Чыста — на падворках, бяспечна — у дамах

laxva-rejd-mchs-02
Людміла Пашкевіч, Таццяна Шулякевіч і Марына Качура

У чарговы рэйд па пытаннях добраўпарадкавання і захавання правілаў пажарнай бяспекі ў ацяпляльны сезон накіраваліся супрацоўнікі РАНС: старшы інжынер Віктар Чарнавокі, інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі Марына Качура, а таксама ўрач-гігіеніст РЦГіЭ Віктар Даніловіч. Цэнтрам увагі правяраючых стала вёска Лахва.

Па прыезду адразу заўважаем, што на вясковых вуліцах актыўна ідуць земляныя работы. Старшыня мясцовага сельвыканкама Людміла Пашкевіч, якая далучылася да рэйду разам з участковым інспектарам міліцыі Міхаілам Насковічам, патлумачыла: неўзабаве ў населеным пункце паявіцца хуткасны інтэрнет. Оптавалаконную сувязь наладжваюць прадстаўнікі РВЭС.

Першы дом, куды зазірнулі, адразу выклікаў негатыўныя эмоцыі: усюды бруд, раскіданыя рэчы. Зразумела, што навесці парадак 92-гадовай гаспадыні не пад сілу, а вось сын, які пражывае разам з ёй, упаўне мог бы справіцца з гэтымі абавязкамі. Хаця і прызнаць, што ён не стараецца, нельга, бо засталі мужчыну за мыццём бялізны. Тым не менш, прагучалі папрокі наконт навядзення чысціні ў пакоях і на вуліцы, няспраўнай грубкі, адсутнасці ў доме аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка (дарэчы, яго на развітанне ўручылі).

Невялікія заўвагі ад інспектара атрымаў гаспадар дома па наступным адрасе. Пенсіянер расказаў, што жыве адзін. Нягледзячы на паважаны ўзрост, усё робіць самастойна. З усмешкай прыняў удзячныя словы за парадак на падворку. Яго прыклад быў бы дарэчы землякам, да якіх зазірнулі пазней.

Хваробы перашкаджаюць выходзіць на вуліцу 83-гадовай жанчыне. Але памалу яна распальвае печку, ды завядзе размову са сваім сынам. Ён і прадукты прынясе, і лекі патрэбныя купіць. Параілі знайці час, каб абавязкова прыбраць апалую лістоту ў двары і за яго межамі.

Падобнае пажаданне агучылі чарговаму вяскоўцу. Сваю старасць ён сустракае ў адзіноце, але праз дарогу жыве дачка, якая дапамагае і не дае сумаваць бацьку. А вось навакольны свет яго суседкі – 85-гадовай жыхаркі Лахвы – абмежаваны толькі вокнамі дома. Апошнімі навінамі з ёй дзеліцца сястра, якая ажыццяўляе догляд. Парадавала тое, што пажарны апавяшчальнік у пакоі ёсць. Праўда, у ім неабходна было замяніць элемент сілкавання, што без праблем зрабіў прадстаўнік РАУС.

На супрацьлеглым баку вуліцы ўбачылі кантрасны малюнак: чысты падворак, за агароджай якога ляжалі адцвіўшыя кветкі. Неяк не верылася, што сама гаспадыня можа вырваць іх і проста выкінуць за плот. Дарэмна. Сапраўды такім чынам пажылая жанчына “навяла парадак”, што стала вядома з размовы паміж ёй і старшынёй сельвыканкама. Міжволі стаўшы сведкай гутаркі на павышаных танах, старалася зразумець абедзвюх апанентак. У выніку дамоўленасць усё ж была дасягнута, і рэшткі раслін пенсіянерка паабяцала прыбраць. Атрымала жанчына яшчэ адно даручэнне – устанавіць падораны ёй пажарны апавяшчальнік.

Узрадавалася нечаканаму візіту 88-гадовая вяскоўка. І першае пытанне, якое адрасавала гасцям, ці можна ёй уладкавацца ў так званы “Дом састарэлых”. Блізкіх няма, абслугоўваць сябе самастойна не стае сіл… Старшыня сельвыканкама Людміла Пашкевіч паабяцала вывучыць гэту праблему, як і разгледзець магчымасць знайсці сацыяльнага работніка.

laxva-rejd-mchs-01

Мы пабывалі яшчэ па некалькіх адрасах, дзе жывуць састарэлыя людзі, мнагадзетныя сем’і і інваліды. Уручалі пажарныя апавяшчальнікі і памяткі па добраўпарадкаванню, рэкамендавалі ўхіліць выяўленыя недахопы. Завяршаючы рэйд, увагу прыцягнула паўразбураная хата непадалёк ад будынка сельсавета. Аказалася, работнікі Мікашэвіцкай ЖКГ Юрый Трэсцін (на здымку) і Генадзь Астаповіч вялі работы па зносе старога будынка: драўляныя дошкі складвалі на трактар і адвозілі ў школу, на кацельню.

Add Comment