Рок-музыка пад водарам клубніц

«Як працавалася – так адпачывалася». Менавіта такое выказванне паўсюдна чулася на клубнічным фэсце, які праходзіў у суботу па пляцоўцы па закупу сельгаспрадукцыі ў Дварцы. Калі яшчэ тыдзень таму тут кіпеў мурашнік з вёдраў і скрынак у руках прадаўцоў і пакупнікоў «чырвонага золата», то цяпер тэрыторыя ператварылася ў дэманстрацыю прыгажосці, усмешак і цудоўнага настрою.

Яго стваралі ўдзельнікі рок-гуртоў і вясёлыя дзі-джэі, якія завалодалі ўвагай прысутных з імправізаванай сцэны. Гукі музыкі чуліся здалёк, і гледачоў не давялося чакаць доўга. А сабралася іх занадта многа. Свабодны ўваход, а асабліва жаданне паслухаць выступленні вядомых артыстаў прывялі сюды жыхароў Лунінца, Мікашэвіч, навакольніх вёсак і больш далёкіх гасцей. З дзясятак байкераў прыпаркавалі сваіх жалезных коней, некалькі разоў давялося бачыць “таксі” з іншых гарадоў. Увогуле ў стаянку для аўтамабіляў ператварыліся ўсе абочыны дварэцкіх дарог у радыусе амаль кіламетра.

Напэўна тут нікому не было сумна. Аматары року з зачараваннем слухалі любімыя кампазіцыі. Хто ім цікавіцца менш, выкарысталі цудоўную магчымасць сустрэцца з сябрамі, знайсці новых знаёмых, проста пабыць разам. У пераважнай большасці тут была моладзь, для якіх дварэцкая тусоўка стала самай знакавай і абмяркоўваемай тэмай у інтэрнэце. Цікава было адзначыць, што і старэйшае пакаленне знаходзіла нешта для сябе і не пакінула пляцоўку да позняга вечара.

Па водгуках юнакоў і дзяўчат свята ім вельмі спадабалася. Праводзіцца фэст у другі раз, і многія запэўнівалі, што калі традыцыя працягнецца, то на наступны год яны прыедуць сюды ў большым саставе. Чуліся словы ўдзячнасці ўладальніку рынка і арганізатару музычнага мерапрыемства індывідуальнаму прадпрымальніку Ігару Пракаповічу за падораныя землякам цудоўныя хвіліны адпачынку, за своеасаблівую візітоўку салодкай прадукцыі.

У паветры яшчэ лунаў водар клубніц, якія адпалыхалі тут яркім чырвоным колерам, стаўшы хоць невялікай заслужанай узнагародай працаўнікам за руплівую цяжкую працу. Брэнд нашага раёна набывае ўсё большую папулярнасць, слава пра цуд-ягаду разносіцца далёка за межы палескага краю. А сімвалічнасць сялянскіх клопатаў з рок-музыкай на дварэцкім рынку стала яшчэ адным яскравым доказам гэтаму.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.