Льюцца песні пад баян

Музыкант – гэта прафесія ці стан душы? Адзінага адказу на такое пытанне не бывае, бо кожны з нас па-свойму адчувае свет вялікага мастацтва. Тут няма межаў у нацыянальнасці, узросце, колеры скуры. Музыка завалодвае сэрцам слухачоў, прымушае перажываць, смяяцца і плакаць, а выканаўца таксама атрымлівае неверагодную асалоду

ад сваёй творчасці. ля лунінчаніна Мікалая ВЯЧОРКІ ігра на баяне стала захапленнем маленства і любімай прафесіяй на ўсё жыццё. Ён нарадзіўся і рос на аддаленым хутары за некалькі кіламетраў ад вёскі Вулька 2. Навокал – гонкія бярозы на ўзбярэжжы невялікай рачулкі, дзе ўсё лета не сціхалі галасы птушак. Журчанне вады, буйства кветак і дзіўны спакой заўсёды настройвалі юнага аматара на лірычны лад, у якім не хапала прыгожых меладычных гукаў.

Скрыпкай добра валодаў прадзед Мікалая – Іван Антонавіч, які нават абслугоўваў тагачасныя вяселлі. Ад яго малы пераняў захапленне, цікавіўся тэхнікай выканання, вучыўся яе асновам. Але душа цягнулася да іншага інструмента, больш жывога і гучнага. Упэў-ніўшыся ў сур’ёзнасці дзіцячага жадання, у 5 класе бацька адвёз яго на праслухоўванне ў музычную школу ў Лунінцы. На вучобу прынялі, але аддаленасць замінала наведваць заняткі. Праблему вырашылі – на год хлопчыка уладкавалі ў інтэрнат у райцэнтры, потым падрос і самастойна дабіраўся з вёскі аўтобусам. Вяртаючыся пасля заняткаў, ішоў пехатой некалькі кіламетраў па лесе і ў цемры. Але ніколі не з’яўлялася жаданне ўсё кінуць.

Пасля заканчэння школы Мікалай падаў дакументы ў Мінскае ракетна-зенітнае вучылішча. Гэтым здзівіў усіх знаёмых, якія прагназавалі яму яркую будучыню ў зусім іншай сферы. Але стаць ваенным не пашанцавала – не хапіла балаў па матэматыцы. Лёсам было наканавана і далей займацца музыкай – паступіў у культасветвучылішча ў Магілёве. Далей чакала тэрміновая служба ў Кастраме ў якасці ўдзельніка духавога аркестра, дзе іграў на барытоне. Гэта давала перавагі ў няпростым салдацкім жыцці – часта замест палявых вучэнняў іх пакідалі ў дывізіёне для абслугоўвання розных урачыстых мерапрыемстваў.

Першым рабочым месцам стаў ад-дзел культуры, працаваў кіраўніком                     агітбрыгады, дружным саставам якой ездзілі з канцэртамі па палях і фермах усяго раёна, узнімалі настрой вяскоўцам. У аддзеле адукацыі не хапала настаўнікаў музыкі, таму аднойчы папрасілі паспрабаваць сябе ў новай якасці ў СШ №1 г. Лунінца. Неўзабаве паступіў у Брэсцкі педінстытут на спецыяльнасць “фізвыхаванне”, бо музычнага факультэта там не было. Далей перайшоў акампаніятарам у тагачасны Дом піянераў, нядоўга пабыў выхавацелем і кіраўніком мастацкай самадзей-насці ў ПТВ-160 сельгасвытворчасці.

Пошукі сябе спыніліся, калі вярнуўся ў сярэднюю школу №1. Пастаянна працуе тут з 1986 года, мае вышэйшую катэгорыю. Поруч з ім прайшлі рабочыя будні жонкі Антаніды Уладзі-міраўны, настаўніцы пачатковых класаў (ужо на пенсіі, вядзе групу падоўжанага дня). Дарэчы, родам яна з Кастрамской вобласці – тых знаёмых мясцін, дзе праходзіла яго армейская служба. Але сустрэцца будучай закаханай пары пашанцавала ў Лунінцы – сюды дзяўчына прыехала разам з мамай да цёткі, тут заканчвала сярэднюю школу. Аднолькавыя ўспаміны пра далёкі прыгожы край зблізілі маладых людзей, і хутка яны стварылі сваю сям’ю.

Часта згадвае Мікалай Іванавіч адну цікавую гісторыю. Аднойчы яны вырашылі наведацца на жончыну малую радзіму. Выйшлі з цягніка ў Кастраме і на вакзале пачулі гукі аркестра – якраз урачыста праводзілі нейкую важную дэлегацыю даўнія знаёмыя ўдзельнікі яго армейскага калектыву. Склалася ўражанне, што сябры з такой пашанай сустракалі менавіта іх. Супадзенне ўзрушыла да слёз. Дагэтуль той момант жыве ў памяці, нагадвае пра маладосць…

Педагогіку выбраў справай жыцця сын Генадзь, які мае спецыяльнасць біёлага, зараз дырэктар Бастынскай СШ. Нявестка Людміла – настаўніца пачатковых класаў у той жа ўстанове адукацыі, дзе працуюць свёкар і свякроў. Унукі Алеся і Глеб ганарацца дзедам, яго незвычайным талентам. Бяручы з яго прыклад, дзяўчынка-першакласніца старанна займаецца па класу фартэпіяна і скрыпкі. Сёлета шмат радасных падзей адбылося ў лёсе дачкі Ганны – яна атрымала дыплом інжынера-праграміста інавацыйных тэхналогій у Брэсце і нядаўна выйшла замуж. У школьныя годы асвоіла баян, але прафесію выбрала больш сур’ёзную. Маўляў, хопіць на сям’ю і аднаго аматара спеваў.

Лунінчане ведаюць Мікалая Іванавіча як акампаніятара ў хоры ветэранаў вайны і працы, дзе яго стаж таксама вымяраецца трыма дзесяцігоддзямі. Новыя ўдзельнікі ўліваюцца ў калектыў, і кожны знаходзіць тут нешта сваё. На пытанне, з кім прасцей працаваць – з дзецьмі ці пажылымі людзьмі – музыкант адказвае:

– І малыя, і дарослыя хочуць увагі, павагі і падтрымкі. У песнях трэба зліцца ў унісон з мелодыяй, у валоданні інструментамі – мець дасканалы слых, адчуваць рытм. На рэпетыцыях варта запасціся моцным цярпеннем. Важна адносіцца да творчасці з запалам, жаданнем. Прыемна, што спяваюць і малодшыя школьнікі, і людзі, якія дасягнулі 90-гадовага ўзросту.

У яго шмат любімых кампазіцый. Яны моцна хвалююць, выконваюцца на адным дыханні. А калі аўтар бачыць, што слухачы пранікліся ўвагай і адкрылі свае сэрцы, то аддаецца творчасці з яшчэ большым запалам. Акрамя баяна віртуозна іграе на гармоніку, акардэоне. Пры неабходнасці можа сесці за фартэпіяна, а пад лірычны настрой умела дакранаецца да гітарных струн.

Ці не шкадуе Мікалай Вячорка, што не атрымалася стаць ваенным? Яго адказ – не. Хаця ўсё склалася інакш, чым марылася ў юнацтве, ён мае галоўныя каштоўнасці ў сваім жыцці: цікавую справу, узаемаразуменне з каханай жанчынай, любячых дзяцей і ўнукаў. На шчасце, пакуль ёсць да каго вяртацца на малую радзіму – старэнькія бацькі Іван Данілавіч і Анастасія Дзям’янаўна жывуць на родным хутары, тут любяць збірацца разам браты і сёстры са сваімі сем’ямі.

А калі такая падзея здараецца, то пасядзелкі ніколі не абыходзяцца без прыгожых гукаў баяна – мясціны, якія некалі люлялі мары хлопчыка Колі пра свет вялікай музыкі, зноў прымаюць яго ў свае абдымкі. Тут перад усімі роднымі ён быццам здае свой галоўны жыццёвы экзамен. І льецца над лесам і полем самая простая і шчырая мелодыя, пад якую спяваюць усе разам любімыя радкі:

“Есть у каждого родной уголок, где хмелеем мы,  устав от дорог.

И  с друзьями там беда не беда,  и в колодце там вкуснее вода…”

Add Comment