“Першая ластаўка”

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

У Мікашэвічах у канцы мінулага тыдня адкрыўся спартыўна-забаўляльны комплекс. Ён уключае ў сябе пляцоўку вулічных трэнажораў, дзіцячы гульнявы гарадок і міні-парк. Ініцыятарам стварэння, а таксама распрацоўшчыкам, рэалізатарам і фундатарам гэтага выдатнага праекта стаў працоўны калектыў РУВП «Граніт» на чале з генеральным дырэктарам Эдуардам Гаўрылковічам.

Каб у невялікай святочнай цырымоніі змагло ўдзельнічаць як мага больш людзей, урачыстае адкрыццё новага месца актыўнага адпачынку для жыхароў і гасцей Мікашэвіч было свядома запланавана на канец працоўнага дня. Зрэшты, першыя наведвальнікі каля Палаца культуры РУВП «Граніт» з’явіліся значна раней прызначанага часу. Дзетвара з радасцю і запалам знаёмілася з разнастайнымі элементамі гульнявога гарадка, дарослыя хадзілі вакол пляцоўкі з вулічнымі трэнажорамі, новымі арэлямі і арыгінальнымі шырокімі лаўкамі пад навесамі з полікарбанату.

На святочны лад настройвала музыка і рознакаляровыя гірлянды з паветраных шароў, якія ўпрыгожвалі пабудовы новага аб’екта. Са сцягамі – дзяржаўным і сімволікай гранітаздабываючага прадпрыемства – прайшлі футбалісты. Дружнымі апладысментамі падтрымлівалі гледачы выступленне Эрыкі Дземідовіч і выхаванак дзіцячых танцавальных калектываў Палаца культуры.

Са знамянальнай падзеяй землякоў павіншавалі намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Кавалевіч і старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Рафаловіч. Госці падкрэслілі, што мясцовая ўлада будзе і ў будучым садзейнічаць такім выдатным пачынанням. Генеральны дырэктар РУВП «Граніт» Эдуард Гаўрылковіч шчыра падзякаваў работнікам прадпрыемства, якія за два месяцы распрацавалі праект, адшукалі і набылі неабходнае абсталяванне і матэрыялы, а затым самастойна пабудавалі гэты ўнікальны комплекс. Дарэчы, па словах кіраўніка, ён не будзе адзіным. У планах на будучы год – працягнуць пачынанне.

Па ўсім перыметры тэрыторыі новабудоўлі агарадзілі ажурнай металічнай сеткай, усталявалі сферычныя люстэркі, сістэму відэаназірання і магутныя сучасныя вулічныя свяцільні, пабудавалі пешаходныя пераходы. Таксама ажыццявілі добраўпарадкаванне з дапамогай камянёў, рознакаляровых тратуараў і разбіўкі газона. Дапаўняе комплекс вялікі банэр з надпісам-матыватарам «Слабыя пачынаюць з панядзелка… Дакажы, што ты моцны! Пачні мяняцца прама цяпер!».

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

 

 

Add Comment