Вялікае бачыцца на адлегласці, але пачынаецца ўсё з нізоў

Прывычная для медыкаў раённай паліклінікі нарада на гэты раз мела сваё адрозненне: да былых калег завітаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар НЕВАР.

Але, перш чым даць слова госцю, загадчыца аддзялення прафілактыкі Лілія Дубініч падзялілася прыемнымі навінамі. Па выніках рэспубліканскага агляду якасці і культуры медыцынскага абслугоўвання насельніцтва за 2016 год УАЗ “Лунінецкая ЦРБ” узнагароджана дыпломам ІІ ступені. Да таго ж, у аналагічным спаборніцтве абласнога маштабу перамогу заваявалі адразу два калектывы нашага рэ-гіёна: сярод участковых бальніц – раённая, сярод амбулаторый урача агульнай практыкі – Язвінская.

Сваё выступленне Ігар Леанідавіч пачаў са знаёмства з парламенцкай дзейнасцю. Расказаў, што ўваходзіць у склад Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы. Агучыў некаторыя пытанні законатворчасці і прадставіў свайго памочніка Марыну Карлюк. Асобна спыніўся на Дэкрэце №3 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”. Дакумент гэты мае ідэалагічную накіраванасць, і ў першую чаргу быў прыняты, каб прымусіць людзей працаваць, прычым легальна. Зрэшты, дзейнасць Дэкрэта прыпынена. Тым, хто збор ужо аплаціў і сёлета працаўладкуецца, грашовыя сродкі вернуць. Тым жа, хто так і застанецца без работы, аплачаная пошліна пойдзе ў залік 2017 года. Акрамя таго, І.Л. Невар звярнуўся да былых калег з просьбай пазначаць у медыцынскіх картках сацыяльны статус чалавека, каб у далейшым у выпадку розных жыццёвых абставін можна было б аператыўна прымаць экспертныя рашэнні (напрыклад, пры накіраванні ў МРЭК, вынясенні рашэнняў УКК і інш.).

Вялікую ўвагу парламентарый удзяліў развіццю аховы здароўя. Так ці інакш, поруч з бясплатнай медыцынай будуць існаваць і платныя паслугі, таму што рэальнасць патрабуе нарошчвання аб’ёмаў пазабюджэтнай дзейнасці. Да таго ж, у кожнага чалавека паявіцца права выбару. Да 2020 года запланавана ўдасканаліць аказанне пярвічнай медыка-сацыяльнай дапамогі па прыкладу работы ўрача агульнай практыкі, а таксама істотна палепшыць дзейнасць медыцынскіх аб’ектаў на перыферыі. Прадугледжаны рост заработнай платы.

Другая палова сустрэчы мела форму дыялогу па пытаннях, якія хвалююць жыхароў Лунінеччыны. Ігар Невар выказаў сваю думку наконт будаўніцтва гіпермаркета “Санта” ў райцэнтры. Заклікаўшы людзей пакінуць скептычныя меркаванні, папрасіў дачакацца адкрыцця новага магазіна, і толькі потым параўноўваць яго з іншымі гандлёвымі сеткамі. Разам з тым, згадзіўся, што павялічваць асартымент тавараў, у тым ліку прамысловай групы, лу-нінецкім гандлярам усё ж варта.

Стварэнне новых рабочых месцаў – яшчэ адна задача, якую сёння трэба вырашаць аператыўна. Тым больш, што кіраў-ніком дзяржавы запатрабавана працаўладкаваць грамадзян да 1 мая бягучага года. “Лічу, што на Лунінеччыне гэта лягчэй зрабіць з дапамогай развіцця сярэдняга і малога бізнесу. Нельга забываць і аб прыцягненні інвестыцый”, – адзначыў Ігар Леанідавіч. Былі закрануты пытанні асфальтавання нашых вуліц, добраўпарадкавання населеных пунктаў, адсутнасці парку адпачынку ў райцэнтры, здаровага ладу жыцця землякоў.

Тэрапеўт Галіна Велясюк пацікавілася, ці плануюцца ў перспектыве рэформы ў сферы аховы здароўя? У прыватнасці, каб грамадзяне неслі адказнасць за сваё зда- роўе. А то часта здараецца так, што ўрач назначае лячэнне, а пацыент яго ігнаруе: працягвае курыць, выпіваць, не рэгулярна прымае прэпараты. І потым вінаваціць урачоў, што не могуць вылечыць. Непакояць Галіну Мікалаеўну і неабгрунтаваныя выклікі “Хуткай дапамогі”. І.Л. Невар заўважыў, што ў кулуарах вядуцца размовы аб змяненнях, чаго, безумоўна, патрабуе рэальнасць. І паабяцаў выступіць з падобнай ініцыятывай у парламенце.

Намеснік галоўнага ўрача УАЗ “Лунінецкая ЦРБ” Анатоль Баран не ўпусціў магчымасці задаць адразу два пытанні. Першае – датычыла прапаноў па росту заработнай платы, якая павінна дасягнуць у эквіваленце 500 умоўных адзінак, другое – далейшага лёсу інфекцыйнага аддзялення бальніцы. Для паляпшэння матэрыяльнага дабрабыту медыцынскіх спецыялістаў прапанавана выкарыстоўваць усе магчымасці і крыніцы (наяўнасць катэгорыі, павелічэнне аб’ёму работы і г.д.). Згодзен І.Л. Невар, што гэты працэс павінен весціся паралельна: і на месцах, і ў міністэрстве. Знаёма Ігару Леанідавічу становішча спраў у інфекцыйным аддзяленні. Ёсць дамоўленасць аб рэканструкцыі памяшканняў старой бальніцы па лініі Чарнобыльскай праграмы. Аднак будаўнічыя работы патрабуюць каласальных фінансавых выдаткаў, якіх пакуль у бюджэце няма. Гаворка пра гэта вядзецца на самых высокіх узроўнях: ведаюць аб праблеме ў раёне, вобласці і рэспубліцы. Трэба спадзявацца, што ўрэшце справа зрушыцца з месца.

– Звяртайцеся асабіста да мяне ці памочніка, можна дасылаць запыты па электроннай пошце, – на завяршэнне сустрэчы адзначыў парламентарый. – Заўсёды ад-крыты для супрацоўніцтва.