Трагедыя на Баханова

У сераду на вадаёме Баханова ў Лунінцы вадалазы знайшлі цела тапельца. Ім аказаўся 36-гадовы непрацуючы жыхар Язвінак.
Як расказала старшыня раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах Любоў Гутарава, 20 чэрвеня двое мужчын сустрэліся непадалёк сажалак і вырашылі пахмяліцца. На беразе сажалкі знайшлі патаемны куточак і “паправілі” здароўе. Адзін тут жа заснуў, а другі пайшоў купацца, прычым, у зоне, якая знаходзіцца па-за зонай дзейнасці выратавальнага паста. Прачнуўшыся, мужчына пачаў шукаць кампаньёна. Але яго нідзе не было. Ён забіў трывогу і звярнуўся на выратавальны пост. Пачаліся актыўныя пошукі. І толькі на наступны дзень вадалазы паднялі з вады труп.
Наперадзе выхадныя дні. Многія накіруюцца на адпачынак на вадаёмы. Таму варта памятаць, што вада не даруе памылак. Купацца можна толькі ў вызначаных месцах. Ніколі не трэба ныраць у незнаёмых вадаёмах. Нават калі гэта месца напярэдадні лічылася бяспечным для купання, то за ноч сюды магло прынесці карчы, ці хтосьці мог нешта кінуць у ваду. Дарослыя не павінны пакідаць дзяцей без нагляду. Асабліва нельга забываць, што вада і алкаголь несумяшчальны. Будзьце ўважлівы і вельмі асцярожны!

Алена ДАНІЛОВІЧ

Add Comment