Кветкавая тэрапія і трохкутнік у падарунак

– Хіба можна жыць без кветак? – здзіўлена паціснула плячамі  лунінчанка Кацярына КУРСУНОВІЧ, замест адказу на маё пытанне, адкуль яна чэрпае сілы на сваё захапленне. Бо заглядзецца тут сапраўды было на што. Невялікі падворак на Залессі літаральна ператварыўся ў рознакаляровы дыван, на якім цяжка пералічыць усе адценні і сарты. Высокія, пад імі – крыху ніжэйшыя, паўз сцежку – па росту ледзь бачныя, але такія дзіўныя і духмяныя…

Зразумела, у жніўні няцяжка стварыць прыгажосць на клумбах. Павага да стараннасці Кацярыны Міхайлаўны ўзрастае яшчэ і таму, што жанчына валодае толькі левай рукой і ледзь ходзіць. Але з усімі клопатамі на градках і кветніках мужна спраўляецца сама. Гэта для яе – як свое-асаблівая тэрапія, як лекі, якія прымаюцца вялікімі дозамі і не наносяць шкоды.

Нарадзілася будучая аматарка рознакаляровай прыгажосці перад вайной у вёсцы Азярніца, мела 5 сясцёр і брата. Пераадолеўшы акупацыю, усе родныя засталіся ледзь не голымі і босымі. Потым і астатняе, што мелася, аддалі ў калгас падчас калектывізацыі. Добра памятае, як агульнымі стараннямі ўмудраліся выгадаваць аднаго невялікага кабанчыка, якога свежавалі на Каляды, а задавальненне ад “скаромнага” расцягвалі на ўвесь год. Вядома ж, удосталь наесціся мяса ці сала не мог ніхто, вялікая сям’я абыходзілася нішчымніцай з бульбы, па святах – смачнай лустачкай хлеба.

Неабходна было зарабляць хоць невя-лікія грошы на падаткі. Ісці на фізічна цяжкую работу дзяўчынка пасля 4 класа не мела сілы, а вось нянькай у багацейшы дом у райцэнтры яе ўзялі ахвотна. Так і пачалося дзіцячае “недзіцячае” самастойнае жыццё. Усяго тады хапала – і салодкага, і горкага. Крыху пазней муж сястры дапамог уладкавацца на хлебакамбінат. Быццам і “цёплае” месца, але падлетку цяжка было спраўляцца з дарослымі абавязкамі. Перайшла ў дзіцячыя яслі падсобнай рабочай на кухні, дзе адпрацавала 2 гады.

Калі дасягнула паўналецця, і равесніцы ўпершыню спяшаліся на работу, Каця мела за худымі плячамі багаты вопыт і навыкі ў розных сферах. У тагачасную чыгуначную бальніцу патрабаваўся повар, на чым і спыні-ліся яе пошукі свайго месца ў жыцці. Ад-працавала тут амаль 40 год, да самай пенсіі.

– Як з мужам пазнаёміліся? Ды выпадкова. На прахадной сустрэліся. Я дамоў спяшалася, а ён зайшоў якраз. Зірнуў мне ў вочы і не адстаў больш, не пакінуў, – ад прыемных успамінаў святлее жаночы твар, на якім цяпер адбіліся ўсе перанесеныя цяжкасці. Мужчына з рэдкім для нашых мясцін прозвішчам трапіў у Лунінец са Стоўбцаў. Яго бацькі ў пошуках лепшай долі купілі хутар у Любажэрдзі. Калі Аляксандр ажа-ніўся, паставілі яму зруб у рысе горада. Прыводзілі ўсё да ладу ў ім маладыя самастойна, быццам звіваючы сваё гняздо.

Гаспадар працаваў на чыгунцы. Працяглы час качагарам у паравозным дэпо, пазней – слесарам. У сям’і нарадзіліся дзве дачушкі, гадуючы якіх непрыкметна мінаў час за працоўнымі клопатамі. Адукацыю педагога мае цяперашняя лунінчанка Ірына Вярэніч, у Мікашэвічах асталявалася Людміла Арабей. Яны парадавалі старэйшых нашчадкамі – падарылі 4 унукаў, а тыя – 4 праўнукаў.

Тады не хапала сіл у Кацярыны Міхайлаўны заняцца кветкамі. Яны былі, але не ў такой колькасці і багацці колераў, як хацелася. Думала, выйдуць на пенсію, разам з мужам створаць тут сапраўдны рай для душы. Цяпер ружы і півоні выраслі, заквітнелі, вось толькі любавацца імі жанчыне даводзіцца ў адзіноце… 16 год таму не стала Аляксандра Аляксандравіча. У цяжкім захворванні і заўчаснай смерці выбранніка яна вінаваціць спецыфіку яго прафесіі – не вытрымалі лёгкія, бо працяглы час удыхаў бруднае паветра, будучы качагарам. Ніхто ў той час моцна не клапаціўся пра сродкі абароны ад шкодных фактараў.

Пахаванне блізкага чалавека стала першым цяжкім выпрабаваннем для Кацярыны Міхайлаўны. Новая бяда напаткала праз год, калі сама захварэла на інсульт. Паралізавала правую руку і нагу. Літаральна па міліметрах пасля працяглага лячэння вярталася валоданне ніжняй канечнасцю. З верхняй усё аказалася складаней – паляпшэння не наступіла наогул. Хадзіць жанчына вучылася, пераадольваючы мізэрныя адлегласці з непасільнымі намаганнямі. Прызвычаілася да ўсяго, вось толькі абіраць бульбу не атрымліваецца дагэтуль. Але горшыя праблемы чакалі наперадзе. Толькі-толькі акрыяла, як ад няўдалага падзення атрымала пералом шыйкі бядра. Зноў нерухомасць, моцны фізічны боль ды страх застацца бездапаможнай. Аперацыю правялі ў Брэсце, гарантыі не давалі. Але сабраўшы ўсе сілы і мужнасць, хоць не адразу, жанчына змагла ўстаць. І памаленечку хадзіць з вялікім кіем. І працаваць!

Спецыяльна па яе просьбе майстар вырабіў маленькую матыку для праполкі зелля, якую можна ўтрымліваць адной левай рукой. І з той хвіліны жыццё перастала быць сумным і бессэнсоўным – кожны ранак з вясны і да позняй восені Кацярына Міхайлаўна выходзіць на падворак і займаецца агародам – за хатай з роўных радочкаў распаўзаецца агурочнік, высока ўзнімаюцца памідоры, цвіце бульбоўнік, аддалі ўраджай суніцы. Бліжэй да веснічак кожны кавалачак зямлі радуе вока цвіценнем кветак і дорыць цудоўны водар.

Калі дзеці аднойчы спыталі, які падарунак матуля хацела б атрымаць на дзень нараджэння, адказала не задумваючыся: “Кветкавы вазон!”. Насенне многіх раслін, што прыжыліся тут, выпісвалі па пошце, і яны здзіўляюць навізной, не паспелі надакучыць. Варта ўдакладніць, што жанчыну не пакідаюць без увагі родныя, гатовы выканаць любое жаданне, зрабіць усё самастойна. Але яна не дазваляе ім шчыраваць на зямлі – гэта як занятак, лекі і душэўны спакой.

– Цяжка зіму перажываць. Сядзіш, як пень. Добра, што швейная машынка выручае, – гаспадыня дзеліцца яшчэ адным захапленнем – вышыўкай “Рышэлье”. На белую тканіну алоўкам наносіць малюнак, абмётвае яго краі і выразае адпаведныя часткі. Атрымліваецца незвычайны ўзор. Навучылася ад кватаранткі, што некалі жыла ў сястры. Тая дзяўчына ўсё выконвала ўручную, прымяніць механізаваны спосаб Кацярына Міхайлаўна дадумалася сама. Цяпер можна ўсяму навучыцца ў інтэрнэце, а некалі дапамагалі кемлівасць і фантазія. Большасць шэдэўраў параздавала дзецям і ўнукам на памяць.

Невялікі трохкутнік цяпер упрыгожвае і рэдакцыйны кабінет, бо адмовіцца ад шчырага падарунка не хапіла сіл. Простая рэч мае вялікае значэнне. Згадваючы шыкоўны кветнік і пазіраючы на выраб, створаны адной левай рукой, становіцца сорамна нам – маладзейшым і здаравейшым – пасаваць перад цяжкасцямі. На такіх незвычайных прыкладах мужнасці добра вучыцца цярпенню і вынослівасці, выхоўваць сваіх дзяцей стараннымі і працавітымі.

Add Comment