Малітва слову

Любоў да чытання аб’яднала ўдзельнікаў свята ў Нацыянальнай бібліятэцы – з Днём праваслаўнай кнігі іх павіншаваў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел.

Падзеяй юбілейнага года стаў факсімільны фаліянт першай друкаванай Бібліі на царкоўна-славянскай мове.

Адным з прызёраў конкурсу, аб’яўленым Інстытутам тэалогіі Белдзяржуніверсітэта, аказалася гімназія г. Лунінца – дэлегацыю ўзначальвала бібліятэкар Ірына Раманчук. Яе выхаванка Ксенія Андрайчук, а таксама Марыя Тарчыла і Аліна Семянюк (настаўніца Ірына Дасько) былі ўзнагароджаны дыпломамі і падарункамі.

Зацікавілі выставы кніг шэрагу выдавецтваў Беларускай Праваслаўнай Царквы, гутаркі з аўтарамі дзіцячай духоўнай літаратуры, думкі вядомых паэтаў аб карысці сямейнага чытання. Прыцягнуў увагу “Скрыпторый” узору ХІІ стагоддзя – у экспазіцыі майстэрні па перапісванню кніг часоў прападобнай Еўфрасініі Полацкай захопленыя аматары атрымлівалі і ўрок па каліграфіі. Кранальную канцэртную праграму, у якой выдатна спалучаліся проза і паэзія, спевы і музыка, падрыхтавалі дзіцячы і дарослы хоры Свята-Елісавецінскага манастыра, юныя выхаванцы каледжа мастацтваў, салісты Белдзяржфілармоніі.

З годнасцю шануем імёны нацыянальных асветнікаў, што даюць сучаснікам духоўна-матэрыяльныя падставы “людзьмі звацца”. Амаль 20 мільярдаў кніг налічваюць бібліятэкі свету. Кожны можа знайсці тое выданне, што засвеціць яркай зоркай на жыццёвым шляху. Давайце чытаць кнігі, а на пытанне, што робім, адказваць словамі прытчы: “Молімся слову…”.