ААТ “Дварэцкі” прыме раённыя “Дажынкі”

Апошнім акордам жніва з’яўляецца фестываль “Дажынкі”. Раённае свята сёлета пройдзе на базе ААТ «Дварэцкі». Гаспадары старанна рыхтуюцца прыняць шматлікіх гасцей, усё яшчэ застаючыся пад уражаннямі ад клопатаў на ўборцы збожжавых. Аб тым, як працавалася, расказвае выканаўчы дырэктар Віталь Карчэўскі:

– Гаспадарка імкнецца выбрацца з крызісу. Сёлетняе жніво для нас асаблівае ўжо тым, што на гэты раз справіліся сваімі сіламі. Нават аказвалі дапамогу «Гарадоцкаму» і «Сінкевіцкаму». Усё прайшло як на адным дыханні, без вялікіх прастояў. Вядома, хацелася б большага – не задаволіла ўраджайнасць зерневых і зернебабовых у 26,2 цэнтнера з гектара і валавы збор у 5215 тон. Праўда, вельмі парадаваў яравы і азімы рапс, якога сабралі 943 тоны пры ўраджайнасці 22,6 цэнтнера з гектара.

Да слоў кіраўніка далучаецца галоўны аграном Васіль Курак, які працуе ў гаспадарцы з 2008 года, а земляробчай справе прысвяціў не адно дзесяцігоддзе:

– Праблем на ўборцы хапае заўсёды, дарагая кожная хвіліна. Але сёлета ўсё прайшло спакойна, зладжана. Работнікі былі на сваіх месцах, да абавязкаў ставіліся адказна. У такі гарачы час  многа значыць чалавечы фактар. Калі ў людзей ёсць запал, жаданне перамагаць, ісці наперад, то яны справяцца. Таму і добрыя вынікі не прымусілі сябе доўга чакаць.

А ганарыцца «Дварэцкаму» ёсць кім. На абласных «Дажынках» з галоўнай сцэны тройчы прагучала назва гаспадаркі, а яе ўмелыя і адданыя любімай справе працаўнікі ўзнімаліся за ўзнагародай. Гэта Сяргей Калюціч і Мацвей Мацкевіч, якія сярод экіпажаў зернеўборачных камбайнаў занялі трэцяе месца ў спаборніцтве. На сваім “Джон-Дзіры” яны ўбралі 674 гектары плошчаў і намалацілі 1663 тоны збожжа. Сяргей Уладзіміравіч і Мацвей Іванавіч сёлета пабывалі на падобным мерапрыемстве ў трэці раз пасля Ляхавіч і Камянца.

Другое месца ў вобласці сярод вадзіцеляў на перавозцы зерня ад камбайнаў традыцыйна пакарылася Уладзіміру Кіндруку – у мінулым годзе ён быў на такой жа прыступцы сярод узнагароджаных. Яго сёлетні вынік на аўтамабілі “ГАЗ-САЗ-3507” складае 1595 тон. Працуючы ў роднай гаспадарцы з 1980-га, ён мае такі багаты вопыт, што пераўзысці паказчыкі маладзейшым калегам вельмі складана.

Тым не менш, яны да гэтага шчыра імкнуцца. Аляксандр Казун на такой жа тэхніцы не дае моцна расслабляцца. Ён закончыў жніво з вынікам 1350 тон перавезенага зерня, і таксама прызнаны пераможцам абласнога спаборніцтва, заняўшы трэцяе месца. Увогуле на перавозцы збожжа ад камбайнаў у “Дварэцкім” сёлета вызначыліся чатыры тысячнікі. Уладзімір Яраховіч дасягнуў адзнакі ў 1158 тон, Анатоль Яцушкевіч паспеў даставіць 1152 тоны. 

З цяжкасцямі сёлетняя ўборачная кампанія давалася экіпажу камбайна ў складзе неаднаразовага пераможцы мінулых год Аляксандра Кіндрука і яго памочніка Сяргея Ільючыка. Некалькі самых гарачых дзён давялося прастаяць на рамонце, і пераўзысці дасягненні калег было вельмі складана. Тым не менш, у раённым спаборніцтве яны выйшлі на запаветны рубеж і маюць трэці вынік – 1129 тон. Прыемную навіну Аляксандр Іванавіч прыняў з радасцю – па-ранейшаму гарыць запальны агеньчык у вачах, не страціў яшчэ цягі да перамогі. А Сяргей Іванавіч працуе ў сельгаспрадпрыемстве сезонна.

Яшчэ адзін экіпаж камбайна ў складзе Юрыя Калюціча і Генадзя Мірановіча на “КЗС-1218” сёлета дасягнуў намалоту ў 1235 тон. Згодна з умовамі, яны не ўдзельнічаюць у раённым спаборніцтве, бо тэхніка эксплуатуецца толькі трэці год. Але старанныя працаўнікі атрымалі віншаванні і падарункі ад прафкама гаспадаркі і, што не менш важна, набылі вопыт, каб у будучым заявіць пра сябе больш упэўнена, дагнаць і пера-гнаць калег.   

Пасля жніва паспакайнела на тэрыторыі “Дварэцкага”. Ідзе нарыхтоўка кармоў, апрацоўка глебы. Ужо зараз закладваюцца віды на будучы ўраджай-2018. Якім ён будзе – залежыць ад надвор’я, фінансавай стабільнасці і людской стараннасці. Пазі-раючы на загарэлыя і ўпэўненыя твары земляробаў, можна не сумнявацца, што ўсё залежачае ад іх яны зробяць. А яркі і запамінальны фестываль ушанавання рупліўцаў хлебных ніў падорыць стомленым фізічнай работай людзям прыемныя імгненні радасці і адпачынку. Яшчэ раз засведчыць, што праца на зямлі была і застаецца адной з самых важных, патрэбных і ганаровых.

Add Comment

Войти с помощью: