Першы маналітны дом

maksim-telpuk
Майстар Максім ЦЯЛЬПУК

Сёння маналітнае будаўніцтва – адна з найбольш перспектыўных тэхналогій узвядзення жылых будынкаў. Яго ідэя простая і, напэўна, знаёма многім. Па такім жа прынцыпе заліваюць падмуркі. У маштабе шматпавярхоўкі гэта выглядае як узвядзенне канструктыўных элементаў з бетонаўтрымліваючай сумесі з выкарыстаннем спецыяльнай апалубкі непасрэдна на будаўнічай пляцоўцы. У Лунінцы літаральна на вачах вырас першы такі дом – па вуліцы Чырвоная, насупраць СШ №4. Пра новы аб’ект расказвае вядучы інжынер ПМК-19 Іван ЯРМОЛІЧ:

– Сучасныя будаўнічыя тэхналогіі дапамагаюць эканоміць. З пачаткам актыўнага інвеставання ў нерухомасць непазбежна пачнецца і масавае ўкараненне інавацый. Некаторыя прыжыліся, іншыя толькі заваёўваюць рынак. Сярод новых тэхналогій, безумоўна, лідарам з’яўляецца маналіт. У такога дома ёсць перавагі перад панэльным: ён цяплейшы. А яшчэ – дзешавейшы за цагляны. Гэта дазваляе маналіту стаць вельмі перспектыўным, асабліва калі ўлічыць, што на недарагое жыллё ёсць попыт. Не сакрэт, што адразу пасля ўзвядзення дома, грунт пад ім асядае, і ў панэльных дамах могуць утварыцца трэшчыны. Маналіт расколін не дае. Многа такіх дамоў зараз паяўляецца ў вялікіх гарадах, дзе будаўнічая прамысловасць выйшла на новы ўзровень.

А яшчэ яны ўзводзяцца вельмі хутка. Уявіце, да работ на пяціпавярховым 30-кватэрным доме наша арганізацыя прыступіла ў канцы ліпеня. На сённяшні дзень усе паверхі пабудаваны, ідзе кладка франтонаў, рыхтуемся рабіць дах. Адначасова вядуцца электрамантажныя работы, вонкавая і ўнутраная аддзелка. І хаця па нарматывах дом павінен быць здадзены ў эксплуатацыю ў лютым 2017-га, спадзяемся справіцца да канца гэтага года.

Ёсць яшчэ адзін істотны плюс у дамоў, пабудаваных маналітным спосабам. Кватэры ў іх ідэальна прыстасаваны для індывідуальных перапланіровак пасля ўсялення – цяжкія канструкцыі абапіраюцца на калоны маналіту, а не на сцены.

На цокальным паверсе прадугледжана размяшчэнне 4-ох гандлёвых памяшканняў. Зручнае месца знаходжання хутка ацанілі мясцовыя прадпрымальнікі, і адзін з іх выкупіў усю плошчу.

Сёння на аб’екце задзейнічана каля 40 нашых работнікаў. Побач працуюць і спецыялісты субпадрадных арганізацый – СПМК-11 (г. Пінск), ПМК-17, БУ-63, “Спецаўтаматыкі”.

Праектам прадугледжана абсталяванне 30 парковачных машына-месцаў, пешаходных дарожак і пляцовак для адпачынку, у тым ліку – дзіцячай з устаноўкай гульнявога комплексу.

Сказаць, што ў будаўнічай галіне сёння ўсё проста і лёгка, нельга. Аднак ПМК-19 удаецца выконваць асноўныя даведзеныя паказчыкі. За 8 месяцаў выканалі аб’ёмы работ на суму 3 мільёны 669 тысяч рублёў. Прадукцыйнасць працы на 1 сярэдняспісачнага работніка склала 26,4 тысячы рублёў, што з’яўляецца адным з самых высокіх паказчыкаў сярод аналагічных прадпрыемстваў вобласці. У пачатку года здалі ў эксплуатацыю 30-кватэрны дом па вуліцы Гагарына ў Лунінцы, працуем на аб’ектах філіяла “Лобчанскае” ААТ “Лунінецкі малочны завод”. Унеслі ўклад у будаўніцтва сянажных траншэй у сельскагаспадарчых прадпрыемствах “Вулькаўскі світанак” і “Гарадоцкі”, рамонт дахаў на аб’ектах сацкультбыту. Спадзяемся, што новы дом па вуліцы Чырвоная ўпрыгожыць Лунінец і парадуе навасёлаў.

svetlana-ryzhkova
З верасня на аб’екце працуюць тынкоўшчыкі БУ-63, у ліку якіх Святлана РЫЖКОВА
kocuba-bobrovnik
За работай муляры Дзмітрый КАЦУБА і Фёдар БАБРОЎНІК (брыгадзір)

Add Comment