За пацыента кожнага ў адказе

Сфера аховы здароўя Лунінеччыны штогод папаўняецца маладымі спецыялістамі. Вось і ў гэтым годзе працаўладкавалі 17 урачоў рознай спецыялізацыі. Да работы ў аддзяленнях цэнтральнай раённай бальніцы прыступілі тэрапеўт і анестэзіёлаг-рэаніматолаг. Калектыў філіяла №1 «Мікашэвіцкая бальніца» папоўніўся дэрматавенеролагам і двума ўчастковымі педыятрамі. У паліклініку райцэнтра накіравалі 9 чалавек: тры хірургі, двух тэрапеўтаў, пэдыятра, рэнтгенолага, урача лабараторнай дыягностыкі, а таксама псіхіятра-нарколага. Малады ўрач прыступіў да работы ў стаматалагічнай паліклініцы. У сельскую мясцовасць размеркаваны 3 маладыя медыкі. Хаця і папрацавалі яны няшмат, водгукі пра іх пакуль толькі станоўчыя.

– Маладыя ўрачы дзейныя, мэтанакіраваныя, ведаюць сваю справу, – дзеліцца ўражаннямі загадчыца раённай паліклінікі Людміла Елізава. – Радуе, што яны ўважлівыя ў адносінах да пацыентаў.

rodcevich-igorЗ дзяцінства марыў стаць урачом Ігар РАДЦЭВІЧ. Для дасягнення запаветнай мары пасля 9 класаў паступіў у ліцэй пры Палескім універсітэце. Калі ж стаў студэнтам, з кожным курсам упэўненасць у тым, што выбраў правільны шлях, толькі мацнела. Не палохалі ні паходы ў «анатамічку», ні выгляд крыві. Юнак закончыў Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Затым – інтэрнатуру ў Пінску. У раённай паліклініцы працуе рэнтгенолагам.

Ігар Анатольевіч вельмі хваляваўся, упершыню пераступаючы парог рабочага кабінета. Справіцца з перажываннямі дапамаглі добразычлівасць і пад-трымка калег, асабліва лабаранта Наталлі Насеня, якая пры неабходнасці дае каштоўныя парады, падбадзёрвае.

Урач-рэнтгенолаг займаецца дыягностыкай.

– Работа няпростая, звязана з рэнтгенаўскім выпраменьваннем. У такіх умовах галоўнае – сачыць за радыяцыйным фонам у памяшканні, ці адпавядае ён нормам радыяцыйнай бяспекі. Але яшчэ важней чалавечыя якасці – адказнасць, неабыякавасць. Плюс да гэтага – «гара» цярпення і вытрымкі, таму што пацыенты прыходзяць у розным стане, настроі, неабходна стрымліваць уласныя эмоцыі. Ну і, па магчымасці, зразумела растлумачыць прычыну захворвання. Тут створаны ўсе ўмовы для работы. Вырашана жыллёвае пытанне. Так што скардзіцца няма на што. Кажуць, што слова лечыць. Не ведаю, але калі гэта так, значыць, размаўляючы і супакойваючы пацыента, мы палягчаем яго самаадчуванне.

zaxarko-mariyaУчастковы ўрач-педыятр Марыя ЗАХАРКО на адпрацоўку прыехала разам з мужам. Аляксандра накіравалі ў раённую бальніцу анестэзіёлагам-рэаніматолагам. Пазнаёміліся, калі былі студэнтамі медыцынскага ўніверсітэта ў Гродна. Менавіта ў гэтым абласным цэнтры нарадзілася і вырасла Марыя. Але Лунінец ёй таксама спадабаўся. Тут маладыя людзі здымаюць кватэру. Зараз займаюцца добраўпарадкаваннем свайго жылля: купляюць мэблю, іншыя рэчы, якія нададуць утульнасць пакоям. А яшчэ яны будуюць планы на будучыню і вераць, што ўсё ў іх атрымаецца.

– Тут жывуць ветлівыя і чулыя людзі, якія заўсёды выслухаюць і дапамогуць. Работу сваю вельмі люблю, хаця ў дзяцінстве марыла стаць ветэрынарам. Цяжкавата бывае з-за дрэннага арыентавання ў мясцовасці, таму што даводзіцца шмат хадзіць па выкліках.

– За гэты непрацяглы час вельмі прывыкла да калектыву. Калі ўзнікаюць сумненні наконт дыягназаў, раюся з калегамі. Вялікі дзякуй ім за пад-трымку і дапамогу, у асаблівасці медыцынскай сястры Дзіне Мелюх.

petrukovich-aleksandrНа прыём да хірурга Аляксандра ПЕТРУКОВІЧА  запісваецца многа пацыентаў. Малады ўрач заслужыў давер і павагу жыхароў раёна.

Аляксандр Анатольевіч нарадзіўся ў Пружанскім раёне. Сёлета ён закончыў Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Адаптацыя праходзіць даволі лёгка. Па-першае, парадавала, што ва ўстанове працуе шмат маладых спецыялістаў. А гэта – не толькі дадатковы абмен вопытам, але і сяброўскія адносіны. Па-другое, калектыў паліклінікі высокакваліфікаваны. Тут заўсёды дапамогуць у той ці іншай складанай сітуацыі.

Па словах Аляксандра, работа хоць і цяжкая, але цікавая. Здараецца рознае, аднак вельмі прыемна чуць шчырыя словы ўдзячнасці ад пацыентаў, якім дапамагаеш.

Прывыкнуць да новага месца жыхарства дапамагае жонка Анастасія, якая дарэчы, лунінчанка. Зараз дзяўчына праходзіць інтэрнатуру ў Пінску. Першы вопыт малады хірург атрымаў у аддзяленні «хуткай дапамогі» адной з бальніц Брэста. У нашым жа райцэнтры юнак спадзяецца ўдасканальваць свае тэарэтычныя веды і практычныя навыкі, стаць сапраўдным прафесіяналам.

На развітанне Аляксандр Анатольевіч падзяліўся марамі і надзеямі: “Хацелася б, каб усе былі здаровымі, каб у кожнага заўсёды пераважалі станоўчыя эмоцыі, а жыццё складвалася шчасліва і радасна. Што датычыць асабіста мяне, то мая мара – больш практыкавацца, аперыраваць. Хоць вопыту пакуль што недастаткова, аднак у паліклініцы працуюць годныя настаўнікі, спецыялісты-хірургі са стажам, у якіх можна шмат чаму навучыцца. Таму веру і спадзяюся, што ў мяне ўсё атрымаецца”.

Вось такія яны, маладыя спецыялісты! Такія розныя, але, разам з тым, вельмі мэтанакіраваныя, актыўныя і ўпэўненыя ў сабе.

Add Comment