Прафсаюзы праманіторылі “Дзятлавіцкі”

Адным з напрамкаў дзейнасці прафсаюзаў з’яўляецца  маніторынг рабочых месцаў. З гэтай мэтай старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Ігар Гапон і райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Ермалёнак наведалі дзяржаўнае прадпрыемства “Дзятлавіцкі”.

Жытнёвае поле сустрэла рокатам камбайнаў. Пакуль яны набліжаліся да ўскрайку, галоўны аграном райсельгасхарчу Барыс Абравец нахіліўся над валком саломы, каб праверыць якасць абмалоту. Зерня пад ім не было, а гэта значыць, што тэхніка адрэгулявана добра і ўборка вядзецца чыста. Як і належыць, непадалёк ад лесапаласы, што “абрамляла” ніву, стаяў трактар з напоўненай вадой ёмістасцю.

Першым пад’ехаў малады камбайнер Сяргей Касач (на здымку). Як даведаліся, непасрэдна ў “Дзятлавіцкім” ён не працуе і, нават пры вялікіх намалотах, згодна з існуючымі ўмовамі раённага і абласнога спаборніцтваў, не зможа прэтэндаваць на пераможнае месца. Даведаўшыся пра гэта, малады чалавек не расчараваўся:

– Прыйшоў не за перамогай, а каб дапамагчы землякам своечасова і без страт убраць ураджай. У мяне добры настаўнік – старшы камбайнер, хлебароб з 20-гадовым стажам Дзмітрый Баўкуновіч. А пра тое, што жніво – гэта не прагулка, ведаю з леташняга вопыту. Тады ўпершыню паспрабаваў свае сілы.

Падобны “расклад” аказаўся і ў другога экіпажа ў складзе Анатоля і Аляксандра Буднікаў (на верхнім здымку). Старшы камбайнер у трэцяе жніво “ўступіў” з блізкім родзічам, які дзеля гэтага ўзяў водпуск на заводзе “Палессеэлектрамаш”.

Па-сапраўднаму хлебаробскім можна назваць экіпаж у складзе двух Аляксандраў –  Емельяновіча і Гопты (на ніжнім здымку). Яны абодва шчыруюць у роднай гаспадарцы. Сёлетняе сумеснае жніво ў іх сёмае па ліку, і амаль штогод працаўнікі намалочваюць каля 1 тысячы тон зерня, становяцца лепшымі сярод калег па штурвалу. 

Як зазначыў галоўны аграном Яўген Грыневіч, пад кантролем якога вяліся работы, ураджайнасць жыта чакаецца нядрэннай. Пакуль убралі толькі трэцюю частку ўчастка, а ў разліку на гектар атрымліваецца прыкладна 25 цэнтнераў збожжа. Усяго ж хлебаробам гаспадаркі неабходна будзе абмалаціць збожжавыя і зернебабовыя на плошчы 1206 гектараў. Гэта вельмі шмат для пяці наяўных камбайнаў, з якіх на дзень наведвання працавалі толькі тры. Астатнія знаходзіліся на рамонце: адзін – на бягучым, другі стаяў практычна без рухавіка.

Яўген Грыневіч паведаміў таксама, што на адвозцы зерня задзейнічаны два МАЗы. Гэтага пакуль дастаткова. Падрыхтавана як след сушыльная гаспадарка, што дазваляе своечасова дапрацоўваць паступаючае на зернеток збожжа. Усе ўдзельнікі жніва забяспечваюцца гарачым харчаваннем, значную частку выдаткаў за якое ўзяло на сябе сельгаспрадпрыемства.

Не знайшлі нагоды для сур’ёзных заўваг прафсаюзныя лідары, якія праверылі ў камбайнераў наяўнасць усіх неабходных для бяспечнай працы атрыбутаў, хіба што паўстала пытанне замены гумавых “шлёпанцаў” на нагах на больш надзейны абутак. У шчырай размове падзяліліся хлебаробы сваімі праблемамі. На памяць аб сустрэчы ўсе яны атрымалі кепкі і майкі з эмблемай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Add Comment