Аб перавагах вакцынацыі расказвае галоўны санітарны ўрач раёна Віталь Дзегцяроў

Штодня кантактуючы з вялікай колькасцю людзей на вуліцах, здароўе гараджан і вяскоўцаў падвяргаецца небяспецы з боку інфекцый. Існуюць розныя сродкі абароны ад непрыемнай перспектывы іх “падхапіць” . Адзін з іх –  імунізацыя.

Многія людзі робяць прышчэпкі ад грыпу добраахвотна і лічаць, што менавіта яны ў перыяд эпідэміі засцерагаюць ад хваробы. Аднак ёсць і ярыя праціўнікі вакцынацыі. Як быць? Ці трэба прышчэплівацца супраць грыпу? І што, наогул, дае масавая імунізацыя насельніцтва? Адказаць на гэтыя пытанні папрасілі галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача раёна Віталя Дзегцярова.

– На Лунінеччыне сярод усёй інфекцыйнай паталогіі лідзіруючае становішча займаюць вострыя рэспіраторныя інфекцыі і  грып. Менавіта на іх прыпадае штогод больш як 90 працэнтаў ад усіх зарэгістраваных захворванняў гэтай групы. Па прычыне высокай зменлівасці віруса грыпу і фарміравання ў апошнія гады высокапатагенных штамаў асноўным накірункам у прафілактыцы гэтага захворвання з’яўляецца правядзенне штогадовай масавай імунізацыі насельніцтва. Варта адзначыць, што з кожным годам на тэрыторыі раёна павялічваецца колькасць прышчэпленых людзей. У мінулым годзе іх лік склаў 27 тысяч 444 чалавекі, з іх 12,9 працэнтаў – за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту і 18,9 – мясцовага, 68,2 – за сродкі прадпрыемстваў і арганізацый раёна.

– Каму абавязкова трэба рабіць прышчэпкі?

– Вакцынацыя супраць грыпу рэкамендуецца ўсім, асабліва дзецям і асобам старэй за 50 год. Менавіта ў гэтых узроставых груп існуе рызыка развіцця яго цяжкіх форм. Прышчапляцца неабходна і жанчынам, якія рыхтуюцца стаць маці. Безумоўна, праводзіць яе патрэбна да цяжарнасці. Рызыка захворвання грыпам у цяжарных жанчын звязана з магчымасцю ўзнікнення ўнутрывантробных хвароб і недастатковасць у развіцці плода. Зрабіць прышчэпкі варта дарослым і дзецям з хранічнымі захворваннямі органаў сардэчна-сасудзістай, дыхальнай сістэм, хранічнымі хваробамі нырак. Рызыка развіцця цяжкіх форм грыпу ў такіх пацыентаў значна вышэй, чым у здаровых людзей. Не будзе лішняй прафілактыка  і для хворых на цукровы дыябет, дарослых і дзяцей з парушэннем функцыі імуннай сістэмы, а таксама асоб, якія з-за асаблівасцей сваёй прафесіі (выкладчыкі, выхавацелі, прадаўцы, урачы і г.д.) штодзень кантактуюць з вялікай колькасцю людзей.

– Лічыцца, што праводзіць вакцынацыю можна ў любы час года?

– Так. Але лепш за ўсё прышчапляцца ад грыпу восенню, у кастрычніку-лістападзе. Пры гэтым трэба ўлічыць тэрмін у адзін-два тыдні, неабходны для выпрацоўкі імунітэту да вакцынных антыгенаў. Імунізацыя ў час эпідэміі таксама эфектыўная. Аднак пры гэтым у перыяд да развіцця імунітэту (7-15 дзён) неабходна праводзіць прафілактыку іншымі сродкамі.

– Наколькі эфектыўна супрацьгрыпозная прышчэпка?

– Яна не забяспечвае 100-працэнтнай аховы арганізма ад грыпу і яго ўскладненняў. Эфектыўнасць аднаразовай  ацэньваецца прыкладна ў 70-90 працэнтаў. Менавіта столькі вакцынаваных людзей не захварэюць. Трэба ведаць, што, акрамя віруса грыпу, ёсць шмат іншых, выклікаючых рэспіраторныя інфекцыі, ад якіх супрацьгрыпозная прышчэпка не абавязана ахоўваць. Любы чалавек, нягледзячы на вакцынацыю ад грыпу, можа захварэць, напрыклад, адэнавіруснай інфекцыяй ці парагрыпам. Зазначце, прышчэпка мінулагодняга штамавага саставу ў бягучым сезоне малаэфектыўная. Таму абавязкова звярніце ўвагу на тое, для якога эпідэмічнага перыяду яна прызначана. Такая інфармацыя звычайна размяшчаецца на знешняй упакоўцы ці ў інструкцыі да яе.

– Многія баяцца небяспечных ускладненняў пасля імунізацыі.

– Сапраўды, гэты міф застаецца сур’ёзнай перашкодай для многіх людзей. Шматлікія даследаванні пацвярджаюць, што сучасная супрацьгрыпозная вакцына добра пераносіцца. Прыкладна 95 працэнтаў прышчэпленых не скардзяцца ўвогуле або адчуваюць толькі нязначны дыскамфорт. Аднак пабочныя эфекты ўсё-такі могуць мець месца. У іх ліку слабасць, павышэнне тэмпературы цела, агульнае недамаганне, боль у мышцах і суставах. Такія рэакцыі з’яўляюцца з клінічнага пункту гле-джання неістотнымі і назіраюцца не больш як адзін-два дні. У рэдкіх выпадках магчымы алергічныя высыпанні на скуры, цяжкасць дыхання. Менавіта таму перад імунізацыяй патрабуецца абавязковы агляд урача і вызначэнне супрацьпаказанняў. У Беларусі адносіны да вакцыны з боку дзяржавы вельмі сур’ёзныя. Усе прэпараты праходзяць абавязковую дзяржаўную рэгістрацыю. Затым кожная серыя, якая паступае на тэрыторыю краіны, праходзіць уваходны лабараторны кантроль.

– Сёлета якую вакцыну плануецца выкарыстоўваць?

– Для бясплатнай імунізацыі закуплена расійская – “Грыпол Плюс”, для платнай –  “Інфлювак” (Нідэрланды). Як паказвае практыка, прышчэпкі добра пераносяцца як дзецьмі, так і дарослымі.

– Віталь Анатольевіч, а ці не перагрузіць штогадовая вакцынацыя наш імунітэт? Ці не зменшыць яна агульную супраціўляльнасць арганізма да інфекцый?

– Наадварот, ёсць дадзеныя, што яна нават некалькі зніжае захворванне іншымі вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі. Кожны год вакцыны часткова мяняюць свой састаў. Дадзеныя медыцынскага назірання за тымі, хто рабіў прышчэпкі на працягу чатырох гадоў запар, пацвярджаюць, што пры паўторным увядзенні рост колькасці пабочных рэакцый не назіраецца. Варта ведаць і тое, што высокая захворваемасць сярод асоб працаздольнага ўзросту наносіць вялікую эканамічную шкоду як асобным арганізацыям і ўстановам, так і краіне ў цэлым. Імунізацыя, безумоўна, з’яўляецца адной з найбольш эфектыўных і эканамічна абгрунтаваных мер медыцынскага ўмяшання, якія даюць значныя станоўчыя вынікі для здароўя і дабрабыту насельніцтва. Штогод «працэдура» выратоўвае мільёны жыццяў, прадухіляючы выпадкі смерці, інваліднасці па прычыне інфекцыйных захворванняў. Ды і затраты на яе правядзенне значна меншыя ў параўнанні з коштам лячэння хваробы.

Add Comment

Войти с помощью: