Гімназія, табе — любові словы!

img_8646

Святы і будні належным чынам закліканы чаргавацца ў нашым жыцці. Першыя – натхняюць, ствараюць эмацыянальны фон для апошніх. Напэўна, і ўрачыстасць, якая ў мінулую пятніцу адбылася ў зале гарадскога Дома культуры, пакінула яркі і светлы след ва ўспамінах яго ўдзельнікаў.

Гімназіі г. Лунінца – 25 … А якой яна стала за чвэрць стагоддзя? У ёй пастаянны педагагічны калектыў, значыць – цярплівая. Тут шмат усмешлівых асоб, значыць – шчаслівая. Тут заўсёды рады сваім выпускнікам, значыць – гасцінная. Тут гатовы дапамагчы кожнаму вучню, значыць – спагадлівая. Сюды былыя ліцэісты прыводзяць сваіх дзяцей, значыць – любімая.

Наўрад ці ёсць неабходнасць падрабязна расказваць сцэнарый. Над ім годна папрацавалі арганізатары свята. Але на некаторых яго момантах усё ж хацелася б спыніць увагу нашых чытачоў.

Юбілей адзначылі з належным размахам. На ўрачысты канцэрт прыйшлі ветэраны адукацыйнай установы, настаўнікі і работнікі гімназіі, вучні і выпускнікі. Далучыліся да святкавання прадстаўнікі раённай улады. З цеплынёй успомніў цяперашні дырэктар гімназіі Аляксандр Грушэўскі пра сваіх папярэднікаў. Іх воля, энергія, крэатыўнасць, разам з талентам і здольнасцямі калег, дапамаглі стварыць тое, што сёння з поўным правам называецца працаздольным, творчым калектывам. Гэта пацвердзіў намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Захаркевіч.

Кранаючым момантам імпрэзы стала ўшанаванне ветэранаў педагагічнай працы, якіх зала вітала апладысментамі і кветкамі. Пад мелодыю вальса два пакаленні – цяперашнія вучні і заслужаныя настаўнікі – закружыліся ў танцы.

Спецыяльна падрыхтаваны відэафільм распавёў пра гісторыю гімназіі, яе дасягненні за 25 год і ўпэўнены погляд на сучаснасць. Прэзентацыя фотаздымкаў мінулага навеяла ўспаміны тым, хто вучыўся і працаваў у слаўны час ліцэя. Упрыгожваннем святочнага вечара сталі мастацкія нумары, падораныя ўзорным танцавальным калектывам «Мірыданс» ЦДТ, Крысцінай Збралевіч, Анжалікай Пахолак.
Ні для каго не сакрэт, што гімназія славіцца лепшымі педагогамі горада. За добрасумленную працу настаўнікі і работнікі былі ўзнагароджаны Граматамі і Падзячнымі лістамі.

Выпускнікі гімназіі таксама прыйшлі павіншаваць сваіх настаўнікаў. Цяперашніх і былых. З музычным падарункам выступіла выпускніца 2001 года Таццяна Кавалец. Прыемным сюрпрызам для педагогаў стала відэавіншаванне ад вучняў, якія ўжо адбыліся ў жыцці.

Сардэчныя, цёплыя словы выказаў настаяцель храма ў гонар іконы Божай Маці «Взыскание погибших» іерэй Сергій Крышталь:

– Бог ганарлівым пярэчыць, а пакорлівым дае ласку. Вучыцеся цярпенню, настойліва спасцігайце навуку. Веды адкрываюць шматлікія дзверы. Хай не ўсе стануць свяціламі, але многія з вас, спадзяюся, будуць выдатнымі людзьмі і прафесіяналамі ў сваёй сферы дзейнасці. Са святам, сіл вам, цярпення і Божага благаслаўлення!

Раздзяліць свята прыйшлі былы дырэктар гімназіі Мікалай Паўловіч, галоўны спецыяліст раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Галіна Цяльпук, галоўны рэдактар газеты «Лунінецкія навіны» Таццяна Вайцяхоўская, дырэктар ПВУП «Вікторыя» Таццяна Удавенка. Яны падрыхтавалі добрыя словы, шчырыя вітанні, найлепшыя пажаданні і, вядома, падарункі. Не засталіся ўбаку ад юбілею калег дырэктары гарадскіх школ і Мікашэвіцкай гімназіі імя У. Нядзведскага.

Самымі блізкімі саюзнікамі ў навучанні і выхаванні з’яўляюцца бацькі. Менавіта яны аказваюць падтрымку ва ўсіх інавацыях, што рэалі-зуюцца ў гімназіі. Прачулым атрымалася выступленне старшыні бацькоўскага камітэта Алены Некрашэвіч.

І ўсё было, як на сапраўдным дні нараджэння – кветкі, усмешкі, шчырая радасць значнай урачыстасці. Дзве гадзіны прамільгнулі як адно імгненне, пакінуўшы ў сэрцы кожнага светлую радасць ад сустрэчы і ўспамінаў.

img_8653 img_8658 img_8660 img_8666 img_8668 img_8669 img_8674 img_8688 img_8691 img_8693 img_8701 img_8702 img_8703 img_8705 img_8713 img_8730 img_8732 img_8753 img_8765 img_8767 img_8778 img_8787 img_8796 img_8807 img_8810

Add Comment