Прывабіла Палессе

kozin

Ці добра жыць у Беларусі? Дакладны адказ на такое пытанне можа даць чалавек, які пабываў у розных мясцінах, змяніў не адно месца жыхарства і пазнаёміўся з многімі прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцей і культур. А доказам таго, што ў нас усё добра, можна лічыць той факт, што менавіта на Лунінеччыне такі вандроўнік вырашыў асталявацца.

Іван КОЗІН зараз жыве ў Палескім. Нарадзіўся ў 1927 годзе, вырас у Алтайскім краі. Маленства было складаным. На дабрабыце родных адбілася рэвалюцыя. Пасля раскулачвання дзеда, сям’я апынулася ў ссылцы ў тайзе. Пазней маці яго з сястрычкай пакінула без нагляду, і яны апынуліся ў дзіцячым доме.

У дзяржустанове старэйшых хлопцаў накіроў-валі на работу ў калгасы, дзе Іван пазнаваў працоўнае жыццё не з вокнаў, і сталеў хутчэй за свой сапраўдны ўзрост. Пазней гора-матулю ўсё ж прымусілі клапаціцца пра дзяцей, але якая гэта любоў, што ішла не ад сэрца, а па загаду. Даводзілася і жабраваць, і вытрымліваць жорсткія ўказанні айчыма.

Да сібірскага краю дакаціліся водгукі вайны. З-за абвастрэння адносін з Японіяй і катастрафічнага недахопу баявой сілы ў іх мясцовасці аб’явілі набор у войскі 17-гадовых падлеткаў. Так у канцы 1944-га Іван трапіў ва Уладзівасток, у ваенна-паветраныя сілы. Служыў на аэрадроме, у абавязкі ўваходзіла абслугоўванне лятальных апаратаў.

Хутка новы загад прымусіў аказацца на Сахаліне. Ахоўвалі японскіх ваеннапалонных, удзельнічалі ў захопе варожых разведчыкаў. Неўзабаве размеркавалі на іншы, толькі што адваяваны аэрадром, дзе і доўжылася служба. Здзіўлялі звычаі японцаў, зусім не падобныя на рускія, і жалезная дысцыпліна ў іх арміі. Пра па-дзеі таго часу сведчаць запісы ў ваенным білеце.

Вярнуўся са службы ў 1951 годзе, і пайшло цы-вільнае жыццё па зусім іншай каляіне. Уладкаваўся на работу ў арганізацыю, якая будавала жыллё на розных аб’ектах вялікай краіны. Працяглыя камандзіроўкі давалі магчымасць пазнаёміцца з прыродай і кліматам Пермскай і Куйбышаўскай абласцей, Комі АССР. Пабываў на Кубані і ва Узбекістане.

Частыя пераезды, акрамя добрага заробку, мелі і адмоўны бок – не складвалася асабістае жыццё. Некалькі разоў ствараў сям’ю, але адносіны не былі працяглымі. Адзін са шлюбаў закончыўся разводам, дачка засталася жыць з маці. У другім – аўдавеў. Калі стаміўся ад   адзіноты, пазнаёміўся з беларускай Ганнай Цыганковай і даведаўся пра Палессе.

Ганна Міхайлаўна нарадзілася ў 1946-ым і трапіла на Кубань пасля Чарнобыльскай катастрофы. Да гэтага жыла ў Гомельскай вобласці, засталася без мужа, далёкім і складаным пераездам вырашыла ратаваць ад  радыяцыі двух сыноў. Але ад наканаванага лёсу збегчы можна не заўсёды, гора напаткала ў іншай сітуацыі – адзін з хлопцаў загінуў у аўтамабільнай аварыі некалькі год таму…

У Расіі ажаніўся другі сын і асталяваўся там. А яна хутка засумавала па родных мясцінах, па гонкіх бярозах і звонкіх птушыных спевах. Часта расказвала мужу аб сваёй прыгожай Беларусі. Вырашылі прыехаць. Наведалі Лунінеччыну, дзе жыла яе цётка. Паглядзелі, і вельмі тут спадабалася.
Купілі дом у Палескім, зрабілі ў ім рамонт, падвялі прыродны газ. Утульнасць у пакоях і спакой у краіне дораць адчуванне дабрабыту і надзейнасці, лепшага і жадаць не трэба. Разам Іван Пятровіч і Ганна Міхайлаўна ўжо 17 год. Гаспадар выглядае значна маладзей за свой узрост, хаця праблем са здароўем хапае. Сказваецца цяжкая траўма, якую некалі атрымаў на будоўлі.

Размова з Іванам Пятровічам цягнецца доўга. Столькі ўбачыў і ўсяго зведаў чалавек на сваім доўгім шляху. Чыстая руская мова з яго вуснаў гучыць мякка і прыгожа, адчуваюцца адукаванасць і цвёрдая жыццёвая пазіцыя. Галоўнае, што хвалюе доўгажыхара – захаванне міру на зямлі. У яго памяці дагэтуль гучыць трывожны гул бамбардзіроўшчыкаў, якія стрэламі ўзнімаліся ў неба. Згадваюцца эпідэміі, беднасць і нястача…

Пазнаёміўшыся з прадстаўнікамі розных нацыянальнасцей, расіянін упэўнены, што людзі амаль усюды аднолькавыя. У большасці – добрыя, адкрытыя і сумленныя, але часам даводзіцца сутыкацца з зайздрасцю, карыслівасцю і злосцю.

З вышыні жыццёвага вопыту Іван Пятровіч раіць заўсёды першымі паказваць станоўчы прыклад, імкнуцца зразумець і дараваць, тады і дрэннага ў свеце стане намнога менш. А дзеля добрага самаадчування – не паддавацца сумнаму настрою, знаходзіць станоўчыя эмоцыі ў паўсядзённым жыцці і ў любым узросце сябраваць са спортам.

Марыя Яраховіч

Add Comment

Войти с помощью: