Наступная прыступка – 6-тысячная

vulka-2

Ганаровага Дыплома пераможцаў абласнога спаборніцтва за дасяненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці малака сярод МТФ Брэстчыны за 9 месяцаў удастоены жывёлаводы МТФ “Галы Бор” СВК “Вулькаўскі світанак”.

Павіншаваць працаўнікоў з гэтай нагоды ў сельгаспрадпрыемства прыехалі намеснік старшыні абкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксей Флар’яновіч, загадчык ад-дзела сацыяльна-эканамічнай работы Аляксандр Бараноўскі, начальнік аддзела вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі аблсельгасхарчу Юлія Леванчук, намеснік генеральнага дырэктара “Брэстплемпрадпрыемства” Ірына Майсакова, а таксама старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Ермалёнак і намеснік начальніка райсельгасхарчу Алег Багук.

Уручаючы заслужаную ўзнагароду, Аляксей Флар’яновіч падзякаваў прысутным за добрую работу і пажадаў у далейшым дасягнуць яшчэ лепшых вынікаў. Тое, што калектыў перамог у намінацыі па вытворчасці малака ў групе да 5-тысячных надояў на карову, – гэта добра. Аднак варта пастарацца ўзняцца на прыступку вышэй і мець 6-тысячныя паказчыкі.

Па словах кіраўніка сельгаспрадпрыемства Уладзімі-ра Соца ў сённяшніх умовах – гэта ўпаўне дасягальна. Жывёлагадоўля ў гаспадарцы – прыярытэтная галіна. Яе развіццю падпарадкаваны ўсе службы. З года ў год укладваюцца значныя сродкі як у будаўніцтва, так і ў рамонт памяшканняў. Паляпшаюцца бытавыя ўмовы. Гэта дазволіла толькі сёлета валавую вытворчасць малака павялічыць на тысячу тон. Калі не зніжаць узятых тэмпаў, то можна будзе ў хуткім часе ганарыцца сваімі вынікамі.

Што датычыць непасрэдна МТФ “Галы Бор”,  то яна была ўзведзена ў 2009 годзе. Утрымліваецца тут 653 каровы і амаль 100 нецеляў, якіх мяркуецца ў бліжэйшы час увесці ў асноўны статак. Абслугоўваюць яго  21 чалавек, сярод якіх 4 спецыялісты. Тры гады таму калектыў узначаліла Людміла Вячорка. Бухгалтар па спецыяльнасці, а па прызванню – жывёлавод, у свой час яна пакінула кабінетную работу і стала працаваць тэхнікам-асемянатарам, завочна закончыла Столінскі сельскагаспадарчы тэхнікум. На рабоце не толькі паказвала нядрэнныя вынікі, але і праявіла сябе як добры арганізатар. Аб гэтым красамоўна сведчаць лічбы: валавая вытворчасць малака за 10 месяцаў сёлета павялічылася на 20 працэнтаў. У разліку на карову надаілі  4500 кілаграмаў малака. Да канца года плануецца мець не менш як 5300 кілаграмаў. А падставы для руху наперад ёсць: моцная кармавая база, уменне калектыва працаваць зладжана і захоўваць тэхналогію. Зараз тут заканчваецца наладка новага даільнага абсталявання. Гэта прымушае жывёлаводаў працаваць у больш напружаным тэмпе. Тым не менш, пацярпець часовыя цяжкасці ніхто не адмаўляецца. Усе ўпэўнены, што пасля заканчэння работ умовы працы стануць яшчэ лепшымі.

Add Comment