У “Вулькаўскім світанку” працягваецца ўборка бульбы

Убраць, адсартаваць і захаваць. Такія задачы паўстаюць перад аграрыямі, занятымі вырошчваннем бульбы.

У ААТ “Вулькаўскі світанак” да яе ўборкі прыступілі крыху больш як ты-дзень таму. Вадзім Соц і Мікалай Паўловіч накіраваліся на аддалены ўчастак, а другі экі-паж у складзе камбайнера Уладзіміра Яраховіча і механізатара Анатоля Ермаковіча атрымаў заданне пачаць работу на бліжэйшым полі. Працаўнікі яны вопытныя, маюць не адзін год стажу. Першым узяўся за справу трактарыст Іван Валасевіч, які са спецыяльным прыстасаваннем скошваў бацвінне. За ім без прамаруджвання вострыя нажы камбайна ўрэзаліся ў зямлю, і, пабліскваючы на сонцы яркай жаўцізной, першыя буйныя клубні дружна пасыпаліся ў бункер. Як толькі ён напоўніўся, на ўзмежку паявіўся трактар з драўлянымі кантэйнерамі, у якія акуратна “перавандраваў” ураджай “другога хлеба”. Яго далейшы шлях пралягаў да бульбасховішча, дзе работа таксама кіпела без перапынку.

Нагадваючы казачны транспарт, па тэрыторыі рухаецца невялікі агрэгат, які перавозіць кантэйнеры пад умелым кіраўніцтвам Мікалая Вераса. Вось ён высыпае ў сартавальны бункер адзін з іх, тут жа адвозіць другі, напоўнены адборнай прадукцыяй, а на яго месца ставіць трэці, пусты. Затым віртуозна развярнуўшыся на месцы, выязджае на вуліцу, дзе разгружае трактар, што якраз вярнуўся ад камбайнаў з новай партыяй.

Перад закладкай на захоўванне ўсю бульбу даводзяць да ладу на спецыяльным абсталяванні. Сартавальная ўстаноўка дзеліць яе на тры віды – харчовую, насенную і кармавую. Вось тут і задзейнічаны старанныя рукі паляводаў Івана Шчатко, Вольгі Паўловіч, Івана Сарокі,  Надзеі Яраховіч, Наталлі Яраховіч, Надзеі Вярэніч, ад пільнага позірку якіх не схаваюцца пашко-джаныя клубні і смецце. Ім ёсць з каго браць прыклад стараннасці. Брыгадзір Вера Вячорка паспявае трымаць пад кантролем увесь рабочы працэс. Кіраўніцтва ведае, дзе Вера Сцяпанаўна – там будзе парадак.

Па словах галоўнага агранома Валерыя Паўловіча, сёлетні ўраджай “другога хлеба” складае 288 цэнтнераў з гектара. Але якім будзе канчатковы вынік, меркаваць цяжка, бо ўбрана толькі 29 гектараў, што складае 16 працэнтаў плошчаў, занятых бульбай. Ураджайнасць адрозніваецца: на адным полі адчуваецца недабор, затое на іншым – клубні ўрадзілі проста на зайздрасць. Ёсць упэўненасць, што гэтай восенню паказчык будзе вышэйшым за мінулагодні.

Валерый Міхайлавіч працуе тут з 1978 года, больш як два дзесяцігоддзі – на сённяшняй пасадзе. Вопытнаму земляробу ёсць з чым параўноўваць вынікі. Сам ён задаволены, што некалі ў юнацтве вырашыў застацца на малой радзіме. Не надакучыла пастаянна бачыць аднолькавыя краявіды палёў і сенажацей. Адзінае што хвалюе – цяпер мала хто з сельскай моладзі выбірае прафесію, звязаную з працай на зямлі. Асабліва адчуваецца дэфіцыт трактарыстаў.

Кожны восеньскі дзень набліжае земляробаў да зімы, да снегу і замаразкаў, калі вымушана завершацца ўсе палявыя работы. Таму як і спрадвеку, сялянская праца не выконваецца па гадзінніках, тут больш увагі надаецца надвор’ю. Нават па выхадных у гаспадарцы не сціхае гул тэхнікі. Імкнучыся сабраць вырашчанае, людзі не стамляюцца шчыраваць кожны на сваім участку. А дзякуючы добрай арганізацыі працы, усё атрымліваецца зладжана і своечасова.

Add Comment

Войти с помощью: