У зоне “вылету”

фк гранит“Граніт” апусціўся на перадапошні радок турнірнай табліцы і цяпер змагаецца за выжыванне. Для яго кожнае ачко – на вагу золата.

На гульню з “Віцебскам” матывацыі на поспех у каманды павінна было быць дастаткова. Ды і паўночныя госці мяркуюць трывала замацавацца на шостай пазіцыі. Таму кожны з сапернікаў адказна рыхтаваўся да гульні. Аднак, пры ўсім сваім жаданні, выступіць на дамашнім полі годна ў “гранітаўцаў” не атрымалася. Госці адкрылі лік на 18-ай хвіліне, а незадоўга да перапынку павялічылі перавагу – 2:0. У другой палове сустрэчы яшчэ адзін мяч уляцеў у сетку гаспадароў. Нельга сказаць, што ў “гранітаўцаў” зусім не было шанцаў. Проста госці выкарысталі тры з пяці момантаў, а мікашэвіцкія футбалісты заўсёды заставаліся ў кроку ад поспеху – то мяч трапляў у перакладзіну, то пралятаў у лічаных сантыметрах ад варот.

– Лік хаця і буйны, аднак напэўна наш сапернік яго не заслужыў, таму што біўся самааддана і, на здзіўленне, нават пасля трэцяга прапушчанага гола, не спыняўся, – каменціруе паядынак галоўны трэнер “Віцебска” Сяргей Ясінскі. –  Спрабавалі прэсінгаваць, атакаваць і нават стваралі пэўнае напружанне, небяспечныя моманты каля нашых варот. Хаця гульня была не такая простая, як здаецца, гледзячы на лік, але ж, перамога наша была заслужаная. Другі раз у чэмпіянаце мы вызначыліся тройчы. Мы вельмі задаволены вынікам.

Галоўны трэнер “Граніта” Валерый Бахно:

– Чэмпіянат выходзіць на фінішную прамую. Мы знаходзімся ў зоне “вылету”, таму ў кожнай гульні будзем чапляцца за ачкі. Ігракі настройваліся, гарэлі жаданнем, але… У другім тайме маглі забіваць, было два моманты. Спрабавалі ў гульню вярнуцца, але прапусцілі трэці мяч. Лік заканамерны. Але мы рукі не апускаем, будзем да апошняга біцца ў чэмпіянаце.

5 лістапада, у суботу, “Граніт” правядзе матч на выездзе з брэсцкім “Дынама”.

Add Comment