«Я сэрца аддаю табе…»

denis-demidov

Пад такой назвай у ГДК прайшоў канцэрт экс-саліста ансамбля «Песняры» Дзяніса ДЗЯМІДАВА.

Яшчэ будучы выхаванцам Смаргонскай дзіцячай школы мастацтваў, ён выбраў свой жыццёвы шлях. Пасля службы ў ваенным аркестры ў Гродна, паступіў у Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў на эстрадна-джазавы вакал. Праз год, калі прапанавалі быць салістам у Беларускім Дзяржаўным ансамблі «Песняры», Дзямідаў стаў вядомы публіцы як у нашай краіне, так і ў Расіі, Польшчы, Украіне, Латвіі, Літве, Эстоніі, Ізраілі.

Але, акрамя цудоўнага  рэпертуару ў рамках «Песняроў», ён заўсёды марыў выконваць уласныя песні, і як прынята казаць, здабыць творчую індывідуальнасць. І таму, нягледзячы на ўдалую кар’еру, усё ж вырашыў адправіцца ў самастойнае «плаванне» ў 2014 годзе.

– Дзяніс, аб тым, што пакінулі ансамбль, не шкадуеце?

– Гэта новы этап у маім жыцці. Можа крыху эгаістычна гучыць, але я заўсёды бачыў сябе ў сольнай кар’еры. Выбар даўся нялёгка… Работа вельмі падабалася, але ўсё ж рызыкнуў. Упэўнена магу сказаць, што аднаму складаней, чым калектыву. Тут толькі таленту не дастаткова. Патрэбны нейкая прадпрымальніцкая струнка і ўменне трымаць сябе ў рамках, а то можна ў марах узняцца ў аблокі, а потым вельмі балюча ўпасці.

– Што дапамагае не паддавацца ілюзіям?

– З дзяцінства займаўся ўсходнімі адзінаборствамі. Трэнер выхаваў дысцыпліну ва ўсім. Яна – і ў творчасці. Не скажу, што было лёгка і што з першых дзён збіраў поўныя канцэртныя залы. Але не апусціў рукі. Праз час гэта дало свой плён.

– Вас часта называюць «беларускім Стасам Міхайлавым». Не раніць самалюбства такога роду параўнанне?

– Не лічу сябе яго прататыпам! Але калі людзі бачаць нейкае падабенства, то не магу забараніць! Думаю, буду ўспрымаць гэта як камплімент.

– Рэпертуар вельмі шырокі: шлягеры 70-80-ых, лірычныя песні, шансон… Як вызначаеце музычны стыль, у якім працуеце?

– Назаву яго народны. Спяваю пра тое, што хвалюе кожнага, што сам адчуваў у жыцці.

– Тэксты і музыку пішаце самі?

– Многія напісаны мною. Таксама супрацоўнічаю з кампазітарам Сяргеем Сухамліным, які адкрыў беларускаму слухачу такія імёны, як Б’янка, Паліна Смолава, Гюнэш Абасава.

– Пагаворым пра асабістае…

– У мяне ёсць выдатная жонка і трое дзяцей. Сям’я – яшчэ адна з прычын расставання з ансамблем. Калі едзеш на гастролі, часам на некалькі тыдняў, то аддаляешся. Я вельмі сумаваў па блізкіх. Калі жыць вось так, паасобку, губляецца сэнс стварэння сям’і. Цяпер жонка Ганна заўсёды побач, выступаем разам, і яна ва ўсім мяне падтрымлівае.

– Дзеці збіраюцца ісці па слядах таты?

– Мы ім паставілі аднолькавыя ўмовы: вы – усе роўныя. Мае бацькі – простыя рабочыя. Слова «хачу» ніколі не казаў, рабілі ўсё па сілах. Так выхоўваю і сваіх. Старэйшы ўжо ў першым класе, ходзіць у тэатральны гурток. Бачна, што яму гэта цікава. Але ціснуць сваім аўтарытэтам і рабіць выбар за дзяцей не будзем.

– Успомніце найбольш яркія старонкі з гастрольнага жыцця?

– Калі яшчэ працаваў з «Песнярамі», адзін з канцэртаў быў у Казахстане, на ім прысутнічаў Нурсултан Назарбаеў. Я саліраваў з песняй «Белавеж-ская пушча». Як аказалася, гэта – адна з яго любімых кампазіцый. У канцы прэзідэнт апладзіраваў нам стоячы. Было вельмі прыемна.

– У Лунінцы выступалі ўпершыню? Якія засталіся ўражанні?

– Упершыню. Але ўспамін будзе самы цёплы і пазітыўны. На высокім узроўні – арганізацыя канцэрта, выдатная работа гука- і святлоаператараў. Душэўны прыём гледачоў адчуў у поўнай меры. Гэта якраз той момант, калі аддаеш, а ўзамен атрымліваеш удвая. Дзякуй ім!

– Удзячны, Дзяніс, за бяседу. Жадаем творчага палёту і энергіі, поўных залаў і нязменнай увагі публікі. Чакаем у наступным годзе з новай праграмай!

СПЫТАЕМСЯ Ў ГЛЕДАЧОЎ

– Якія ўражанні засталіся пасля канцэрта?

  • Таццяна:

– Мне вельмі спадабалася праграма! Шчыра жадаю Дзянісу выканаць яшчэ дзясяткі песень,  якія  стануць хітамі. Ён – не мудрагелісты, просты. Вельмі здорава, што   спускаўся ў залу да нас. Спявае ад душы і аб усім перажытым!

  • Іван і Наталля з унукам:

– У век фанаграм падкупляе выкананне артыстам песень «ужывую»! Гэта яго козыр і кажа пра многае. Вядома, мы ў захапленні! Танцавалі пад кожную кампазіцыю. Рэпертуар разнастайны, душэўны. Чакаем Дзяніса яшчэ раз на Лунінеччыне!

Гутарыла Наталля АРАШКЕВІЧ.

Add Comment