Убраць вырашчанае сваімі сіламі

На Лунінеччыне набірае сілу жніво. Калі на пачатку тыдня яго вялі толькі некаторыя гаспадаркі, то сёння – практычна ўсе.

Не сталі ўпускаць спрыяльны час і працаўнікі дзяржаўнага прадпрыемства “Сінкевіцкі”. Яшчэ ў мінулую нядзелю яны праверылі якасць падрыхтоўкі тэхнікі і гатоўнасць механізатараў да ўборкі на адным з участкаў азімага жыта. Адрэгуляваўшы агрэгаты, у панядзелак з 16 да 20 гадзін чатырма наяўнымі камбайнамі абмалацілі збажыну на 25-гектарнай плошчы. Намалот аказаўся нядрэнны – 72 тоны: кожны гектар даў у сярэднім 28,8 цэнтнера  зерня.

Знакавым для хлебаробаў стаў аўторак. Пакуль падсыхала калоссе ад ранішняй расы, па ініцыятыве дырэктара прадпрыемства Віктара Дзеніскаўца і старшыні прафкама Алены Вайцяхоўскай на ўскрайку жытняга поля ладзілі “Зажынкі”. Урачыстасць, якая заняла няшмат часу, была святочнай і, у той жа час, уяўляла сабой, так бы мовіць, “рабочую планёрку”. Кіраўнік гаспадаркі акцэнтаваў увагу на недапрацоўках, якія былі выяўлены падчас пробнага выхаду ў поле, пажадаў спрыяльнага надвор’я і важкіх намалотаў. Ён таксама пазнаёміў з унутраным загадам, згодна з якім з 25 ліпеня па 30 лістапада для спецыялістаў і ўдзельнікаў жніва адмяняюцца выхадныя дні. Маўляў, пакуль хлеб на полі, селяніну адпачываць недаравальна. Як ніхто іншы ведаючы вялізную нагрузку, якая ляжа на кожны камбайн, кіраўнік, тым не менш, паставіў задачу – убраць вырашчанае сваімі сіламі без прыцягнення пабочнай тэхнікі, як гэта рабілася ў папярэднія гады. Інакш зноў давядзецца аддаць прыкладна 20 працэнтаў ураджаю. Калі ж кожны экіпаж будзе працаваць на поўную сілу, то здолее намалаціць не менш як 1 тысячу тон зерня, за што і будзе шчодра ўзнагароджаны…

Экіпажы камбайнаў у складзе Міхаіла Рудзько і Дзмітрыя Сінкевіча (на здымку), Мікалая і Анатоля Каплічаў, а таксама Сяргей Капліч і Іван Лукашэвіч (на верхнім здымку), якім давядзецца  працаваць без памочнікаў, з разуменнем прынялі сказанае і, як толькі закончылася свята, завялі тэхніку і прыступілі да абмалоту азімага жыта.

Як расказала галоўны аграном Людміла Шкут (на здымку),  сёлета хлебаробам “Сінкевіцкага” належыць убраць 1400 гектараў зерневых і зернебабовых культур. Да пачатку ўборкі збожжавых двума камбайнамі з прыстаўкамі абмалацілі азімы рапс на плошчы 200 гектараў. Пры ўра-джайнасці 15,8 цэнтнера на круг атрымалі больш як 316 тон масланасення. Гэта дае падставы для ўпэўненасці, што пастаўленая перад экіпажамі задача ўбраць збажыну самастойна – рэальная. Не дапусціць прастояў з поўнымі бункерамі павінны вадзіцелі МАЗаў з прычэпамі Яўген Хілінскі і Сяргей Анцыбор (на ніжнім здымку), Анатоль Капліч і Дзмітрый Буневіч. Прадумана і своечасова вядзецца падборка саломы. Для гэтых мэт у гаспадарцы ёсць тры прэс-падборшчыкі. Спраўна працуе і сушыльная гаспадарка, прадстаўленая комплексам СЗК-30 і сушылкай на цвёрдым паліве, што дае магчымасць за суткі дапрацоўваць ад 120 да 150 тон зерня ў залежнасці ад першапачатковай вільготнасці.  Самая вялікая праблема – недахоп механізатараў. Паралельна са жнівом трэба рыхтаваць глебу пад ураджай наступнага года, а гэта  300 гектараў. Пакуль жа ў гаспадарцы займаюцца толькі лушчэннем сцярні пасля рапсу, якое выконвае Максім Клеўжыц. Каб вырашыць праблему, давядзецца крыху спыніць тэмпы на нарыхтоўцы кармоў на зімова-стойлавае ўтрыманне грамадскага пагалоўя.

У аўторак адбылася і яшчэ адна значная падзея ў “Сінкевіцкім” – яны першымі ў раёне прыступілі да продажу зерня ў дзяржаўныя засекі. Аўтамабіль з зернем быў накіраваны на Пінскі КХП.

На дзень выхаду “ЛН” у гаспадарцы збожжавыя абмалацілі на 90-гектарнай  плошчы, атрымалі 248 тон зерня. 

Add Comment

Войти с помощью: