«ЦІХАЯ» просіць дапамогі

ulica-tixaya

– Куды толькі ні звяртаўся, адказ адзін: “Чакайце…”, – Васіль Шмат з вуліцы Ціхай у Лунінцы адстойвае сваё права жыць у чалавечых умовах.

Сям’я Васіля Васільевіча тры гады таму ўзвяла новы дом. Толькі б радавацца, але апошнім часам узнікла праблема падтаплення. Зараз у склепе ў Шматаў стаіць вада, бульбу і іншыя запасы на зіму давялося падняць на гарышча. У хаце – вільгаць…

У падобным становішчы апынуліся і іншыя ўладальнікі дамоў па названай, ды і па суседніх вуліцах. Праязджаючы на аўтамабілі, разумееш, што сучасны сродак перамяшчэння тут – не самы лепшы варыянт. Можа загразнуць. Ногі ў гумовыя боты – і наперад. На жаль, іх не аказалася з сабой, таму не сталі рызыкаваць і спыніліся побач з меліярацыйным каналам. Іх у гэтым мікрараёне, які найбольш набліжаны да Прыпяці, некалькі. І ўсе яны запоўнены, а некаторыя выйшлі з берагоў і падтапілі агароды і дамы гараджан (на здымку).

Колькі і чаго чакаць жыхарам Ціхай і навакольных вуліц? Маразы маглі б палепшыць сітуацыю, але сіноптыкі прагназуюць дажджы. А значыць, вада будзе яшчэ прыбываць.

Начальнік участка санітарнай ачысткі Лунінецкай ЖКГ Сяргей Самусевіч расказаў, што пры дапамозе тэхнікі ў сераду спрабавалі ачысціць каналы, але палепшыць становішча не ўдалося. Выратаваць можа толькі адпампоўка вады.

Начальнік ПМС Віктар Клімовіч вывучаў сітуацыю на месцы, але асаблівай праблемы не ўбачыў. Магчыма, калі б на вуліцы Ціхай знаходзіўся яго дом, помпавая станцыя меліярацыйнага аб’екта “Беразіно” была б уключана значна раней.

Алена ДАНІЛОВІЧ

Add Comment

Войти с помощью: