Ардэнаносны  шлях жыццёвы

З нагоды Дня пажылых людзей старшыня раённага савета ветэранаў Надзея Лазіцкая, ганаровы грамадзянін Лунінца Павел Дабрынец і старшыня пастаяннай камісіі па ўвекавечанню памяці загінуўшых воінаў савета ветэранаў Канстанцін Гоман з віншаваннямі і прадуктовымі наборамі наведаліся ў госці да ардэнаносцаў. Такія паездкі арганізоўваюцца штогод, і кожны раз выбіраюцца новыя адрасы ў мэтах не пакінуць без увагі ні адзін населены пункт. Сёлета накіраваліся па вёсках Гарадоцкага і Лахвенскага сельсаветаў.

Першым прыпынкам стала сядзіба Міхаіла Якубовіча ў Кажан-Гарадку. Гасцей прыемна здзівіла тая акалічнасць, што па ранейшых звестках гаспадар меў адзін ордэн, ды на самай справе Міхаіл Пятровіч паказаў два – Працоўнага Чырвонага Сцяга і ордэн Леніна. Высокія ўзнагароды атрымаў за работу на гусенічным трактары ў калгасе “Маяк камунізму”.

Дагэтуль у памяці бязмежныя прасторы, якія кроіў на лусты агрэгат пад яго ўпраўленнем, пера-твараючы пустку ці балоты ў мяккую глебу. Пазней працаваў загадчыкам майстэрань і брыгадзірам. Мае тры дачкі і сына, якія даўно стварылі свае сем’і і жывуць асобна. 83-гадовы бацька чакае іх у госці разам з унукамі і праўнукамі. Свае клопаты ён раздзяляе з жонкай Марыяй Сцяпанаўнай, сумесна перамагаючы розныя хваробы.

Яшчэ адзін дом у гэтым жа аграгарадку сустрэў незвычайнай утульнасцю і прыгажосцю з вышыванак. Ганна Вайцяхоўская захаплялася рукадзеллем усё жыццё, але гэта не перашкаджала дасягаць працоўных перамог. Некалькі год яна была даяркай, а потым да самай пенсіі завіхалася на птушкаферме. Маленькія жоўтыя качаняты пад яе старанным доглядам хутка дасягалі патрэбнай вагі.

Ганна Мікалаеўна таксама адкрыла дзве скрыначкі з ордэнамі – Кастрычніцкай Рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга. Побач у дарагой сэрцу скарбонцы ляжаць яшчэ дзве ўзнагароды такога кшталту. Іх быў удастоены нябожчык-муж Міхаіл, які не так даўно пайшоў з жыцця. Мамінымі і татавымі дасягненнямі ганарацца дзве дачкі, якія жывуць у Мінску і Маскве.

Далей звілістая дарога прывяла ў Лахву, дзе пастукаліся ў веснічкі да Васіля Пятніцы. Сёлета гаспадар дасягнуў 80-гадовага ўзросту, з жонкай Аляксандрай Раманаўнай яны разам сустракаюць 57-ую восень жыцця. Сын жыве ў роднай вёсцы, адна дачка ў Брэсце. А вось наведацца ў госці да другой аслабелым бацькам складана – яна асталявалася ў далёкім Брацку.

Двух ордэнаў Славы II і III ступені Васіль Сцяпанавіч быў удастоены за працоўныя дасягненні ў калгасе “Перамога”, дзе ўсё жыццё шчыраваў на трактары. З’ездзіў некалькі адзінак тэхнікі, ведаў кожны куточак ворнай зямлі. Фотаздымак таго далёкага часу нагадвае пра былую маладосць, калі не адчувалася стомы, дапамагалі запал і жаданне ствараць.

Яго аднавяскоўка Вольга Вішнявецкая перасягнула жыццёвую мяжу ў 92 гады. Самаадчуванне вельмі пагоршылася апошнім часам, не атрымалася пагутарыць і асабіста ўручыць падарункі. Скрыначку з узнагародамі дастаў сын. Беражліва трымаючы ў далонях ордэны Знак Пашаны і Кастрычніцкай рэвалюцыі ён прыгадаў важнейшыя эпізоды са свайго маленства і матулінай працоўнай славы.

Ад пачатку стварэння калгаса Вольга Карпаўна была ў ліку лепшых рупліўцаў, бралася за любую работу. А неўзабаве ёй даверылі ўзначаліць агранамічную службу. Клопатаў хапала кожны дзень ад цямна да цямна. Добрыя ўраджаі гаспадарка мела ў нечым і дзякуючы яе стараннасці. Да выхаду на заслужаны адпачынак жанчына не здрадзіла выбранай дарозе.

38 год працоўнага стажу ў яе зямлячкі Марыі Байда, якая ўдастоена ордэна “Знак Пашаны”. І цяпер жанчына не забыла пра той неспакойны час, калі неабходна было паспяваць уладкаваць дамашнія справы і бегчы на ферму, дзе штодзённай увагі чакалі цяляткі.

У асабістым жыцці яна перажыла цяжкую страту. У 40 год памёр сын, аплакваць якога не перастае дагэтуль, хаця трагедыя здарылася даўно. Матулю імкнуцца супакоіць яшчэ трое дзяцей, 8 унукаў і 10 праўнукаў.

Кузьма Буневіч свае ўзнагароды, у тым ліку ордэн “Знак Пашаны”, часова аддаў на выставу ў школьны музей. Шчыра падзякаваў гасцям за віншаванні, бо здарылася такое ўпершыню за 25 год. Працоўную дзейнасць прысвяціў жывёлагадоўлі ў калгасе “Новае Палессе”. Пачынаў ветэрынарам, а пасля заканчэння сельгасакадэміі 32 гады быў галоўным заатэхнікам.

Жонка Ганна Апанасаўна ўсё жыццё працавала настаўніцай пачатковых класаў. Маюць трох сыноў, якія цяпер прысылаюць весткі з Масквы, Тульскай вобласці і Івацэвіч. Сімвалічна, што сям’я Буневічаў асталявалася ў Любані на вуліцы Сцепчанкі. Менавіта пад кіраўніцтвам гэтага легендарнага старшыні гаспадарка дасягала лепшых вынікаў у рабоце.

Вёска Лахаўка аказалася самай багатай на ардэнаносцаў. Першым наведалі Паўла Лушчыка, які мае ордэны Леніна і Кастрычніцкай рэвалюцыі. 40 год ён працаваў брыгадзірам у калгасе, з’яўляўся дэлегатам партыйных з’ездаў, ездзіў на ВДНГ, некалькі скліканняў быў мясцовым дэпутатам і старастам.

Усё атрымлівалася, бо ў Паўла Васільевіча надзейны тыл – з жонкай Лідзіяй Іванаўнай разам ідуць па жыцці на працягу 62 год! Былы перадавік лічыць, што дзякуючы ёй дасягаў сваіх перамог. Рос сіратой, затое тры дачкі ўдосталь атрымалі сямейнага цяпла. На жаль, даўно не стала адзінага сына…

У цішыні праходзяць ранкі і змярканні іх аднавяскоўкі Марыі Дукарэц. Яна ніколі не мела сваёй сям’і, не нарадзіла дзяцей. Кажа, не знайшлося добрага чалавека. Магчыма, дасягнуць большага ў асабістым жыцці перашкодзіла прафесійная стараннасць – з юнацтва і да старасці нязменна была даяркай, вечары праводзіла не на гулянках, а на ферме. Ордэн Працоўнай Славы III ступені атрымала за высокія надоі і 38 год працоўнага стажу.

Зараз жанчына хварэе, не можа самастойна хадзіць. Нават па хаце рухацца ёй вельмі цяжка. Прасіла паса-дзейнічаць з прызначэннем групы інваліднасці. Пакуль не вырашана пытанне і з сацыяльным работнікам, па дому дапамагаюць родзічы ці суседзі. Падведзены прыродны газ, спраўная грубка, таму не палохае надыход халадоў.

Яшчэ адна іх зямлячка Марыя Захаркевіч у свой час паспрабавала сілы ў розных якасцях. На свінарніку даглядала парасят, на малочнатаварнай ферме даіла кароў, на птушніку была простай рабочай, потым – загадчыцай. Усюды розная спецыфіка, ды патрабаванні аднолькавыя – стараннасць, адданасць, руплівасць. І яна нідзе не здавалася, аб чым сведчыць ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Марыя Якаўлеўна адна гадавала дачушку Ганначку. Усяго наглядзелася, за любую мужчын-скую работу бралася. Не здаецца хваробам і цяпер, ледзь падужае выйсці на вуліцу, але ўсё імкнецца рабіць самастойна. Ды вялікі пакунак з таблеткамі ўсё часцей нагадвае пра ўзрост, які перасягнуў 83-годдзе.

З 15 год пайшла працаваць даяркай яшчэ адна жыхарка Лахаўкі Таццяна Янковіч. У сям’і было сямёра дзяцей, таму дзяўчынка спяшалася навучыцца атрымліваць свой кавалак хлеба. Хутка выйшла ў пераможцы і ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Калі заявілі пра сябе праблемы са здароўем, уладкавалася мыйшчыцай малочнага абсталявання. Заробак быў невялікі, адпаведная і пенсія.

Таццяна Аляксееўна лічыць сябе пакрыўджанай. Надзея Ла-зіцкая паабяцала ва ўсім разабрацца. Сапраўды, было ніякавата ад адчування, што працаўніца, якая атрымала такую высокую ўзнагароду ад дзяржавы, зараз не мае ніякіх ільгот ці даплат. Разам з мужам Міхаілам Андрэевічам выгадавалі чацвёра дзяцей.

Розныя лёсы ў ардэнаносцаў, розныя праблемы. Аб’ядноўвала ўсіх агульнае – гонар за пройдзенае і дасягнутае. У паездцы прынялі ўдзел старшыня Гарадоцкага сельвыканкама Іван Зубко і старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі Лахвенскага сельвыканкама Канстанцін Піліпцэвіч. Прыемна было ўпэўніцца, што ўсе ветэраны працы, з якімі пашчасціла пазнаёміцца, выпісваюць “Лунінецкія навіны”. Яны дагэтуль жывуць клопатамі раёна, хочуць быць у курсе ўсіх падзей.

Add Comment

Войти с помощью: