Самая вялікая праблема – беспрацоўе

chuchevichi

Старшыня сельвыканкама – значная фігура на тэрыторыі сельскага Савета, бо менавіта да яго звяртаюцца вяскоўцы са сваімі пытаннямі і просьбамі, менавіта ён закліканы аператыўна і своечасова вырашаць многія праблемы, што ўзнікаюць на месцах. А гэта – задача не з лёгкіх. Не ўсю работу сельвыканкама і актывістаў на месцах можна вымераць лічбамі. Галоўнае – разуменне патрэб людзей і дапамога ў вырашэнні праблем. Аб гэтым і іншым вядзем размову са старшынёй Чучавіцкага сельвыканкама Аляксандрам СОЦАМ.

– Падчас нашага візіту ў Вялікія Чучавічы, мясцовыя жыхары параілі наведаць спартыўную залу, якая знаходзіцца пад адным дахам з сельвыканкамам. Яны расказалі, што калісьці тут збіралася моладзь і з задавальненнем, а галоўнае – з карысцю для здароўя праводзіла вольны час. Зараз жа аб’ект знаходзіцца ў аварыйным стане. Ці ёсць надзея, што калі-небудзь у спартыўную залу вернецца “жыццё”?

– Я быў бы толькі рады гэтаму. Тым больш, што побач – кафэ і клуб, дзе адпачываюць не толькі цвярозыя вяскоўцы. Думаю, што многія з радасцю аддалі б перавагу спартыўным заняткам, а не чарцы. Аднак, справа ў тым, што для рамонту, а тут патрэбны капітальны, неабходны значныя фінансавыя сродкі. Іх сёння няма. Насустрач пайшла адміністрацыя мясцовай школы, з дазволу якой маладыя людзі могуць у вячэрні час за невялікую плату гуляць у валейбол ці футбол у спартыўнай зале навучальнай установы. Праўда, жадаючых апошнім часам стала няшмат…

– Здаецца, гэта не адзіная праблема, якая хвалюе мясцовае насельніцтва?

– Зразумела. Сярод актуальных – дарогі. Як і для вырашэння папярэднняга пытання, патрэбны сродкі. Сёлета змаглі закончыць падсыпку адсевам вуліцы Сельская. На жаль, у аграгарадку дагэтуль ніколі такія работы не праводзіліся па вуліцах Спакойная, Працоўная, 3 Ліпеня, Малая… Адпаведна стан іх нельга назваць здавальняючым. Хаця грэйдзіраванне сіламі ДРБУ-101 праводзіцца рэгулярна. Аднак, гэта не знімае праблемы, у тым ліку і на Лугаўской дарозе, дзе рух даволі інтэнсіўны.

– Што яшчэ зроблена ў навядзенні парадку ў гэтым годзе?

– У нас на балансе знаходзіцца 4 могілак, якія падтрымліваем у належным стане, а таксама 7 помнікаў, у тым ліку яўрэйскае пахаванне. Яго, а таксама помнік у Лугах і абеліск у Малых Чучавічах адрамантавалі. Калі прайсці па вуліцах, то можна заўважыць, што амаль усюды тэрыторыя падкошана. Работу выконваў спецыяльна наняты на сезон працаўнік і гаспадары прысядзібных участкаў.

– У навядзенні парадку дзейнічаеце метадам пераканання або іншы раз усё ж даводзіцца прымяняць іншыя меры ўздзеяння?

– Не ўсе згодны з тым, што парадак трэба падтрымліваць сумеснымі намаганнямі. Прыходзіш да гаспадара падворка і кажаш, што ў яго плот пакасіўся. А ён адказвае, што, маўляў, так задавальняе. Не будзеш жа з ім сварыцца. Стараешся падабраць такія словы, каб чалавек зрабіў тое, што трэба, і каб у яго не знікла жаданне звяртацца ў сельвыканкам. Хаця часам даводзіцца і прадпісанні выдаваць. Выконваюць.

– Наколькі ведаю, з мэтай эканоміі ў летні час ноччу на вясковых вуліцах адсутнічала асвятленне. А як зараз?

– На гэты год на асвятленне выдзелена 14 тысяч рублёў у новых грашовых адзінках. З іх засталося 7,5 тысячы. Гэтых сродкаў павінна хапіць да студзеня 2017-га. Ва ўсіх вёсках сельсавета ліхтары асвятляюць ускрайкі населеных пунктаў на працягу ўсёй начы. У Вялікіх Чучавічах з кастрычніка асвятленне вуліц будзе весціся ўвечары і раніцай. Там, дзе ўзнікнуць праблемы, будзем ухіляць. Ад раёна электрасетак у нас працуюць 2 электрыкі, сродкі на набыццё лямп ёсць. Так што па гэтым пытанні ў нас няма прычын для хвалявання.

– Калісьці ў Вялікіх Чучавічах працаваў участак леспрамгаса, які забяспечваў работай многіх вяскоўцаў. Але вось ужо некалькі год ён не функцыянуе. І гэта не лепшым чынам паўплывала на занятасць насельніцва.

– Беспрацоўе – самая вялікая праблема на сённяшні дзень. На тэрыторыі сельсавета зарэгістравана 2692 жыхары, з іх – 1419 працаздольнага ўзросту, прычым, больш як 30 працэнтаў не могуць знайсці работу. А гэта, у сваю чаргу, вядзе яшчэ да адной негатыўнай праявы – п’янства. Адсюль і павелічэнне злачыннасці, у тым ліку сярод непаўналетніх… Пад нашым кантролем знаходзіцца 4 сям’і, чый стан прызнаны сацыяльна небяспечным. На пасяджэнні грамадскага пункта аховы правапарадку выклікаліся 83 скандалісты, выпівохі, тыя, што знаходзяцца на ўліку ў РАУС і крымінальна-выканаўчай інспекцыі. Аднак, не заўсёды прафілактычныя гутаркі “даходзяць” да парушальнікаў правапарадку. Так, адзін са скандалістаў 5 разоў пабываў на нашым пасяджэнні, урэшце, у адносінах да яго ўзбуджана крымінальная справа за прычыненне пакалечанняў… Трэба спадзявацца, што крымінагенная сітуацыя стабілізуецца, бо са жніўня за нашым сельсаветам замацаваны пастаянны ўчастковы міліцыянер Сяргей Дарафееў.

– Вы вядзеце прыём у пэўныя з графікам дні і гадзіны?

– І не толькі ў адведзены час. Людзі ідуць, калі ў іх узнікаюць нейкія праблемы, і не заўсёды па раскладу. Але не было выпадку, каб хтосьці не трапіў на прыём. Жыхары, як правіла, звязваюцца са мной па тэлефонах. Усе ведаюць нумары не толькі стацыянарнага, але і мабільнага. Стараюся быць бліжэй да землякоў, бачыць іх праблемы і дапамагаць у вырашэнні.

– Пасада старшыні сельвыканкама – гэта адказнасць. Не стамляецеся?

– Бывае, што галава ідзе кругам ад шматлікіх пытанняў. Але прыходзіць новы дзень – прыходзяць новыя рашэнні. І душа радуецца, калі крок за крокам атрымліваецца нешта зрабіць для людзей, калі вырашаюцца праблемы добраўпарадкавання, калі паступова развіваецца інфраструктура, калі на абочыну ніхто не вывозіць смецце…

Размову са старшынёй Чучавіцкага сельвыканкама давялося завяршыць раптоўна. Хаця быў час абедзенага перапынку, Аляксандр Васільевіч спяшаўся арганізаваць мерапрыемствы ў адпаведнасці з планам дзеянняў па абвешчанай ваенкаматам вучэбнай трывозе.

Add Comment