Знак веры і любові

Першае богаслужэнне адбылося ў царкве, якая ўзводзіцца ў гонар іконы Божай Маці «Казанская» ў аграгарадку Рэдзігерава. Настаяцелю Аляксандру Барысаву дапамагаў іерэй Алексій Ільючык з краснавольскага храма Новамучанікаў і Спаведнікаў Беларускіх.

Гісторыя будаўніцтва храма ў Рэдзігерава пачалася каля пяці год таму, калі ініцыятыўная група з мясцовых жыхароў узялася за збор сродкаў для ўзвядзення праваслаўнай царквы. Людзі, у тым ліку індывідуальныя прадпрымальнікі і работнікі РУВП «Граніт», ААТ «Спецжалезабетон», КУШВП ЖКГ «Мікашэвіцкая ЖКГ» і іншых прадпрыемстваў раёна, з радасцю адгукаліся на просьбу землякоў аб дапамозе. Падтрымалі грашамі, матэрыяламі, тэхнікай і проста працавітымі рукамі. Вельмі хутка на ўездзе ў аграгарадок Рэдзігерава ўзнік новы будынак.

Праект царквы ў гонар іконы Божай Маці «Казанская» распрацавалі гомельскія архітэктары: адзіны храм з падобнымі тэхнічнымі характарыстыкамі маецца ў вёсцы Бярозкі каля горада над Сожам. Асаб-лівасці новабудоўлі на Лунінеччыне – у даху: яго металічны каркас вырабілі на зямлі, а ў аздабленні ўнутраных памяшканняў вышынёй 11 метраў выкарысталі вагонку з  сасны і прыгожую керамічную плітку.

Будаўнікоў-добраахвот-нікаў чакае яшчэ немалы фронт работы. Неабходна падключыць храм да электрычнасці, абсталяваць ацяпленне, пабудаваць дадатковыя ганкі, добраўпарадкаваць тэрыторыю. Акрамя таго, шмат сіл і энергіі патрэбіцца для цокальнага паверха, дзе плануецца размясціць нядзельную школу для дзяцей.

Праваслаўны храм у гонар іконы Божай Маці «Казанская» ў Рэдзігерава  ў яснае, сонечнае надвор’е можна ўбачыць за дзясятак кіламетраў ад населенага пункта. Няхай ён бу-дзе нябачнай абаронай для ўсіх людзей, даруючы ім веру, любоў і радасць жыцця!

Add Comment