«Маркоўны край»

Менавіта такая народная назва трывала замацавалася за тэрыторыяй Вулькаўскага сельсавета. Яно і не дзіўна: мясцовыя фермеры і асобныя вяскоўцы штогод атрымліваюць багаты ўраджай агародніны. Калі па вырошчванню прадукцыі складанасцей, як правіла, не ўзнікае, то вось са збытам крыху цяжкавата.  Аб гэтай праблеме і не толькі ведае старшыня сельвыканкама Аляксандр Кушнярэвіч.

Яго дэпутацкі стаж бярэ пачатак у 1999-ым, а цяперашнюю пасаду займае з 2005-га. Шмат чаго здарылася за гэты час: былыя вёскі набылі новы статус аграгарадкоў, у якіх актыўна развівалася інфраструктура. Насельніцтва хутка прывыкла да сучасных выгод цывілізацыі. Жыхары Вулькі 2 і Бродніцы карыстаюцца прыродным газам. Ёсць упэўненасць, што да канца года блакітнае паліва паявіцца ў дамах у Краснай Волі. Пытанняў, звязаных з яго пад-ключэннем, сёлета было шмат. Асабліва турбуе гэта праблема хутаран. Вялікія адлегласці домаўладанняў ад цэнтральнага газаправода патрабуюць дадатковых выдаткаў.

– Землякам прапанавалі два варыянты, – удакладніў Аляксандр Барысавіч. – Першы – 70 працэнтаў работ фінансуюцца за дзяржаўныя сродкі, 30 – насельніцтва. Аднак сума атрымалася ўнушальнай, таму многія землякі адмовіліся ад задумкі. Таксама не знайшлося ахвотнікаў самастойна аплаціць пракладку газа-правода, а бясплатна атрымаць газавыя кацёл і пліту. Зноў-такі канчатковая сума істотна біла па кашальку вяскоўцаў. Яны напісалі заявы на адмову.

Не ўпускае з віду старшыня сельсавета і дарожныя праблемы. Стан пакрыцця вуліц даўно патрабуе ямкавага рамонту. З просьбамі добраўпарадкаваць іх звярталіся жыхары Падлясочнай, Кастрычніцкай і Азёрскай у Вульцы 2, а таксама Чырвонай, Зялёнай і Маладзёжнай – у Краснай Волі, Пясчанай – у Бродніцы.

Апошнім часам Аляксандр Барысавіч адмоўна адказвае на просьбы вяскоўцаў трымаць хатніх свіней. З-за пагрозы небяспечнага захворвання на тэрыторыі сельсавета дзейнічае забарона ветэрынарнай службы раёна. Таму на сельскіх падворках можна пачуць галасы птушак, кароў, коз і іншых жывёлін. Але за паўсядзённымі клопатамі няварта забываць пра навядзенне чысціні і парадку – аб гэтым вядуцца гутаркі ці не штодня.

Сёлета калектыў Вулькаўскага сельсавета прымаў віншаванні: ён заняў другое месца на Брэстчыне па вырашэнню пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва ў 2015 годзе. Крыху раней – у 2011-ым – у Аляксандра Кушнярэвіча і яго калег была “бронза”. Спадзяемся, што ў перспектыве нашы землякі абавязкова стануць лідарамі!

 

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.