Вынікам жніва задаволены калектыў Палескай станцыі

Па словах дырэктара Аляксандра Юзупанава, кампанію правялі ў сціслыя тэрміны. Да ўборкі збожжавых і зернебабовых прыступілі 25 ліпеня. Нівы на 910-гектарнай плошчы размешчаны даволі кампактна. Працавалі на іх вопытныя камбайнеры – асобна Вячаслаў Гарагляд і чатыры экіпажы ў складзе Генадзя Алейніка і Міхаіла Масеціча, Канстанціна Свібовіча і Алега Шыгаўдзінава, Андрэя Калешкі і Мікалая Мелюха, Дзмітрыя Паўлюкевіча і Дзмітрыя Трухнова. Усяго яны намалацілі 3 тысячы 647 тон зерня, што больш за мінулагодні паказчык. Радуе ўраджайнасць, якая склала 40,1 цэнтнера з гектара. Аператыўнасцю вызначаліся і вадзі-целі, якія рэгулярна рабілі рэйсы з ніў на зернеток. Сёння машыніст зернесушыльнага комплексу Аляксандр Сіманаў (на здымку) ужо можа ўздыхнуць з палёгкай: з уборачнай справіліся! А яшчэ нядаўна ён сустракаў на рабочым месцы і яркія досвіткі, і цёплыя змярканні!

Каторы год запар менавіта ў жніўні вартаўнік Палескай станцыі мяняе сваю “кваліфікацыю”: з надзейнага ахоўніка ператвараецца на гарачы сезон у стараннага машы-ніста. Аб адказнасці маладога спецыяліста сведчаць лічбы. Аб’ём фуражнага высушанага зерня перабольшыў 2100 тон!

– Як дасягаць добрых вынікаў? – перапытаў Аляксандр Аляксандравіч. – Проста любіць справу, якой займаешся. Інакш не атрымаеш ні маральнага задавальнення, ні матэрыяльнага. Я сам нарадзіўся і вырас у Луніне. Магчыма, некалі і марыў пра вялікія грошы ды буйныя гарады. Аднак ніколькі не шкадую, што застаўся працаваць на зямлі. Вясковы лад жыцця вядзе мая матуля, таты, на жаль, даўно няма. Брат таксама мой “калега”: ён трактарыст у “Лунінскім”. Так што няма асаблівай розніцы “дзе”, галоўнае – “як”.

З кожнай змены Аляксандра дома чакае сям’я – жонка Валянціна, 4-класнік Мікіта і маленькая Дашка. Некалькі год таму Сіманавы самастойна купілі дом у Луніне. На яго рэканструкцыю ўзялі крэдыт, зрабілі касметычны рамонт. Практычна завяршылі ўзвядзенне гаспадарчых пабудоў. Паколькі зараз на падворку кудахчуць толькі куры, то трэба спадзявацца, што неўзабаве новае “жыллё” займеюць жаданыя парсючкі. У стараннага вяскоўца хопіць сіл і на хатнюю жыўнасць, і на дружную сям’ю, і на любімую работу.

Add Comment