У крокавай даступнасці

novaya-apteka-02

Першыя жыхары засяліліся ў новы дом па вуліцы Гагарына, 202. У панядзелак дзверы тут адчыніла восьмая па ліку ў Лунінцы дзяржаўная аптэка №256, якая належыць абласному РУП «Фармацыя».

Ні для каго не сакрэт, што галоўным у жыцці з’яўляецца здароўе, і берагчы яго трэба з нараджэння. Аднак стопрацэнтнай «страхоўкі» ад захворванняў няма. І тады мы не толькі звяртаемся за дапамогай да медыкаў, але і наведваем аптэку. А мець яе «пад бокам», у крокавай даступнасці – выгода, абумоўленая часам. Многія жыхары мікрараёна ўжо ацанілі гэтую зручнасць.

У новай аптэцы ветліва сустрэў выдатны тандэм – фармацэўт Галіна Скіба і загадчыца аптэкі, правізар Ірына Канапацкая.

novaya-apteka

Памяшканне светлае і прасторнае. Кожны стэлаж ўяўляе сабой яркую выставу, дзе знайсці тое, што неабходна, вельмі проста. Вось усё для самых маленькіх, побач – вітамінныя комплексы, лячэбная касметыка. Ёсць і куток, дзе прыемна бавіць час у чаканні сваёй чаргі.

– Асартымент у нашай аптэцы вельмі вялікі. Шырока прадстаўлены не толькі медыкаменты, але і травы, лячэбныя чаі, прадметы догляду за хворымі, медыцынская тэхніка, тавары для дзяцей, – распавядае Ірына Фёдараўна. –Адпускаем медыкаменты па рэцэптах і безрэцэптурныя прэпараты. Маем усе неабходныя сертыфікаты на гарант якасці. Аплату праводзім як па картах праз тэрмінал, так і за наяўныя сродкі. Калі ж пэўнага прэпарата няма ў наяўнасці, яго можна заказаць.

У новай аптэцы дзейнічае 5-працэнтная скідка на лекавыя прэпараты айчыннай вытворчасці для пенсіянераў, мнагадзетных  сем’яў, дзяцей ва ўзросце да 3 год і інвалідаў. Для атрымання льготы неабходна прад’явіць пенсійнае пасведчанне, пашпарт ці пасведчанне інваліда.

Карыстаючыся выпадкам, вырашылі пацікавіцца, ці не плануюць у горадзе зрабіць хоць адну дзяжурную начную аптэку? За адказам  накіраваліся да намесніка загадчыцы Лунінецкай цэнтральнай раённай аптэкі Таццяны Медзінай.

– Такіх планаў няма. Цэнтральная аптэка некаторы час працавала да 22.00. Як паказала практыка, пасля 20.00 абарот медыкаментаў фактычна спыняецца. Думаю, у кожнага, хто клапоціцца пра сваё здароўе, у дамашняй аптэчцы заўсёды ёсць медыкаменты першай неабходнасці. У экстранных выпадках варта выклікаць «хуткую дапамогу», якая працуе кругласутачна.

Інфармацыю аб наяўнасці лекаў і кошце можна атрымаць па нумары 2-22-65. Аптэка працуе: панядзелак-пятніца – з 9.00 да 20.00, у суботу і нядзелю – з 9.00 да 17.00.

Першымі ўражаннямі падзяліліся наведвальнікі новай аптэкі.

Кацярына:

– Жыву ў доме №177. Выдатна, што побач ёсць такая ўстанова.  Усё тут добра расстаўлена. Адразу зразумела: калі з прастуднымі праблемамі – да гэтай вітрыны, за касметыкай – да суседняй, для “малышоў-карандашоў” – крыху далей. Дзякуючы тлумачальным таблічкам, няма неабходнасці доўга шукаць патрэбны прэпарат.

Аляксандр:

– Мне, з маёй нецярплівасцю, падабаецца, што няма чаргі! Можа, канешне, гэта часова. Яшчэ не ўсе ведаюць, што пачала працаваць аптэка пад бокам. Але гэта вялікі плюс. Падкупляе ветлівасць персаналу. Вось бы так усюды!

Наталля АРАШКЕВІЧ.

 

Add Comment

Войти с помощью: