Пад грукат цягнікоў

У Дрэбску амаль па ўсёй вёсцы чуваць грукат праходзячых цягнікоў. Тут нават гадзіннік пад рукой мець не абавязкова – варта прыслухоўвацца да гукаў на чыгунцы, і можна дакладна вызначыць, колькі зараз гадзін і хвілін, у якім напрамку накіроўваецца збаўляючы ход дызель ці імкліва праносіцца хуткі.

У жыцці мясцовай доўгажыхаркі Евы ШАЛАМІЦКАЙ чыгуначны шлях з’яўляўся не толькі добрым суседствам – працяглы час жанчына працавала прыбіральшчыцай на вакзале ў Лунінцы, на поўную моц паспела адчуць штодзённую мітусню, што панавала перад адпраўленнем ці прыбыццём кожнага саставу. На работу дабіралася таксама пад грукат колаў і вярталася дадому адпаведна раскладу.

Нарадзілася Ева Сямёнаўна ў 1929 го-дзе. Закончыла 3 класы польскай школы, крыху пахадзіла ў савецкую. Ваеннае ліхалецце выпала на час, калі яна была падлеткам. Дагэтуль памятаецца трывога, якая адчувалася ў сэрцах людзей. Да іх у бацькоўскую хату захопнікі ўладкаваліся на пастой. Гаспадарам даводзілася быць у ролі пры-слугі, а няпрошаныя кватаранты толькі раздавалі загады, невыкананне якіх каралася расстрэлам.

Калі акупацыя закончылася, думалася, што наперадзе не будзе страт і пакут, абы вярнулася законнасць, расце хлеб, навокал не чуваць узрываў і стрэлаў. Але ў мірны час  трагедыі з блізкімі з горшай сілай нішчылі радасць і жаночае шчасце, не давалі акрыяць і жыць спакойна…

Працягваць навучанне не было магчымасці, Ева пайшла працаваць у калгас паляводам. Замуж выйшла за юнака-чыгуначніка з Сасноўкі, Рыгора Сямёнавіча. Жылі ў Дрэбску, гадавалі малых. Адсутнасць дзіцячых садкоў у той час была агульнай праблемай. Даводзілася і ім пакідаць 5-гадовага сына Леаніда без асаблівага нагляду, і толькі маліцца, каб нічога не здарылася. Але аднойчы ён разам з суседскімі дзецьмі пабег купацца на рэчку. У нейкі момант сітуацыя выйшла з-пад кантролю, хлопчык пачаў тануць. Дарослых побач не было, і малеча не здолела выратаваць яго з вадзянога палону. Ева тады апрацоўвала лён, калі перапалоханая дзетвара з плачам і крыкам прынесла страшную вестку. Да апошняга цеплілася спадзяванне, што ўсё не так,  ды цуда, на жаль, не адбылося…

Перажывалі страту разам, падтрымлівалі адзін аднаго. Падрасталі дачка Люба і сын Валодзя, хацелася верыць, што далей усё будзе добра. Гаспадар узяў на рабоце крэдыт, з дапамогай якога будавалі новы дом. Але як толькі ён быў узведзены, у згодзе і шчасці паспелі пажыць у ім толькі два месяцы. Новая трагедыя зноў здарылася на ва-дзе. На гэты раз ахвярай няшчаснага выпадку стаў муж…

Апусцелыя пакоі новага будынка доўга не пакідалі жанчыну ў спакоі. Каб разлічыцца з узятым крэдытам, Ева Сямёнаўна ўладкавалася прыбіральшчыцай на вакзал, дзе працавала да выхаду на пенсію. Памяшканні станцыі не пуставалі ні днём, ні ноччу, таму работы хапала заўсёды.

Таксама як і транспарт, імкліва праносіўся час. Дачка выйшла замуж за ваеннага, з якім часова асталяваліся ў Мурманску. Ева Сямёнаўна рызыкнула на цягніку з’ездзіць да іх у госці. З вокнаў вагона наглядзелася на незнаёмыя краявіды, але родныя, палескія, усё ж здаваліся прыгажэйшымі. Другое далёкае і не менш цікавае падарожжа было ў Севастопаль, дзе тэрміновую службу праходзіў сын.

Толькі спакой быў часовым, наперадзе жанчыну чакала новая горкая страта. Калі Уладзіміру споўнілася 22 гады, ён уладкаваўся вадзіцелем вадавоза на будоўлі ў Жабінцы. Аднойчы ехаў з паўпустой цыстэрнай пасля моцных дажджоў, аб’язджаў перашкоду, і машыну на гразкай дарозе рэзка пацягнула ў кювет… Зноў няшчасны выпадак, і зноў – з трагічнымі наступствамі. Давялося матулі пахаваць і другога сына – маладога, прыгожага, які толькі марыў стварыць сям’ю…

Быццам у апраўданне за вялікія страты, лёс дорыць Еве Сямёнаўне доўгае жыццё. Але ці радуе жанчыну такі расклад? Як ёй хацелася б, каб хлопцы былі жывыя, парадавалі ўнукамі. Адзіным супакаеннем застаецца дачка Люба, якая цяпер жыве ў Брэсце. Яна – педагог, часта прыязджае на малую радзіму з мужам, дзецьмі і ўнукамі. Кліча матулю жыць да сябе, але ва ўзросце, які набліжаецца да 90-гадовай адзнакі, цяжка рашыцца на перамены.

Тут супакойваюць сэрца да драбніц знаёмыя дом і падворак, дзе ўсё стваралася сваімі рукамі, у якім даводзілася і шчыра радавацца, і горка паплакаць. Усе людзі на вёсцы як родныя, можна з кожным пагутарыць, нешта ці некага ўспомніць. Паўз ганак да позняй восені радуюць сэрца любімыя кветкі. Побач размясцілася маленькая градачка з клубніцамі, дзе можна крышачку папрацаваць. У хлеўчуку, чакаючы гаспадыню, кудахтаюць куры. 

Рана застаўшыся ўдавой, Ева Сямёнаўна спрабавала знайсці сямейнае шчасце ў другі раз. З новым выбраннікам Рыгорам Каленікавічам пражылі разам 27 год. На жаль, і яго жыццёвы шлях закончыўся заўчасна.

Адзіноту праганяюць заняткі рукадзеллем. Яшчэ летась жанчына вышывала крыжыкам, аб чым яскрава сведчаць прыгожыя вырабы, размешчаныя ў пакоях. Цяпер захапленнем займаецца менш, бо стала часцей балець галава, пагаршаецца зрок. Але прачытаць старонкі любімай раёнкі ў Евы Сямёнаўны хапае часу і сіл. Бо яна ўсё жыццё была добрай і надзейнай сяброўкай, дарыла нямала цёплых завочных сустрэч з землякамі, дапамагала пераадолець цяжкасці і быць у курсе мясцовых навін.