«Як працуем –  так і жывем»

Такую думку выказаў падчас Дня адкрытага пісьма ў Багданаўцы старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко.

– І дзе ж тут нам прыпаркавацца? – размаўлялі паміж сабой жанчыны, пад’-ехаўшы да сельскага Дома культуры, дзе праходзіла важнае для вяскоўцаў мерапрыемства.

Чаму важнае? Аб гэтым сведчыла вялікая колькасць сабраўшыхся, а яшчэ – святочнае адзенне жыхароў вёскі, схаванай у глыбіні палескіх лясоў. Парадаваў і СДК, які пад пільным кіраў-ніцтвам Галіны Кавалевіч набыў асаб-лівы выгляд дзякуючы стэндам з работамі мясцовых майстрых.

– Колькі ж тут веласіпедаў! – працягвалі дыялог вяскоўкі. – Недарма кажуць, што хутка Багданаўка будзе, як Галандыя, улічваючы вялікую колькасць двуколых транспартных сродкаў…

Было б выдатна, каб аграгарадок параўноўвалі з еўрапейскай краінай не толькі па веласіпедным руху, але і па ўзроўню жыцця. Аднак, да такога паказчыку яшчэ расці і расці. У гэтым пераконвалі выступленні дакладчыкаў.

Так, старшыня сельвыканкама Сяргей Фурсевіч расказаў, што на падведамаснай тэрыторыі няма прамысловых аб’ектаў, таму асноўная маса праца-здольнага насельніцтва задзейнічана ў дзяржпрадпрыемстве “Багданаўка”, лясніцтве, на ўчастках ЖКГ і “Водаканала”. Наладжана работа гандлёвых кропак, у тым ліку двух павільёнаў індывідуальных прадпрымальнікаў, урачэбнай амбулаторыі, школы, ясляў-сада, СДК, бібліятэкі, комплекснага прыёмнага пункта і аддзялення паштовай сувязі.

Пад пастаянным кантролем знахо-дзяцца пытанні добраўпарадкавання. За кожнай арганізацыяй замацаваны тэрыторыі, на якіх на працягу года пад-трымліваецца санітарны парадак. Грамадзяне таксама імкнуцца да чысціні ў дварах. І ім гэта ўдаецца, мяркуючы па тым, што за 7 месяцаў года не было вынесена ніводнага прадпісання ў адносінах да домаўладальнікаў. Аднак, як заўважыў Аляксандр Пачко, парадак бачны толькі па цэнтральнай вуліцы, а аддаленыя, як і летась, застаюцца заросшымі. Як патлумачыў Сяргей Віктаравіч, чаргаванне цёплых дзён з даж-джамі спрыяе хуткаму росту зелля, на некаторых участках па шостаму разу вядзецца абкошванне. Да таго ж, на тэрыторыі сельвыканкама ёсць 93 незаселеныя дамы, 74 з іх уладальнікі і спадчыннікі маюць намер выкарыстоўваць для далейшага пражывання або як дачу. Аднак, парадак каля гэтых пабудоў падтрымліваецца не ўсюды.

Што датычыць стану вуліц, то, па словах кіраўніка сельвыканкама, ён пакідае жадаць лепшага. Многія з іх не маюць асфальтаванага пакрыцця, аднак перыядычна грэйдзіруюцца. Старшыня райсавета Віктар Рафаловіч засяродзіў увагу на тым, што значныя сродкі былі зрасходаваны на асфальтаванне дарогі ад бетонкі да населенага пункта. Таму вяскоўцы павінны разумець сітуацыю і «не заводзіць рака за камень». Гаворка вялася яшчэ пра адзін Камень – населены пункт Пінскага раёна. Дарога паміж Багданаўкай і ім таксама выклікае незадавальненне. Аднак яе няма на карце, і на балансе яна ні ў каго не лічыцца, таму за яе стан спытаць няма з каго. Але Аляксандр Пачко запэўніў, што 1-2 разы ў сезон яе будуць грэйдзіраваць. Пытанне аб рамонце вуліцы Сельская таксама будзе вырашана ў 2018 годзе.

З закрыццём багажнага аддзялення на чыгуначным вакзале зніклі і камеры захоўвання, неабходныя як пасажырам, так і вяскоўцам, якія іншы раз па некалькі гадзін чакаюць рэйсавы аўтобус. Як паведаміў галоўны інжынер станцыі Лунінец Віталь Семянюк, на днях на чыгуначным вакзале пачнуць функцыянаваць спецыяльныя ячэйкі. За іх карыстанне грамадзянам давядзецца заплаціць 1 рубель у суткі.

Прыемная інфармацыя прагучала з вуснаў начальніка РАНС Эдуарда Санюковіча, які паведаміў, што на тэрыторыі сельсавета сёлета не зарэгістравана пажараў. Участковы інспектар міліцыі Аляксандр Фрыдрыхсберг таксама парадаваў: злачынстваў у Багданаўцы не ўчынена. Ён жа папярэдзіў грамадзян аб тым, што трэба быць пільнымі і ўважлівымі: на тэрыторыі раёна пачасціліся крадзяжы веласіпедаў, а таксама правапарушэнні з боку асоб цыганскай нацыянальнасці. Да самога супрацоўніка праваахоўных органаў пытанняў не было, а вось кіраўніцтву РАУС трэба будзе падумаць аб графіку для ўчастковага, які абслугоўвае яшчэ і Лунінскі сельсавет, каб ён не менш як 1 раз у тыдзень прыязджаў у Багданаўку.

На сённяшні дзень у дзяржаўным прадпрыемстве “Багданаўка” працуе 100 чалавек. Справы тут ідуць нельга сказаць, што дрэнна. З выкананнем асноўных паказчыкаў азнаёміў дырэктар Сяргей Мелюх. Рэнтабельна малако – плюс 38 працэнтаў, стратна вытворчасць мяса – мінус 54 працэнты. На думку Аляксандра Пачко, неабходна павялічваць пагалоўе статка, якое зараз налічвае 890 жывёлін, нарошчваць аб’ёмы вытворчасці, тады і заробкі будуць годныя, і новыя рабочыя месцы створаны.

На тэрыторыі сельсавета знаходзяцца 544 прыватныя гаспадаркі. Аднак, вяскоўцы не вельмі зацікаўлены ў тым, каб утрымліваць дамашнюю жывёлу. 48 кароў, 58 коней і 227 свіней – зусім сціплы спіс. Разам з тым, старшыня райвыканкама прывёў факты, што на Лунінеччыне ёсць гаспадары, якія трымаюць па 15 кароў. Значыць, справа выгадная. Але, трэба думаць, што багданаўцы больш спадзяюцца на дары лесу – ягады, грыбы, хаця сёлета з-за чэрвеньскіх маразоў высокіх ураджаяў чакаць не даводзіцца. Выручаюць таксама іх “фірменныя” венікі, а яшчэ мясцовасць ганарыцца ўмельцамі, якія працуюць з дрэвам.

Разгарнуцца тут ёсць месца – лесу сапраўды многа. Але перад вяскоўцамі ўстала праблема з саманарыхтоўкай дроў. Як патлумачыў дырэктар Лунінецкага лясгаса Вячаслаў Торчык, згодна са змяненнямі ў заканадаўстве, ро-біцца новае лесаўладкаванне. Але ў жніўні праблемы будуць зняты, і грамадзяне змогуць нарыхтоўваць не толькі дровы, але і дзелавую драўніну.

Мнагадзетны бацька паскардзіўся, што не можа атрымаць крэдыт на рэканструкцыю дома. Другая сям’я марыць выкупіць дом, грошы ёсць, але ў банку іх не прымаюць. Яшчэ папрасілі багданаўцы ўстанавіць указальнік з назвай населенага пункта на аўтадарозе М10 і размясціць на чыгуначным вакзале расклад руху прыгарадных аўтобусаў, якія адпраўляюцца з аўтастанцыі. На некаторыя пытанні грамадзяне атрымалі адказы ў індывідуальным парадку, асобныя – узяты на кантроль.

Нягледзячы на аддаленасць ад райцэнтра, а можа і дзякуючы гэтаму, у аграгарадка ёсць будачае. У гэтам пераконваюць поспехі вучняў мясцовай школы. Сёлета з 22-ух медалістаў у раёне 5 – выпускнікі Багданаўскай СШ. Сярэдні бал атэстата – 7,6, пасведчання – 7,7. А яшчэ тут няма СОПаўскіх сем’яў. А гэта значыць, што работа школы вя-дзецца ў правільным накірунку.

Старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко на заканчэнні, звяртаючыся да вяскоўцаў, сказаў:

– Я не супраць таго, каб заасфальтаваць усе вуліцы, забяспечыць усіх дровамі… Але ніхто не прыйдзе да нас, каб навесці парадак, паправіць і пафарбаваць агароджу, абкасіць тэрыторыю. Як бу-дзем працаваць – так і будзем жыць.

Add Comment