Быць падлетку старэйшым братам імкнецца начальнік ІСН РАУС Вадзім КАРЖАНЕВІЧ

Завочна вучыўся на юрыдычным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя  Я. Купалы, паралельна праходзіў падрыхтоўку ў Цэнтры павышэння кваліфікацыі МУС Рэспублікі Беларусь. У чэрвені 2011-га малады чалавек заступіў на службу ў РАУС на пасадзе ўчастковага інспектара міліцыі ў Лунінцы. Праз паўгода пераведзены ў аддзяленне міліцыі г. Мікашэвічы.

 – Работы было шмат, супрацоўнікаў не хапала, – прыгадвае Вадзім. – Гэта добра разумеў, таму імкнуўся працаваць па максімуму, каб не падводзіць калег. Вучыўся “на ляту”, унікаў ва ўсе тонкасці справы.

Аднойчы выказаў кіраўніцтву сваё жаданне працаваць у інспекцыі па справах непаўналетніх. У пачатку 2012 года мара ажыццявілася. Адным з яркіх момантаў таго часу стаў 14-гадовы юнак, які ўчыніў крадзеж 50 мільёнаў недамінаваных рублёў у аднаго з прадпрымальнікаў на рынку ў Мікашэвічах. Тыдзень новаспечаны «мільянер» са сваімі сябрамі жылі на шырокую нагу: ездзілі на таксі ў Мінск, купілі планшэты, хадзілі ў рэстараны. Злодзея затрымалі і прыцягнулі да адказнасці, а праз паўгода ён жа ўчыніў крадзеж з кватэры.

– Мне было шкада юнака, яго бацькі развяліся і іх больш цікавіла ўладкаванне асабістага жыцця, а сын адышоў на другі план, – расказвае Вадзім Юр’евіч. – З 12 год хлопчыка вучылі і выхоўвалі вуліцы Мікашэвіч. Ні да чаго добрага гэта не магло прывесці. Упэўнены, што не бывае дрэнных дзяцей, такімі іх фарміруе навакольнае асяроддзе.

У гэтай гісторыі добры канец. Пад асабістую адказнасць Вадзіма Каржаневіча юнака прынялі на вучобу ў сельскагаспадарчы каледж, ён жа прывёў паднагляднага ў спартыўную залу на трэніроўкі. Падлетак пачаў мяняцца, а інспектар ІСН стаў для яго своеасаблівым прыкладам.

– Іншы раз юнак прыходзіў і прасіў пазычыць грошай на ежу, калі бацькі зноў куды-небудзь ехалі і забывалі пакінуць прадукты ў халадзі-льніку. Па іх вяртанні аддаваў доўг. Самае галоўнае, ён ведаў, калі яшчэ раз спатыкнецца, я перастану ў яго верыць, – працягвае ўспамін суразмоўца.

У 2014 годзе намеснік начальніка РАУС Ігар Жук прапанаваў 24-гадоваму міліцыянеру ўзначаліць ІСН. Перакананы ў тым, што зможа апраўдаць давер кіраўніцтва, Вадзім згадзіўся. Спачатку было вельмі цяжка: за 2013 год зарэгістравана 44 злачынствы, што ўчынілі непаўналетнія або адбыліся з іх саўдзелам. Інспекцыя знаходзілася на 19-ым месцы ў вобласці. Сітуацыю трэба было выпраўляць. І зладжанасць у дзеяннях усяго калектыву прынесла свой плён: у 2014-ым колькасць злачынстваў знізілася да 25, што забяспечыла другое месца сярод аналагічных падраздзяленняў Брэстчыны. Па выніках работы за 2015 год калектыў ІСН прызнаны «Лепшай службай», а летась яе кіраўнік – лепшым па прафесіі. У студзені гэтага года інспекцыя ўдастоена пераходнага ганаровага прыза імя Таццяны Астаф’евай.

У СШ №4 г. Лунінца два прававыя класы, якія створаны ў верасні 2016 года. «Вадзім Юр’евіч! Дзень добры!», – бяжыць па школьным калідоры насустрач міліцыянеру пяцікласніца Ксюша. За дзяўчынкай гуртам высыпаюць яе аднакласнікі. За тыдзень дзеці паспелі засумаваць і спяшаюцца падзяліцца навінамі. Звініць званок, які паведамляе аб пачатку ўрока. Прававы 5 «А» займае сваё месца за партамі. У гэтых вучняў факультатыў па асновах права. На 45 хвілін начальнік ІСН Вадзім Каржаневіч ператвараецца ў строгага, але справядлівага настаўніка: правярае дамашняе заданне, выклікае да дошкі, знаёміць з новым матэрыялам.

– Дзеці вельмі змяніліся за год, – кажа сацыяльны педагог школы Вольга Паўловіч. – Форма дысцыплінуе, а ўзаемадзеянне з міліцыяй дапамагае вызначыцца з будучай прафесіяй. Нашай школе пашанцавала, што Вадзім Юр’евіч прыходзіць не толькі як участковы, але і настаўнік. Ён выдатны псіхолаг і да кожнага дзіцячага сэрца знаходзіць свой ключ. Хлапчукі імкнуцца быць падобнымі на яго, а дзяўчынкі – таемна закаханы. Ён умее пабудаваць занятак у фармаце інтэрактыўнай гульні, пастаянна шукае новыя формы падачы матэрыялу.

Падтрымліваць фізічную форму і душэўную раўнавагу дапамагае спорт. Яшчэ ў дзясятым класе Вадзім захапіўся сілавым трохбор’ем. Да заняткаў у трэнажорнай зале ён прыцягвае і падлеткаў, што стаяць на ўліку ў ІСН. Для адных – гэта захапленне, для іншых – пачатак сур’ёзнага шляху да спартыўных вяршынь. Ён стараецца быць для “цяжкіх” хлопчыкаў і дзяўчынак старэйшым братам, імкнецца ўбачыць у кожным асобу.

Вадзім перакананы, што самым галоўным аўтарытэтам для дзіцяці павінны быць мама і тата, і многае залежыць ад узаемаадносін у сям’і. Некалькі месяцаў таму ў інспекцыю за распіццё спіртных напіткаў трапіла 16-гадовая дзяўчына. Прыйшоў яе бацька і стаў пагражаць, што ён гэтага так не пакіне, бо супрацоўнікі міліцыі напалохалі яго дзіця і спрабуюць ачарніць дачку. Праз два тыдні дзяўчыну зноў затрымалі, калі яна піла піва ў кафэ з юнакамі. Праз кароткі час на яе склалі адміністрацыйны пратакол на чыгуначным вакзале, а яшчэ праз тры тыдні затрымалі ў складзе вялікай п’янай кампаніі. На гэты раз яе бацька ўжо прасіў прабачэння ў міліцыянераў і паабяцаў, што сур’ёзна пагаворыць з дачкой…

Складанымі ў рабоце начальніка інспекцыі з’яўляюцца моманты, калі даводзіцца забіраць дзяцей ад бацькоў. Зараз у раёне 87 сем’яў знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, у іх выхоўваецца 185 хлопчыкаў і дзяўчынак.

Па словах Вадзіма Каржаневіча, галоўнае для супрацоўніка ІСН быць зацікаўленым у лёсах дзяцей, з якімі даводзіцца сустракацца, бачыць перад сабой не юнага злачынцу, а малодшага брата, якому патрэбна дапамога.

Add Comment