Спадзяванні абгрунтаваныя і не вельмі

Выязныя прыёмы чыноўнікаў самага рознага рангу сталі звычнымі для жыхароў нашага раёна, і людзі не ўпускаюць шанц аператыўна вырашыць з іх дапамогай тую ці іншую набалелую праблему. Аднак, здараецца, разабрацца ў жыццёвых хітраспляценнях

не так і проста. Гэта ў поўнай меры адчуў намеснік старшыні аблвыканкама Андрэй КЛЕЦ, які на мінулым тыдні вёў прыёмграмадзян у райвыканкаме.

Першай завітала жыхарка аг.  Вулька 1. Каля сямі год ад-працавала яна рабочай у Лунінецкай жыллёва-камунальнай гаспадарцы. Аднак сёлета пасаду дворніка ў сельскім населеным пункце палічылі непатрэбнай. Каб не пакінуць без сродкаў для існавання, прапанавалі заняць месца рабочай лазні ў суседнім Луніне, ад чаго 53-гадовая жанчына катэгарычна адмовілася: маўляў, здароўе не дазваляе. Улічваючы, што па спецыяльнасці яна – аграном,  завялі гаворку пра тое, каб уладкавацца на сезонныя работы: з красавіка па каст-рычнік у ЖКГ традыцыйна набіраюць азеляняльнікаў. У жанчыны ёсць яшчэ час падумаць. Так ці інакш, праблема ўзята на кантроль.

Адказваючы на пытанні, Андрэй Анатольевіч адзначыў: бываючы ў рэгіёнах, іншы раз меў магчымасць пераканацца ў тым, што скаргі, здараецца, узнікаюць ад няўважлівасці  некаторых  мясцовых асоб на пасадах, якім часам не стае цярплівасці выслухаць чалавека. Справядлівасці дзеля, варта заўважыць, што нямала і тых, хто разумее неабгрунтаванасць сваіх прэтэнзій, але ўсё ж такі дабіваецца іх станоўчага для сябе вырашэння.

Завітала да Андрэя Анатольевіча адна з гараджанак, якая да гэтага часу пабывала на прыёмах у многіх чыноўнікаў з вобласці і не толькі. Нягледзячы на тое, што па ўсіх узні-маемых пытаннях атрымала адказы з самых розных службаў, выказала незадаволенасць іх зместам. А таму ў чарговы раз агучыла свае прэтэнзіі, якія датычылі неатрымання субсідыі на набыццё жылля і адпаведных чэкаў; непрадастаўленні кватэры ў доме №177 па вуліцы Чырвонай у Лунінцы; неабходнасці правядзення рамонту ў кватэры, дзе яна жыве разам з мужам, былым ваеннаслужачым; неўключэнні пры разліку індывідуальнага каэфіцыента, ад якога залежыць памер пенсіі, перыяду службы ў арміі. Пісьмовыя адказы на пастаўленыя пытанні грамадзянка атрымае ў вызначаны законам тэрмін.

Прыезд у Лунінец намесніка старшыні аблвыканкама стаў слушнай нагодай наведаць прадпрыемствы рэгіёна. Перш-наперш, Андрэй Клец пабываў на ААТ “Палессеэлектрамаш”, дзе адбылася размова з новым дырэктарам Васілём Калодзічам. Прад-прыемства праблемнае. Дагэтуль рухацца наперад яму перашкаджае цяжар даўгоў ды старое абсталяванне, якое не дазваляе выпускаць прадукцыю, што на роўных магла б канкурыраваць з айчыннымі і замежнымі аналагамі. Тым не менш, у цэхах цепліцца жыццё. Зараз упор зроблены на выпуск электрарухавікоў, колькасць якіх павялічваецца, а запасы на складах, хоць і маруднымі тэмпамі, змяншаюцца. Спакваля аднаўляюцца рынкі збыту, галоўным з якіх па-ранейшаму лічыцца расійскі.

Сумнаватае ўражанне ад “Палессеэлектрамаша” палепшыла прыватнае прадпрыемства “Вікторыя”, дзе таксама пабываў Андрэй Клец. Тут практычна гатова да пуску новая лінія па нанясенню антыпрыгарнага пакрыцця на выпускаемы посуд, што зробіць вытворчы цыкл на “Вікторыі” закончаным. Як станоўчы, быў адзначаны факт стварэння новых рабочых месцаў, якіх пакуль 9. У перспектыве пры выхадзе на дзвюхзменную работу гэтую лічбу плануецца давесці да 25-ці.