Імклівае жыццё клубнічнай сталіцы

Менавіта ў яе ў чэрвеньскія дні ператвараецца Дварэц – цэнтральная сядзіба аднайменнага сельскага Савета. Па-свойму ўнікальны, ён паявіўся на карце Лунінеччыны амаль 36 год таму, калі ў адзін аб’ядналіся тры былыя сельсаветы: Дварэцкі, Любачынскі і Язвінскі. І калі гісторыю станаўлення добра памятаюць старажылы, то падрабязнасці сённяшняга жыцця землякоў ведае старшыня мясцовай “вертыкалі” Аляксандр Віднікевіч.

У яго падведамасную тэрыторыю ўваходзяць 17 населеных пунктаў. Гэта Дварэц, Любачын, Вічын, Язвінкі, Сасноўка, Ракітна, Яжаўкі, Азярніца, Любажэрдзе, Боркі, Дзятлы, Купаўшчына, Поле, Лодзіна, Сярэдзібор’е, Урэчча, Яварова. Агульная плошча зямель складае больш за 2500 гектараў. Здавалася б, ёсць дзе будаваць жыллё, трымаць жыўнасць на падворку, ствараць сем’і, але… Дэмаграфічная сітуацыя складваецца не ў лепшы бок. Па статыстыцы, у сярэднім за год тут выдаюць 50 пасведчанняў аб нара-джэнні і 90 – аб смерці. Зараз колькасць насельніцтва складае 5850 чалавек, з якіх 3320 – людзі працаздольнага ўзросту, 974 – маладзейшыя за іх, 1556 пенсіянераў. Ёсць 137 мнагадзетных сем’яў, 366 адзінокіх і адзінока пражываючых грамадзян. Асаблівай пашаны заслугоўваюць 3 удзельнікі і 1 інвалід Вялікай Айчыннай вайны, 2 працаўнікі тылу. Не забываюць пра сем’і загінуўшых афганцаў, а таксама воінаў-інтэрнацыяналістаў, ліквідатараў аварыі на ЧАЭС.

На тэрыторыі сельсавета ёсць уся неабходная для жыццезабеспячэння інфраструктура. Статусам аграгарадкоў надзелены Любачын і Дварэц, дзе выконваюцца ўсе дзяржаўныя сацыяльныя стандарты, у тым ліку па вулічным асвятленні. Праўда, у сувязі з эканоміяй фінансавых сродкаў у населеных пунктах ліхтары не гараць у летні перыяд. Станцыі абезжалезвання вады пабудаваны ў Любачыне, Язвінках і Дварцы. Добра наладжаны транспартныя зносіны. Курсіруюць прыгарадныя аўтобусы, да асобных населеных пунктаў можна дабрацца на цягніках. Што датычыць дарожнай сеткі, то, па словах Аляксандра Іванавіча, праблем хапае. Многія дарогі пабудаваны гаспадарчым спосабам яшчэ ў 80-ыя гады мінулага стагоддзя. Не сакрэт, што сёння яны прыходзяць у непрыдатнасць. Капітальнага рамонту патрабуюць вуліцы: Мацкевіча – у Ракітна, Працоўная – у Яжаўках, Новая – у Азярніцы, Запольная – у Любачыне. Сёлета пачаліся работы на ўчастку дарогі ад Бродніцы да Азярніцы. Пакладзены новы асфальт, зараз адсыпаюцца абочыны. Па-прыгажэлі: цалкам – Школьная ў Язвінках і Ясеніна – у Вічыне, часткова: Новая – у Дварцы і Міру – у Любачыне. Паверхневай апрацоўкай ахоплена вуліца ў складзе транзітнай дарогі ў Вічыне і Дварцы, а таксама Партызанская – у Ракітна. Пясчана-гравійнай сумессю адсыпаны Лясная і Сонечная ў Язвінках.

Для індывідуальнага будаўніцтва ёсць 17 свабодных участкаў, а вось жадаючых палепшыць свае жыллёвыя ўмовы значна больш – на ўліку стаяць звыш 130 чалавек. Пэўныя спадзяванні ўскладваюцца на новы квартал жылой забудовы ў Дварцы. Сёння тут узводзяцца інжынерныя збудаванні: стаяць электрычныя слупы, пракладзены водаправодныя сеткі, ёсць кропка падключэння газу. Хочацца верыць, што неўзабаве адна за адной “вырастуць” дыхтоўныя сядзібы, у якіх абавязкова будзе гучаць дзіцячы смех.

Складаны перыяд перажываюць мясцовыя аграрнікі. ААТ «Дварэцкі» і дзяржаўнае прадпрыемства «Азярніца» знаходзяцца ў працэсе санацыі, у абодвух назначаны антыкрызісныя ўпраўляючыя. Затое размерана ідзе жыццё ў іншых калектывах: працуюць лясніцтвы, магазіны і кафэ, ФАПы і амбулаторыі, школы і дзіцячыя сады, фермерскія гаспадаркі.

Мнагалюдна на рынку па закупу сельгаспрадукцыі. Праўда, у дзень на- ведвання сельсавета машыны, куды можна было здаць клубніцы, стаялі каля кафэ “Спадарожнік”. Новы ўраджай “чырвонага золата” адны вадзіцелі збіраліся завезці ў Віцебск, другія – у Мінск. Разгаварыліся з Васілём Пясоцкім з Бродніцы, які на веласіпедзе даставіў два вядры ягад:

– Вось вырасцілі разам з жонкай Зінаідай Сцяпанаўнай. Ягады, самі бачыце, буйныя і вельмі смачныя! Перакупшчыкі сваю цану прапануюць – 2,5 рубля за кілаграм, але хочацца вышэйшага кошту, бо толькі мы ведаем, колькі сіл і сродкаў укладваем у гэту справу!

– Менш, чым за два рублі, не знойдзеце, – уключылася ў гаворку Дзіяна Кузьміч, якая з Кобрына прыехала ў госці да бабулі. – У нас у сям’і традыцыя: водпуск бяром спецыяльна на ягадны сезон. Купляйце, не пашкадуеце!

Пабывалі мы і на клубнічных плантацыях. Дом Аляксандра Віднікевіча (цёзка старшыні аказаўся яго пляменнікам) размешчаны на рагу вуліц Канюшыка і Лясная ў Язвінках. Бачна, што ідуць будаўнічыя работы. Увагу прыцягвае дыхтоўны будынак, побач з якім роўнымі радочкамі пасаджаны ягады. Зямля заслана спанбондам: так і пустазелле не расце, і клубніцы ў час дажджу не забруджваюцца. Уздоўж градак – кропельная стужка для паліву. Розны колер лісця сведчыў аб багацці сартоў. Стоячы на санцапёку і ўзіраючыся ў канец агарода, разумееш, чаму людзі абураюцца нізкім коштам. Саджай, праполвай, апрацоўвай, абараняй ад замаразкаў, збірай і прывязі – зрэшты, кожнаму гаспадару хочацца атрымаць годны прыбытак за сваюработу. 

Акрамя клубніц, мясцовы люд вырошчвае іншую садавіну і агародніну. Дастаткова сказаць, што ў сярэднім на 1 двор жыхары маюць больш за 40 сотак зямлі. Акрамя гэтага, з палёў севазвароту выдзяляюцца ўчасткі для пасадкі бульбы. То там, то тут даносяцца галасы хатніх жывёл і птушак. Насельніцтва трымае кароў, свіней, авечак, коз, коней, пчоласем’і. Імклівасць клубнічнага сезона неўзабаве зменіцца на размеранае жыццё вяскоўцаў, поўнае сваіх радасцей і праблем. Не хаваецца ад вырашэння штодзённых задач мясцовая ўлада, стараючыся працаваць на агульны дабрабыт землякоў. І гэта не проста словы. Іх пацвярджаюць перамога сельсавета па выніках работы за 2016 год у раённым спаборніцтве, а ў абласным – ганаровае трэцяе месца.