Шчаслівы працай і сям’ёй

Заўтра праваслаўны люд будзе адзначаць Яблычны Спас. Да яго абавязкова рыхтуюцца гаспадыні. А вось тым, хто шчыруе на зямлі, нават пярэдадзень свята не дае перадышкі. Дваццаць адзін год працуе ў ААТ “Вулькаўскі світанак” Мікалай КІСЕЛЬ (на здымку). З іх 20 – трактарыстам.

У  Вулькаўскай 2 СШ і зараз памятаюць, што Мікалай быў адным з лепшых вучняў. Здольны і вельмі адказны, ён меў у атэстаце сталасці практычна па ўсіх прадметах адзнаку “выдатна”. І раптам – рашэнне працаваць механізатарам у роднай гаспадарцы. Яго разумелі і прымалі не ўсе, і толькі юнак, які на той час меў атрыманае ў школе пасведчанне на права ўпраўляць трактарам, спяшаўся сесці за руль.

Ішоў час, жыццё вызначала лёс. У многім ён быў падобным на лёсы равеснікаў. І толькі ў адным Мікалай Кісель быў верным сабе – не здрадзіў выбранай аднойчы і назаўсёды прафесіі. Нават нягледзячы на тое, што паспеў атрымаць у Пружанскім сельскагаспадарчым тэхнікуме дыплом агранома,  зноў вярнуўся на трактар, так і не прыняўшы адносна “белакаўнерыкавы” статус кіраўніка сярэдняга звяна.

Ведаючы адданасць тэхніцы, маладому работніку практычна адразу даверылі новенькі энерганасычаны МТЗ-1221. На ім механізатар адпрацаваў амаль 10 год. А калі ў гаспадарцы паявіўся замежны “Джон-Дзір”, сумнення, каму даверыць дорагакаштуючую тэхніку, у кіраўніцтва не было – вядома ж, Мікалаю Кіселю.

Сёння Мікалай Іванавіч – адзін з найбольш паважаных работнікаў гаспадаркі. Сваю павагу да яго не хавае старшыня ААТ “Вулькаўскі світанак” Уладзімір Соц: “Яшчэ адзін такі механізатар – і мы практычна не ведалі б праблем  з правядзеннем асноўных сельскагаспадарчых работ. Стыль работы Мікалая Кіселя, яго адказнасць – узор для іншых”.

Вось і зараз, управіўшыся з узворваннем глебы пад азімы рапс, трактарыст прыступіў да падрыхтоўкі агрэгата пад сяўбу. Усміхаючыся, быццам радуючыся прадстаячай рабоце, земляроб расказвае пра тое, што трэба памяняць 120 падшыпнікаў і сціпла маўчыць пра тое, што падобныя маніпуляцыі трэба рабіць двойчы на год ! Карпатлімую справу не давярае нікому і справіцца з ёю мяркуе ў сціслы тэрмін: азімы рапс – культура капрызная, але вельмі выгадная для гаспадаркі, недарма ж многія называюць яе “чорным золатам”. Сёлета мяркуецца ў “Вулькаўскім світанку” заняць ёю 250 гектараў, што прыкметна больш, чым летась. Нягледзячы на гэта, практычна ўсю плошчу даручана засеяць стараннаму механізатару.

Магчыма, нехта падумае, што жыве наш суразмоўца толькі работай. Нягледзячы на тое, што яна і насамрэч займае важнае месца, усё ж галоўным у жыцці лічыць Мікалай Іванавіч сям’ю. З жонкай Святланай гадуюць трое дзетак. А пярэдадзень Спаса – 18 жніўня – увогуле знамянальная для Кісялеў дата: 16 год таму менавіта ў такі ж цёплы жнівеньскі дзень яны пабраліся шлюбам.Мінулы год, калі адзначалі крыштальнае вяселле, увогуле стаў асабліва ўдалым: на радасць бацькам, а таксама старэйшым дачушкам Юлі і Анечцы 26 лютага на свет паявіўся доўгачаканы сынок і брацік Максімка.

Дом у Галым Бары, перабудаваны і адноўлены рукамі гаспадара, быццам азарыўся новым святлом. На хвіліну падалося, што гэтае дабратворнае святло знайшло свой водбліск ва ўсім, да чаго мае дачыненне працаўнік. Прымаючы нечаканы гасцінец – ружавашчокія яблыкі , на якія досыць скупымі аказаліся сёлета вулькаўскія сады – Мікалай Іванавіч удзячна ўсміхнуўся і паспяшаўся вярнуцца да звычнага занятку, няпростай хлебаробскай справы, якой прысвяціў жыццё.