу Леніна. Тут сваю творчасць дарылі гледачам работнікі мастацкай самадзейнасці раёна.

Наталля ПАЎЛЮКЕВІЧ

img_8816 img_8818 img_8820 img_8822 img_8825 img_8829 img_8830 img_8833 img_8835 img_8837 img_8839 img_8849 img_8853 img_8856 img_8857 img_8859 img_8860 img_8861 img_8863 img_8864 img_8865 img_8866 img_8868 img_8872 img_8876 img_8878 img_8879 img_8880

Add Comment