Цяпло матулінага дома

0-dsci8502

З даўніх часоў чалавецтва задумваецца над працягласцю жыцця, шукае новыя метады для таго, каб людзі з лёгкасцю перасягалі 100-гадовую адзнаку. На жаль, праблема пакуль не вырашана. Назіранні за доўгажыхарамі, іх побытам, звычкамі і распарадкам дня многім становяцца прыкладам для пераймання. Толькі, як аказваецца, тут няма адзіных правілаў і методык. У кожнага – свой лёс, асабістыя цяжкасці і радасці.

У Настассі ХАРКЕВІЧ з Сасноўкі жыццё не было простым і лёгкім, але Гасподзь не пашкадаваў ёй доўгага веку – 29 снежня жанчына адзначыць 95-годдзе з дня нараджэння. Перад пачаткам акупацыі яна стварыла сям’ю з аднавяскоўцам Васілём. Маладым бы радавацца свайму шчасцю, ды не да гэтага было ў крывавы перыяд для ўсёй краіны. Немцы спалілі яе маму. Страшна было, горка ад страты і бязвыхаднасці…

Але жыццё непрадказальнае. Выплакалі слёзы, а лёс прадаставіў Харкевічам магчымасць усміхнуцца – у 1942-ім на свет паявілася дачушка Таццяна. Навокал беззаконнасць, голад, пажары, а тут немаўлятка, якому патрэбны ўвага і любоў. Спадзяваліся толькі на міласць Божую. І, дзякуючы ёй, пераадолелі страшны час. У год вызвалення нарадзіўся Іван, з якім таксама нацярпеліся голаду і нястачы.

Муж пайшоў праганяць ворагаў, жанчына адна паднімала малых. Душу сагравалі цёплыя пісьмы з фронту, некаторы раз нават з вершамі ў іх. Гэта дадавала сілы выжыць, змагацца з цяжкасцямі, дарыла спадзяванні на лепшае. А неўзабаве адгучалі пераможныя салюты, салдаты склалі зброю і вярнуліся сеяць хлеб. Мірнае жыццё панеслася ўдалячынь.

Адраджэнне скалечанай зямлі мела сваіх герояў, якія імкнуліся атрымліваць добрыя ўраджаі і хутка адбудоў-ваць жыллё. Васіль Рыгоравіч – адзін з іх. Прызначылі брыгадзірам, усклалі многа адказных абавязкаў. Не хапала рабочых рук, коней. Але жыццёвая мудрасць і цвёрды характар дапамагалі ў рабоце. Галоўным прынцыпам было імкненне нікому не нашкодзіць. Чужыя людзі звярталіся за парадай. Дома бацька меў бязмежны аўтарытэт у дзяцей.

На той час іх было васьмёра. І цяпер, праз паўвека і больш, кожны ганарыцца сваім маленствам. Не жылі багата, але адчувалі ўпэўненасць і абароненасць. Не баяліся працы, бо прывыкалі да яе з першых крокаў, робячы нешта пасільнае.

Тата ніколі не паднімаў на малых руку, але яго слухаліся і пабойваліся. Ён мог пахваліць за стараннасць, але ніколі не дазволіў бы ленавацца, перакідваць праблемы на плечы іншых людзей. Асновай поспехаў лічыў адукаванасць, імкнуўся даць магчымасць дочкам і сынам атрымліваць добрыя веды.

Малодшыя Харкевічы згадваюць, што па ініцыятыве Васіля Рыгоравіча ў Сасноўцы была адкрыта пачатковая школа. Навучанне вялося ў суседняй хаце іх бабулі. Малым не трэба было далёка ісці – ты быццам і дома, і ўжо на занятках. Ды яны зайздросцілі далёкім вучням, якіх у мароз бабуля саджала на печ і паіла чаем. Такая непасрэднасць цяпер выклікае добрую ўсмешку на тварах дарослых людзей і быццам вяртае ў час, дзе на ўсё глядзелася з лёгкасцю і бесклапотнасцю…

Яны стараліся выканаць жаданне бацькі – добра вучыліся і неслі па жыцці запавет сумленнасці і адказнасці. Таццяна стала дзіцячым урачом. Пакуль дазвалялі сілы, да выхаду на заслужаны адпачынак, ратавала ад болю маленькіх лунінчан. Іван мае адукацыю фельчара, некаторы час папрацаваў па спецыяльнасці, а потым стаў вадзіцелем аўтобуса, зараз на пенсіі. Уладзімір падаўся ў геалогію і знайшоў сябе ў любімай справе. Сёння ён – кандыдат геалагічных навук, дацэнт Львоўскага ўніверсітэта ва Украіне.

Рыгор стаў хірургам. Авалодаў спецыяльнасцю, якая патрабуе ювелірнага майстэрства, унутранай сілы і моцнай інтуіцыі. Удасканальвае прафесію ў Мінску. Яўгенія – былы педагог. 30 год разам з ёю асвойвалі асновы геаграфіі і завочна падарожнічалі па розных куточках планеты вучні Ракітненскай школы. Васіль – таксама вадзіцель, даўно працуе на Лунінецкім малочным заводзе. Тамара марыла стаць інжынерам. Але перамагла любоў да гуманітарных навук – настаўніца пачатковых класаў у Іванава.

Балючым радком у летапісе сям’і застаецца трагічны лёс малодшага сына Віктара. Ён марыў пра педагогіку, стаў студэнтам геафака БДУ ў 1980-ыя гады. Калі быў на другім курсе, разам з сябрамі самалётам ляцеў на экскурсію. Ды авіякатастрофа пад Смалявічамі нікому з іх не пакінула шанцаў выжыць. Яны там усе і пахаваны, у адной брацкай магіле…

На сумнай ноце размовы сціхаюць. Кожны думае аб сваім. Толькі дрэвы навокал перашэптваюцца аб нечым. Драўляны дом тоіць у сабе адбітак перажытага, сонца і дождж шчодра пакідаюць на ім адмеціны часу. Але гэта старэнькая сядзіба на аддаленай вуліцы ў Сасноўцы бы магнітам, прыцягвае да сябе дарослых людзей, якія ў розных куточках свету даўно знайшлі любімую справу і сямейнае шчасце. Тут ажывае душа, поўніцца ўспамінамі аб далёкім маленстве…

Здзівіла, як Харкевічы ўмела пранеслі па жыцці сяброўства, адзінства і павагу да агульнага мінулага. Дагэтуль сплецены роднаснымі каранямі прадстаўнікі розных прафесій. Яны змаглі прывіць павагу да старэйшых і любоў да малой радзімы сваім дзецям і ўнукам. А галоўнае звяно ў дружным ланцужку – матуля Настасся Трафімаўна. За яе хвалююцца, зычаць здароўя і даўгалецця.

Пастаянна нехта з дзяцей бывае побач, каб родная матуля не адчувала суму і адзіноты, была своечасова дагледжана. Пакуль гарыць святло ў вокнах, ідзе з коміна дым – ім заўсёды цёпла, на якой бы адлегласці яны не знаходзіліся. Жывуць па тых запаветах, якім вучыў тата. Яго не стала ў 1997-ым, але ў любой складанай справе, пры нейкіх сумненнях, азіраюцца з думкай: “А як бы ў гэтай сітуацыі паступіў ён?”. І правільнае рашэнне прыходзіць само па сабе.

Пазнаёміўшыся з сям’ёй Харкевічаў, раптам падумалася, што адной з важнейшых прычын даўгалецця чалавека з’яўляецца любоў блізкіх. Адчуваючы станоўчыя эмоцыі, людзі атрымліваюць дадатковы зарад энергіі, дзякуючы якому нішто дрэннае не ў сілах авалодаць імі. А дасягнуць гэтага вельмі проста – аддана любіць малую радзіму і паважаць сваіх продкаў.