Стараннасць мазолістых рук працаўнікоў «Хваецкага»

Сельскагаспадарчы год мінуў «залатую сярэдзіну» і павольна рухаецца да свайго завяршэння. Чорная ралля паспела за некалькі месяцаў ператварыцца ў зялёную шумлівую ніву, аддаць людзям вырашчаны ўраджай, і зноў стаць своеасаблівым плацдармам для будучых тон і кілаграмаў.

Адспявала жніво рокатам камбайнаў, вызначыліся лідары на нарыхтоўцы кармоў. Але работы ў сельскай гаспадарцы не спыняюцца ні на хвіліну – кожны дзень патрабуе ад вяскоўцаў стараннасці, адказнасці і ўмення. Ледзь толькі перавялі дыханне пасля дажатага апошняга коласа, як адразу некалькі спраў прыспешваюць аграрыяў, прымушаюць не расслабляцца.

У дзяржаўным прадпрыемстве «Хваецкае» таксама хапае клопатаў. Кіпіць работа на плошчах, адведзеных пад азімы рапс. Механізатар Валянцін Кавалевіч на энерганасычаным трактары «МТЗ-3022» паспеў пасеяць яго на плошчы 190 гектараў. Чацвёрты год працуе на ім руплівец. За гэты час тэхніка ні разу не падвяла, дапамагаючы выконваць і перавыконваць заданні.

Родам Валянцін з Багданаўкі. Адтуль і жонка Аксана, якая працуе гардэробшчыцай у школе. Сёлета сям’я Кавалевічаў сутыкнулася з новымі прыемнымі клопатамі – сын Віталь стаў студэнтам. У Гомелі ён атрымлівае спецыяльнасць інжынера-электрамеханіка. Дачушка Насця пайшла ў 4 клас, таму ў старэйшых ёсць надзейная і старанная памочніца па дому.

Вадзіцель Васіль Лазько  ў час наведвання гаспадаркі рамантаваў свой «ГАЗ-53». Машына добра паслужыла ў гарачы час, таму цяпер наспела неабходнасць перагледзець некаторыя вузлы, каб пазбегнуць большых паломак. За баранкай аўтамабіля ў родным сельгаспрадпрыемстве Васіль Андрэевіч з 1980 года. Перад арміяй быў трактарыстам, а пасля вяртання перасеў на больш хуткасны транспарт, і назаўсёды вызначыўся з любімай прафесіяй. Сёлета яго вынікі на ўборцы саставілі 492 тоны перавезенага збожжа.

На жаль, некалькі месяцаў таму Васілю Андрэевічу давялося перажыць цяжкую страту – не стала жонкі Ганны Антонаўны. Супакаенне растрывожанаму сэрцу бацька і дзядуля знаходзіць у нашчадках: дачка жыве ў Маларыце, сын – у Палескім. У госці часта прыязджаюць з чатырма ўнукамі.

Параўнаўча нядаўна Васіль Дуньчык змяніў грузавы аўтамабіль, на якім адпрацаваў 20 год, на камбайн «КЗС-12» і корманарыхтоўчы комплекс «КВК-800». Ды шкадаваць аб пераменах у сваім жыцці працаўнік не збіраецца, бо новыя абавязкі дапамаглі яму 8 сезонаў запар трымаць лідарства ў гаспадарцы падчас уборачнай кампаніі.

Атрымлівалася станавіцца і “тысячнікам” па намалотах, а вось сёлета дабіцца жаданага выніку перашкодзіла не вельмі высокая ўраджайнасць зерневых. Старанны механізатар нарыхтаваў 3000 тон сенажу, 850 тон зернесенажу, а зараз працуе на нарыхтоўцы зялёнай масы з кукурузы, дзе вынік на дадзены момант перасягае больш як дзве тысячы тон. У асабістым жыцці ёсць чым ганарыцца – мае двух дарослых сыноў Васіля і Андрэя.

Ведае ўсе тонкасці ўборачнай кампаніі і Мікалай Цяльпук, які ў гаспадарцы з 2000 года. На камбайн у час жніва ён перасядае з “Амкадора-352”, на якім пастаянна выконвае самыя разнастайныя даручэнні, асноўнае з якіх – трамбоўка сянажнай масы. Каля трох тысяч тон сакавітага корму якасна закладзены ў траншэі з дапамогай яго шматгадзіннай работы.

Малады чалавек закончыў сярэднюю школу №4 у Лунінцы. Затым змяніў гарадское жыццё на вясковае. Паспрыяла гэтаму вырашэнне жыллёвай праблемы, калі з сям’ёй атрымалі ўтульны дом, пабудаваны па праграме адраджэння вёскі. Жонка Ірына родам з Палескага, па прафесіі – аператар машыннага даення. Толькі прыступаць да работы ёй пастаянна перашкаджаюць іншыя вельмі важныя клопаты – жанчына знаходзіцца ў чацвёртым водпуску па догляду за дзіцём. Маленькаму Ігнату ідзе толькі другі месяц, Марк рыхтуецца стаць першакласнікам наступнай восенню, Алёна вучыцца ў 4 класе, Антон – у сёмым. Мнагадзетная вясковая сям’я падае калегам і знаёмым годны прыклад умення не звяртаць увагі на паўсядзённыя цяжкасці.

Механізатары “Хваецкага” – людзі розных узростаў, розных лёсаў. Аб’ядноўвае іх цяжкая праца, якую выконваюць з агульнымі мэтамі – узняць паказчыкі па роднай гаспадарцы, прынесці дадому добры заробак. Няхай часам не адразу ўсё атрымліваецца, да выпрабаванняў ставяцца з разуменнем. Яны быццам зусім не стамляюцца кіраваць складанай тэхнікай, якая становіцца паслухмянай у мазолістых умелых руках.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.